Андрэй Хадановіч: «Татка і паэт у адной асобе – папуліст»

Для паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча гэта першая спроба пісаць для дзяцей, да якой прывяла татальная незадаволенасць беларускай дзіцячай літаратурай. Але гэта не азначае, што паэт Хадановіч назаўжды сышоў у свет дзяцінства: дарослыя вершы па-ранейшаму пішуцца, запэўнівае ён. Малаўзроставая ж аўдыторыя ў пэўным сэнсе выявілася нават больш складанай:

“Было нязвыкла і трохі боязна, – распавядае паэт. – Калі цябе слухаюць студэнткі-філолагі, заўсёды проста задурыць галаву – фармальнымі прыёмамі, цытатамі, алюзіямі, карацей, ёсць мільён заманух для дарослых, каб яны паверылі, што верш добры. Падмануць дзіця нельга: калі верш нецікавы, яно проста не даслухае, не вывучыць на памяць”.

Музай і першай слухачкай вершаў стала юная Алена Андрэеўна – дачка Хадановіча. Праз яе штодзённыя прыгоды тата апісаў сітуацыі, знаёмыя усім бацькам.

“Мой лірычны герой ніколі яшчэ не быў такім набліжаным да аўтара”, – смяецца паэт. Кармілі качак, сутыкнуліся з праблемай чаргавання шакаладных цукерак і баршчу, чысцілі зубы, гайдаліся на арэлях – усё гэта ўмомант рабілася сюжэтам для вершаў. Тут ёсць творы пра ровар, а ёсць пра коўзанку, пра катанне на арэлях і скаканне на батуце, пра Першага верасня і пра Новы год ды “сустрэчу са спадаром з падарункамі і яго спадарожніцай”.

“Дзесьці на пятым творы адбылася, як кажа Дон Карлеонэ, прапанова, ад якой цяжка адмовіцца: “Татка, а напішы вершык пра…” З гэтага моманту маеш вольны час ці не, хочаш, не хочаш, а трэба пісаць. Татка і паэт у адной асобе – папуліст, свайму слухачу спадабацца хацелася”.

Па кнізе, якая складалася некалькі гадоў, можна назіраць, як расла дачка, а разам з ёй і тата-аўтар. У першых тэкстах — гукаперайманне і крычалкі для самых маленькіх. У сярэдзіне ўжо можна знайсці хуліганскія гульні з мовай (“Чаму шкарпэтка – не шкарпятка?”), а ў канцы кніжкі ёсць верш, які выклікаў недзіцячую шуміху ў інтэрнэце: “Ён пра бацькоў, якія наракаюць на рэжым у сваёй краіне і ў той жа час ладзяць рэжым сваёй дачцэ. Думка празрыстая – усякая свабода пачынаецца ўнутры сям’і”.

Пакуль дзеці таратораць абсурдныя вершы на памяць, начытаныя бацькі могуць паспрабаваць пашукаць у іх алюзіі. “Пішучы пра зубную шчотку, мне было цікава бавіцца ў Павіча, зрабіўшы версію для дзяўчатак і для хлапцоў. А калі пісаў пра паход да фантану, я пералічаў міма чаго мы ішлі – “міма шыльдаў, міма крамаў, міма ровараў без рамаў, міма лавак, міма клумбаў, міма тэатральных тумбаў”. А ў галаве гудзеў Бродскі: “Мимо ристалищ, капищ, мимо храмов и баров”. То бок пойзастмадэрнізм застаўся, але ён стаў глыбей закапаны”.

Пакуль кніга чакала выхаду на радзіме, тэксты былі перакладзеныя на нямецкую мову і нават выдадзеныя па-ўкраінску. Малюнкі для беларускай кнігі зрабіла мастачка Наталля Кійко. “Мне падабаецца, што драйв стылістыкі тэкставай супадае з візуальным, – кажа Хадановіч. – Такі лёгкі дзіцячы панк, які ніяк не супярэчыць сістэмам сусветнай педагогікі”.

Чаму варта падпісацца на кнігу?

Выдае і распаўсюджвае “Нататкі таткі” журналіст і папулярызатар усяго беларускага Глеб Лабадзенка. Фармат падпіскі ім ўжо шматкроць апрабаваны – такім чынам выходзілі кнігі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, выданне самога Лабадзенкі “Дзіцячая замова”.

“Мне распавялі, што я тут ровар не вынайшаў. За савецкім часам, аказваецца, многія кнігі выходзілі па падпісцы. І нават макулатуру трэба было здаваць, каб атрымаць права на яе, – кажа Глеб Лабадзенка. – На нашыя кнігі падпісантаў сотні, а дзе і тысячы. Цешыць, што некаторыя людзі падпісваюцца з разу ў раз, хтосьці набывае адразу некалькі кніг”.

Падпіска мае відавочныя плюсы ва ўмовах дзіўных законаў беларускага кніжнага рынку. Выдавец, напрыклад, можа загадзя ацаніць, колькі чытачоў гатовыя кнігу набыць і, адпаведна, быць смялейшым у вызначэнні колькасці асобнікаў. Чытач жа мае магчымасць істотна сэканоміць, набываючы кнігу да таго, як яна трапіць у кнігарні, дзе нацэнка даходзіць да 80%.
Падпіска не абавязвае набываць кнігу – хтосьці падпішацца, але не прыйдзе і не купіць, а нехта набудзе дзве ці тры. “За такой сістэмай будучыня, пакуль наш кніжны рынак не нармалізуецца і не зробіцца камфортным для ўсіх удзельнікаў літпрацэсу”, – лічыць Андрэй Хадановіч.

“Нататкі таткі” будуць каштаваць па падпісцы прыкладна 120–130 тысяч рублёў, – паведамляе Глеб Лабадзенка. – Гэта 80 старонак каляровага якаснага друку ў цвёрдай вокладцы, вельмі прыгожая, яркая дзіцячая кніга”.

На тое, каб набыць “Нататкі таткі” танней, засталося ўсяго два-тры дні.

Падпісацца на кнігу можна тут 

Аляксандра Дорская, budzma.by