Андрэй Хадановіч: Важна падтрымліваць тых, хто з рускай спрабуе перайсці на беларускую

«У нас раўнапраўе»

— Калі мы з Вамі дамаўляліся аб інтэрв’ю, Вы казалі, што Вам варта параіцца з жонкай, калі ў Вас будзе вольны час. Як у Вашай сям’і адбываецца раздзяленне сямейных абавязкаў?

— Мы разам гадуем нашу дачку, якой восем год і якая ходзіць у школку, прадлёнку, а таксама ва ўсякія секцыі — пераважна музычныя. Яна займаецца фартэпіяна, сальфеджыа, хорам. А мы з жонкай рэгулярна выкладаем у розных навучальных установах, таму ўвесь час дамаўляемся, хто, напрыклад, забярэ малую са школы, а хто пойдзе на лекцыі ці будзе прымаць залікі. У гэтым сэнсе ўсё больш-менш раўнапраўна. Некалькі разоў на тыдзень я прачынаюся ні свет ні зара, каб адвесці малую ў школу, некалькі разоў гэта робіць жонка. Праўда, жонка ўсё адно прачынаецца раней, каб пакарміць дачку: яна гатуе лепей. Таму яна больш церпіць ад ранішніх пад’ёмаў.

— Да шляхетнай паненкі з Заслаўя
Так нядоўга каханнем палаў я.
Я сказаў ёй: «Мужчыны
Порткі праць не павінны!»
А паненка: «У нас раўнапраўе!»

Вашыя радкі?

— Так, мае радкі.

— Дык у Вас раўнапраўе ва ўсіх дачыненнях, ці толькі па пытаннях гадавання дачкі?

— Гэта лімэрык, загадзя жарт. Тое, што я пісаў ад першай асобы, не азначае, што герой — менавіта я. У кожным з гэтых ста лімэрыкаў мне важна было знайсці абсурдных герояў з абсурднымі якасцямі. Калі казаць пра літаратара Хадановіча, дастаткова таго, што герой, які адмаўляецца праць свае порткі, выглядае досыць абсурдна. Мне здаецца, гэта адказ на пытанне.

— Але літаратар Хадановіч цвік у хаце забіць умее?

— Часам заб’ю. Не буду ўдакладняць, колькі разоў пры гэтым траплю па пальцы, колькі цвікоў будзе выкарыстана, але штосьці даводзіцца рабіць. Але ж высокакласным «майстрам на гадзіну» ў іншых кватэрах ці складаных пытаннях (з электрыкай звязаных, напрыклад) у сваёй хаце я, на жаль, быць не магу. Нешта прымітыўнае, што цяжэй зламаць ці сапсаваць, можна мне даверыць.

— А ўвогуле, як жывецца ў такой сям’і гуманітарыяў?

— Адкажу з іншага канца. Такой сям’і не было б, калі б мы не вучыліся разам з Марынай на філфаку БДУ, а потым у аспірантуры. Мы доўга сябравалі перад тым, як рызыкнуць і стварыць сям’ю. Мы разам з 1998 года, а з 2006 нас трое ў сям’і. Так што філалогія, гуманітарныя навукі падштурхнулі да стварэння сям’і. Я думаю, гэта значны плюс, бо мы маем вялікую колькасць рэчаў, якія не трэба тлумачыць адно аднаму. Бывае ў некаторых сем’ях, што ў мужа і жонкі розныя сферы цікаўнасці, і яны не лезуць у чужыя. А мы можам па-добраму ўлезці ў сферы зацікаўленняў адно аднаго. Я з павагай стаўлюся да выкладчыцкай і перакладчыцкай дзейнасці Марыны, бо таксама выкладаю і перакладаю. У нас адно на дваіх вялікае захапленне польскай і ўкраінскай літаратурай, толькі мы падзялілі сферы ўплыву: я перакладаю паэзію, а яна — прозу.

Марына можа быць першым чытачом таго, што я наваяў як паэт ці перакладчык. Я магу быць чытачом і рэдактарам яе перакладаў. Калі ў нас у хаце быў адзін камп’ютар, былі пэўныя цяжкасці — трэ' было рэзерваваць працоўны час і штурхацца локцямі ля манітора. Цяпер ужо, акрамя стацыянарнага камп’ютара, у кожнага ёсць нэтбук, таму такой праблемы няма.

— Андрэй Хадановіч пісаў сваёй будучай жонцы вершы? І ўвогуле, як атрымалася зрабіць уражанне на сваю аднакурсніцу?

— Марына расказвае, што, калі мы здавалі на першым курсе ўводзіны ў літаратуразнаўства, гэта быў апошні экзамен у сесіі, я быццам бы не падказаў ёй, ведаючы адказ. Ці ведаў я той адказ? Сёння ўжо цяжка сказаць. А ўвогуле, я мог прынесці і паказаць Марыне нейкую цікавую кніжку, напрыклад, Рэмбо ці Апалінэра, і мы маглі на лекцыях яе гартаць. Маглі абменьвацца недзе на палях канспектаў нейкімі паведамленнямі. Зразумела, былі там і вершаваныя экспромты. Мне здаецца, Марына ад самога пачатку была для мяне не толькі музай, але і літаратурным крытыкам. Нешта я мог пісаць асабіста ёй. Але часта я мог пісаць на нейкую трэцюю тэму і ёй паказваць. Ёсць у мяне графаманская жылка — мне даволі лёгка напісаць некалькі рыфмаваных радкоў. Але мая лянота гэта ўраўнаважвае — калі няма патрэбы ці моцнага адчування, што варта адарваць сваё «працоўнае месца» ад канапы і дабегчы да нататніка, дык я і не адрываю. Але жаданне нечым падзяліцца з Марынай заўжды было высокім, таму шмат чаго запісвалася. Зразумела, што ў мае 18—19 гадоў, калі мы вучыліся на філфаку, гэта было на рускай мове, бо вучыліся мы на рускім філфаку, а ўжо ў аспірантуры мяне накрыла беларускімі цікаўнасцямі, і мова, якой усё запісвалася, змянілася.

«Чуткі пра мае дасягненні былі перабольшаныя»

— У Ваш час як жылося хлопцу на філфаку?

— Нам неймаверна пашчасціла – у нашай групе на 30 чалавек было 5 хлопцаў. Гэта была найвялікшая хлапечая прысутнасць на факультэце. Я нават вывеў матэматычную формулу нашага курса — дзяўчат было, як хлопцаў у квадраце: 11 хлопцаў і 121 дзяўчына. «Фактар штаноў» заўжды ўлічваўся — хлопцам было лягчэй паступіць на філфак. Я гэта адчуў на сваёй скуры. Калі я здаваў свой уступны экзамен, экзаменатарка Людміла Аляксандраўна Шаўчэнка чакала нараджэння кожнага майго слова. Ёй, здаецца, больш хацелася майго паступлення, чым мне.

Атрымлівалася, што калі ты хлопец на філфаку, дык ты альбо ідэйны — сапраўдны паэт, аматар філалогіі, сябар кніжак, альбо скончаны раздзяўбай, зрэшты, тое і гэтае магло быць адначасова. Бывалі такія, што і кніжкамі зачытваліся, але рабілі гэта паміж адной піўнухай і другой. У гэтым плане на першым і другім курсе я быў яшчэ самым дысцыплінаваным. А потым зразумеў, што фактар залікоўкі вельмі важны. Мне ж яшчэ вельмі рана далі стыпендыю імя Кандрата Крапівы, пасля чаго я сябе пачаў жартаўліва называць «дыпламаваным бараном». І тры гады гэта давала добры фінансавы дадатак, ды і не ў кожнага рука падымецца сапсаваць такую залікоўку. Я зразумеў, што траціна лекцый – гэта тое, на што варта хадзіць. Траціна – на што трэба завітваць, але слухаць можна адным вухам, займаючыся сваімі справамі. А астатняя траціна – можна перайсці вуліцу і пайсці, скажам, у нацыянальную бібліятэку.

— Філфак. Маладому паэту Хадановічу дваццаць год. Можа ж і дах сарваць.

— Так я вам у адсутнасці адваката ва ўсім і прызнаюся.:) Скажу адно: чуткі пра мае дасягненні, што цыркулявалі па філфаку, былі ў шмат разоў перабольшаныя (у пэўны час у мяне была рэпутацыя лавеласа). А так напраўду ў мяне паэтычна-вадалейскі падыход да справы. Мне нашмат цікавей зрабіць уражанне і проста мець нейкі абсалютна платанічны кантакт з дзяўчынай. Яна можа быць прыгожая, мілая, але ўспрымацца найперш як суразмоўца: ёй можна штосьці расказаць, штосьці ад яе пачуць. Я не скажу, што такі ўжо адналюб ад прыроды. Проста ў маіх паводзінах ёсць такая кансерватыўная рэч: калі я знайшоў асобу, з якой можна ідэальна паразумецца, я сто разоў падумаю, перш чым памяняць яе на штосьці новае. А паразуменне з Марынай у мяне заўжды было цудоўнае.

— Да ўсіх гэтых фактараў Вы ж і з гітарай ужо былі знаёмыя…

— На жаль, я і цяпер з гітарай знаёмы пастолькі паколькі. Калісьці я хадзіў у школе на заняткі па гітары. Вучыўся іграць па нотах, ішло не вельмі. Потым знаёмы паказаў мне ў двары, у альтанцы, як гэта водзіцца, некалькі акордаў. І тут пайшло добра – на слых я ніколі не скардзіўся. Памятаю, што гэта была нейкая песня з рэпертуару Чэлентана, напісаная Тота Кутуньё. І я, абсалютна не ўяўляючы, што я спяваю па-італьянску, стараўся гнусавіць на ягоны манер. Пасля я заўважыў, што тыя пяць-шэсць акордаў пасуюць яшчэ да 80% мелодый, з якімі я сутыкаўся. Для мяне гэты было адкрыццё, супастаўнае з адкрыццём Калумбам Амерыкі. Бацькі мне пайшлі насустрач. Спачатку мне была падораная гітара «Барысаўдрэва», а потым чэшская «Крэмона». Я, вядома, патрыёт, але здагадайцеся самі, якая мне спадабалася болей. Гэтай «Крэмонай», ужо некалькі разоў паламанай, адрамантаванай і падклеенай, я карыстаюся і дагэтуль з пераменным поспехам. Ёй ужо пад 30 гадоў.

Я заўсёды нервуюся, калі мяне называюць бардам. Але склалася так, што сярод усяго, што я перакладаю, мне падабаюцца тры фантастычныя паэты, якія трымалі ў руках гітару, альбо ігралі на нечым яшчэ і спявалі. Канадзец Леанард Коэн, француз Серж Гензбур і паляк Яцэк Качмарскі. Я зразумеў, што дзеля гэтых любімых паэтаў я буду трымаць у руках гітару, буду вучыцца ў людзей, якія гэта ўмеюць лепш за мяне, буду намагацца рабіць беларускія версіі іх твораў, і не толькі перакладаць, але і спяваць.

— У тагачасным двары чалавек з гітарай – вялікі аўтарытэт.

— Я не затрымаўся з гітарай на раёнчыку, бо досыць рана захапіўся спортам. Гадоў з 14—15 я заняўся акадэмічным веславаннем. Таму кожнае лета, а часам на некалькі тыдняў і ў школьныя месяцы, я ездзіў на зборы. І ў агульнай суме да паступлення ва ўніверсітэт я праводзіў на такіх зборах каля траціны свайго часу. І вось там гэтая гітара страшэнна спатрэбілася. Людзі там былі розныя, тэста на IQ у нас не было. Хтосьці з маіх тых сяброў потым зрабіў бізнес у Беларусі і за межамі, а хтосьці паспеў пасядзець у турме. А іншы наш сябар паспеў павартаваць камеру са сваім былым калегам па спорце.

Але гітара прыводзіла ўсіх да агульнага назоўніка. Увечары, пасля трэніровак, усе збіраліся разам, было шмат слухачоў — падпявалі і нешта замаўлялі. Я ўжо тады зведаў гэтую карпаратыўную радасць, калі замаўляюць не заўсёды тое, што табе хочацца выканаць. Для мяне не праблема з першага разу штосьці падабраць і падпець, але ж хацелася спяваць, што любіш. Выходзіла не заўсёды, прыходзілася шукаць кампраміс. Напрыклад, будучы ахоўнік на Валадарцы не любіў слухаць Булата Акуджаву. А я любіў яго спяваць. А вось Аляксандра Разэнбаўма, якога я любіў значна менш, а цяпер яшчэ менш люблю, ён слухаў з большай радасцю.

— А ўвогуле які рэпертуар быў?

— На той момант у мяне былі два любімыя аўтары: Булат Акуджава і Уладзімір Высоцкі. У маіх бацькоў і іх знаёмых былі кружэлкі з запісамі гэтых творцаў. Я ведаў на памяць шмат дзясяткаў іх песень, нават не да канца разумеючы іх сэнсу. Зараз вось узгадваю: «Кант малинов и лошади серы». Які кант? Ясна, што не пра філосафа Канта. Але гэтае няведанне асобных слоў толькі дадавала магіі гэтым песням. Я з павагай стаўлюся да Лявона Баршчэўскага і Змітра Бартосіка, якія спрабуюць перакласці або пераспяваць іх па-беларуску — часам нават някепска выходзіць. Але для мяне гэта, відаць, заблізка, заінтымна. Аднак без Высоцкага і Акуджавы, магчыма, у мяне не склаўся б раман ні з Коэнам, ні з Качмарскім.

«Качмарскі – адзін з волатаў»

— Дарэчы, Качмарскі. Чым ён Вам так спадабаўся, што Вы аж запісалі цэлы альбом з ягонымі песнямі?

— Ягоныя творы я ведаю і люблю гадоў 15. Першы раз мне яго паказалі беларускія сябры ў Варшаве. Алесь Навіцкі, тады супрацоўнік польскага радыё для Беларусі, узяўшы ў мяне і калегі нейкае інтэрв’ю, шчоўкнуў пэўным тумблерам, і загучаў Качмарскі. Я палову слоў не разумеў — гэта быў мой першы візіт у Польшчу. Калега Навіцкі сказаў так: «Гэты чалавек пачынаў з вучобы ў Высоцкага, а потым засвоіў гэта і пайшоў яшчэ далей». Тут я паставіўся скептычна — Высоцкі на той момант быў адным з маіх багоў, як можна «пайсці далей»? Але я адразу злавіў энергетыку Качмарскага — адчуваўся нейкі напор і, канечне ж, цудоўная паэзія.

Да таго ж, на той момант я ведаў, што такое «Салідарнасць». Качмарскі быў адным з волатаў, змагаўся за незалежнасць, за свабоду. Я гэта шанаваў, але разумеў трохі спрошчана. А цяпер у мяне ёсць поўная анталогія ягоных тэкстаў, якая займае тысячу сто старонак — такая ладная таміна. І, пачытаўшы яе, можна зразумець, што ён не толькі і не столькі бард нейкага руху, якім бы добрым гэты рух ні быў. Ён абсалютна ўніверсальны. Ён найперш паэт вельмі высокай культуры. Гэта відаць і па тым, пра што ён пісаў і спяваў, і па тым, як ён гэта рабіў. Кожны радок адсылае да нейкага вобразу, які адсылае яшчэ далей.

Ён інтэлектуал у энным пакаленні. Ягоныя бацькі — знакамітыя мастачка і скульптар, ён выхоўваўся у адпаведнай атмасферы. Напрыклад, у яго ёсць альбом «Музей» — кожная песня адсылае да нейкага шэдэўра жывапісу. Паўстае дылема, якая і мяне сёння цікавіць: што спяваць? Тое, на чым ты выхоўваўся і што сам лічыш найлепшым, альбо тое, што гатовая ўспрымаць большасць? Зразумела, чым прасцейшы твор, тым большы можа быць розгалас. А вось Качмарскі мог паяднаць адно і другое — не саступаць нейкім густам, старацца падымаць свайго слухача да таго, што сам рабіў.

Увогуле, я б яшчэ 15 год сядзеў і баяўся да яго падступіцца, каб не з’явілася знешняй замовы. Такім замоўцам стаў былы польскі пасол у Беларусі Генрык Літвін, які вельмі любіў Качмарскага і хацеў, каб некалькі найлепшых беларускіх спевакоў выканалі ягоныя песні па-беларуску. Вырашылі, што гэта будуць Віктар Шалкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч і Андрэй Мельнікаў — кожны са сваім стылем і голасам. Для кожнага было па шэсць песень. Я падышоў да гэтага дысцыплінавана — зрабіў пераклады, здаў. Прайшоў год, другі, а далей нешта там не склалася. З’ехаў той пасол, можа, прайшоў час і паменела імпэту. Праўда, тэлефанаваў і пісаў Мельнікаў, мы дыскутавалі наконт адной песні, я нават нешта перапісаў. Яго гэта зацікавіла. А ад іншых творцаў зваротнай рэакцыі не было.

Здарыўся, праўда, снежань 2010-га, калі я на плошчы выгукнуў «Муры», і Вайцюшкевіч папрасіў у мяне тэкст перакладу і запісаў сваю версію песні. (Прынагодна высветлілася, што «Муры» раней перакладаў Лявон Вольскі, але ў яго не дайшло да запісу песні. Таксама ў часы разгону Беларускага гуманітарнага ліцэя гэтую песню па замове пераклаў Рыгор Барадулін. Таму фактычна я перакладаў трэці раз).

Калі я потым сам стаў рыхтаваць альбом, то пакінуў з тых песень палову — тое, што мне самому падабалася найбольш, а таксама яшчэ дадаў некалькі новых перакладаў. І выйшла ўжо не 18, а 15 песень, з якімі я звярнуўся да музыкаў. У мяне даўно добрыя кантакты з Воляй Падгайскай і Віталём Эпавым — гэта былы гурт «Рацыянальная дыета», яны пішуць і выконваюць музыку найвышэйшага класу. Яны запрасілі да праекту яшчэ некалькі людзей — акардэаніста Аляксандра Буцько, гітарыста Андрэя Еўдакімава і гукарэжысёра — берасцейца Андрэя Багданава. Да яго мы і ездзілі ў госці ўсё гэта пісаць. Я Вользе і хлопцам страшэнна ўдзячны за цярплівасць і разуменне, за тое, як яны са мной працавалі, спакойна падказваючы мне, як лепей рабіць, і карэктуючы мае памылкі. Высветлілася, што адну з гэтых 15 песень я спяваць не магу — проста не цягну, і яна адпала. Гэта песня «Касандра», тая самая, за якую хваляваўся Аднрэй Мельнікаў. Таму цяпер ён можа спакойна яе спяваць, калі хоча.:)

Альбом атрымаўся вельмі эклектычны. А сам Качмарскі — надзвычай цэльны. Калі ён рабіў дыск пра антычнасць, то кожная песня была звязаная з ёю. Калі гэта была біблейская тэматыка, кожная песня апавядала пра біблейскіх герояў. А ў мяне класічнае выбранае — трошкі адтуль, трошкі адсюль. Здаецца, выйшаў дыск, які не можа да канца спадабацца нікому — хіба што чалавек будзе толькі тэксты слухаць, але кожны ў ім можа знайсці нешта сваё.

«Напісаць нешта сваё мне яшчэ цікавей, чым перакладаць»

— А над чым працуеце цяпер?

— Якуб Колас, заспеты журналістам за біццём дроў, на такое пытанне адказваў: «Не бачыш, дровы калю!» Калі сур’ёзна, я кожны год стараюся перакласці і падрыхтаваць кніжку вершаў польскага паэта. Цяпер працую над творамі Эвы Ліпскай — магчыма, найлепшай сучаснай польскай паэткі. Спадзяюся, яна прыедзе да нас у лютым на міжнародны фестываль памяці Стральцова, і да таго часу выйдзе кніжка, і мы будзем разам з паэткай яе прадстаўляць. Гэта адзін праект. Другі — кніжка, што ўжо выйшла ва Украіне па-ўкраінску, а ў арыгіналах у Беларусі — яшчэ не. Гэта дзіцячыя вершыкі «Нататкі таткі». Нарэшце знайшоў добрую мастачку. Цяпер абмяркоўваем арыгінал-макет кніжкі з яе ілюстрацыямі. Цьфу-цьфу-цьфу, баюся сурочыць, але хочацца верыць, што кніга з’явіцца ў бліжэйшыя месяцы.

Ну і пару слоў пра яшчэ адзін праект. Апошнія гады я шмат ездзіў па свеце — і пачалі пісацца падарожныя вершы. Штосьці на мяжы з турыстычным дзённікам. Але спадзяюся, што мяжу гэтую я не перайшоў — і вершы засталіся вершамі. Тэксты навеяныя Парыжам, Амерыкай, Японіяй, Паўднёвай Карэяй, Ісландыяй, Калумбіяй, Венесуэлай. Уражанні з вандровак збіраліся — і назбіралася на ладную кніжку. Хочацца верыць, што і яна выйдзе неўзабаве.

— З перакладамі прозы зразумела — усё ж ад арыгінала не асабліва адхілішся. А вось пераклад верша — гэта ж літаральна стварэнне свайго твора. Вам у сваіх перакладах важна больш дадаць свайго, альбо захаваць аўтарскага?

— Не паверыце, але і тое, і другое. Я стараюся выбіраць цяжкаперакладальныя рэчы. Якія можна перакласці, толькі дадаўшы сваё. Мне цікавыя складана рыфмаваныя творы, творы з цытатамі і адсылкамі да чагосьці, якія ніяк даслоўна не захаваеш. А гэта значыць, што можна набрацца нахабства і замяніць іх тымі цытатамі і адсылкамі, якія будуць нешта казаць беларускаму чытачу. Што гэта — здрада тэксту ці наадварот — форма служэння яму? Я замяняю канкрэтныя словы, але захоўваю нешта большае — аўтарскі намер. Мне важна захаваць менавіта яго. А як я гэта зраблю — гэта ўжо мая перакладчыцкая кухня. Часам слова на слове ад арыгінала не застанецца.

— А што больш падабаецца — пісаць самому ці перакладаць?

— Бывае, што, рыхтуючы лекцыю, я магу дзеля цытаты ўзяць нейкі замежны верш і так ім захапіцца, што цалкам перакласці, забыўшыся на тэкст лекцыі. Відаць, перакладчыка ўва мне больш, чым выкладчыка. Але такім жа чынам я магу, перакладаючы тэкст, захапіцца нейкім вобразам, нейкім радком, які мне адгукнецца нечым сваім, што я пачынаю прыдумляць нешта сваё, пакінуўшы пераклад. Відаць, напісаць нешта сваё мне яшчэ цікавей, чым перакладаць. Бо перакладаючы, я наперад ведаю вынік, ведаю, да чаго імкнуся. Планка стаіць вельмі высока, я мушу сур’ёзна папрацаваць, каб узяць яе. А вось пішучы сваё, я не ведаю гэтага выніку і, калі моцна пашанцуе, магу сам здзівіцца напрыканцы. Гэтае здзіўленне і ёсць перамога аўтара.

Пераклад — гэта як шахматная партыя, у якой немагчыма перамагчы.

Перакладчык, гуляючы чорнымі (бо арыгінал, відавочна, — белыя фігуры), мусіць намагацца звесці гульню ўнічыю.

«Важна падтрымліваць тых, хто з рускай спрабуе перайсці на беларускую»

— Яшчэ да творчасці. Лімэрыкі – для нашых шырот рэч нехарактэрная…

— Была нехарактэрная, пакуль адзін нахабнік не накрэмзаў кніжку. А цяпер я ведаю некалькіх паэтаў, якія пішуць беларускія лімэрыкі — ад Рыгора Сітніцы і Марыі Мартысевіч да гомельскіх хуліганскіх лімэрыкаў Сяргея Балахонава й цікавых эксперыментаў Віктара Жыбуля з Верай Бурлак.

— А адкуль такая цікаўнасць да гэтага жанра?

— Спачату я чытаў англійскія лімэрыкі Эдварда Ліра. Яны ж фармальна будуюцца вакол жыхароў нейкага горада. Толькі ў англічан гарады экзатычныя — Рыа-дэ-Жанэйра, Маніла, Куала-Лумпур, а пасля гэта віртуозна рыфмуецца. І мне падумалася — чаму б не напоўніць гэта беларускім зместам?

Такім чынам можна зачапіць за жывое чалавека, калі будзе расказвацца аб ягоным мястэчку. Гэта добры патрыятызм, без пафасу.

І падчас прэзентацый лімэрыкаў мне больш за ўсё падабалася, калі людзі прасілі прачытаць пра іх мясціны. Калі падыходзілі й казалі, што вось ёсць у кнізе лімэрык пра раскольнікаў з Веткі, і прасілі падпісаць ім кнігу менавіта на гэтай старонцы, бо яны самі з Веткі. Мне здаецца, гэта сімпатычна. Мо чалавек да гэтага дзесяць год паэзіяй ні фіга не цікавіўся і беларускай ні халеры не размаўляў, а тут пабачыць у кнізе пра сваю Ветку — і на гэтай хвалі яшчэ што прачытае.

— Першы пераклад памятаеце?

— Гэта, відаць, было падчас навучання ў Варшаве, калі мы дзялілі адзін пакой з Юрасём Бушляковым. Ён перакладаў Чэслава Мілаша, а я неяк проста яму дапамог. Юрась быў геніяльным стылістам, але мне падалося, што ў яго штосьці не выходзіла з вершаваннем, і я зрабіўся суаўтарам перакладаў. Вось так і пайшло. Гэта быў 96-ы. А ў 98-м я стаў перакладаць на беларускую часцей. Некалькі месяцаў, у той жа Варшаве, я дзяліў пакой з Сержам Мінскевічам. На той момант ён перакладаў міцкевічаўскія «Дзяды». Уявіце, побач з тваім ложкам нехта ўвесь час мармыча нешта, перакладаючы класную паэзію. Ведаеце, гэта ўплывае. Урэшце ты і сам зробіш штосьці сваё. Таксама я вельмі ўдзячны стылісту Міколу Раманоўскаму. Ён быў адным з першых чытачоў маіх перакладаў і рабіў мне падказкі – так інтэлігентна, што я не адчуваў сябе «недачалавекам», які не можа нешта па-беларуску правільна сфармуляваць. Гэта вельмі важная штука, па-мойму, па-чалавечы падтрымліваць тых, хто са сваёй рускай спрабуе перайсці на беларускую. Ва ўсіх траіх пералічаных я ніколі не бачыў ні снабізму, ні агрэсіі, ні здзеку, а толькі тонкае заахвочванне. Таму вялікі ім дзякуй.

— Кажуць, сямейнае жыццё ўплывае на творчасць. Знікае натхненне і гэтак далей. У Вас з гэтым як?

— Па-рознаму. Альбо натхненне ёсць, альбо няма.

Калі б я ведаў універсальны рэцэпт натхнення, быў бы багатым чалавекам.

Я для сябе ведаю: не пішацца — можаш перакладаць, не перакладаецца — можаш пачытаць.

Для мяне амаль стоадсоткавыя крыніцы натхнення — падарожжы. Сяброўства таксама.

Табе кепска — ведаеш, каму патэлефанаваць ці напісаць.

«У мяне няма творчай патрэбы кантактаваць з алкаголем»

— Роўна 4 гады таму Вы расказвалі Глебу Лабадзенку, як скінулі 27 кілаграмаў. Што цяпер з фізічнай формай?

— Палова гэтай вагі вярнулася назад. Другая, на шчасце, яшчэ ў дарозе. Хочацца вярнуцца да таго стану, у якім я радасна Лабадзенку рапартаваў пра свае спартыўныя дасягненні. Але ў мяне з ладам жыцця і абменам рэчываў так, што зграбнасці не будзе, калі рэгулярна гэтага не пільнавацца. Ёсць перыяды, калі я пільнуюся, ёсць, калі і не. Калі я ўжываю алкаголь, хоць бы трохі, то мушу быць гатовым, што буду набіраць вагу. Разам з тым сябры кажуць, што

на дыеце я раблюся больш занудны, мне адмаўляе такая штука, як пачуцце гумару.

А без гумару, вядома ж, цяжка. Шмат у чым вінаваты лад жыцця: сядзіш за маніторам, стукаеш па клавіятуры. Калі ўдаецца сесці на ровар, стаць на канькі, паплаваць у басейне альбо пагуляць на філфаку з выкладчыкамі ў баскетбол — гэта правераныя дарогі да лепшай формы. Проста з жорсткімі дэдлайнамі, са шматлікімі і часам непрадказальнымі загадзя паездкамі і выступамі вельмі складана зрабіць гэта ўсё рэгулярным.

— 4 гады таму Вы казалі, што не п’яце піва. І цяпер так жа?

— Ёсць выключэнні. Я не магу не піць піва, апынуўшыся ў Бельгіі ці Ірландыі — там мае ўлюбёныя гатункі. Не магу не піць «Трапістаў». Не магу не ўжываць ірландскага портэру, калі здараецца. Але гэтае піва можна пакаштаваць толькі там. Без нямецкага і нават чэшскага піва, не кажучы пра горшае, я ўжо навучыўся абыходзіцца.

— Творчыя людзі ўвогуле даволі часта злоўжываюць…

— Ведаеце,

у мяне няма творчай патрэбы кантактаваць з алкаголем. Ёсць людзі, для якіх гэта адзін са стымулаў. На мяне сябры ўплываюць, жаночая прыгажосць уплывае, падарожжы ўплываюць, кніжкі ўплываюць, алкаголь абсалютна не ўплывае, не натхняе.

Больш за тое, 50 грам моцнага алкаголю ці куфаль піва — і мой розум страчаны для пісання на суткі. Я магу заставацца добрым суразмоўцам ці слухачом, камунікаваць з людзьмі, але для літаратуры буду страчаны.

— Да тэмы чалавечых камунікацый. Акаунт у Facebookу Вас ёсць, а мабільніка няма. Гэта ўвогуле як?

— Так склалася гістарычна.

У свой час паленаваўся, а далей нават прыкольна стала — колькі я змагу без мабільніка абыходзіцца.

Я цяпер жартую, што чакаю новага вітка тэхналогій, калі людзям у мазгі будуць ужыўляць чып для тэлепатычных размоў — мо гэтым і скарыстаюся. А калі прынцыпова аб тым, чым для мяне Інтэрнэт лепшы за мабільны тэлефон, дык у Інтэрнэце ты сам рэгулюеш рытм сваіх кантактаў. Ты адказваеш на ліст не ў тую ж секунду, а калі табе зручней. Я прывучыў сябе некалькі разоў на дзень, дзе б я ні быў, спраўджваць Інтэрнэт.

Але я раблю гэта тады, калі мне зручна, калі мне хочацца і калі я магу даць талковы адказ. А не ў тую секунду, калі мяне заспее тэлефонны званок. Яшчэ я словаахвотлівы і ласы да кантактаў. Таму да паловы часу, якую жарэ Інтэрнэт, дай мне мабільны тэлефон, дык ён з’есць усю рэшту. Можа быць, я гэта інтуітыўна адчуваю. Хаця ў мяне ёсць прымітыўны апарат і некалькі сім-карт, але замежных і выключна для дальніх паездак. Калі любая жонка будзе за мяне перажываць у паездцы, я магу, напрыклад, даслаць ёй смску з Францыі ці пазваніць з Амерыкі.

— А тут дачку кантраляваць няма жадання? А то куды ні глянь, дык нават самым малым дзецям бацькі пакуплялі тэлефоны і барабаняць праз кожныя пяць хвілін.

— Я веру ў тое, што ў маёй дачкі павінны быць таксама свае межы свабоды. Нават, калі мне будзе крышачку больш дыскамфортна. Я чалавек, які не любіць, калі мяне аж занадта апякаюць. Я не люблю доўга знаходзіцца ў адзіноце, але не магу ўвесь час знаходзіцца ў кантактах. І мне хочацца, каб я сам рэгуляваў рытмы гэтых зносін. Я думаю, што і мая дачка мае права на нейкія рэчы, пра якія я не мушу ведаць. Бо палітыка гэтакай вельмі кароткай шворкі можа прывесці альбо да бунту, альбо да крывадушнасці. Мне б хацелася, каб нашыя адносіны заставаліся праўдзівымі. Каб дачка магла прызнацца ў чымсьці, не прыхоўваць. Але, калі я буду лезці паўсюль, можа з’явіцца і агрэсіўнае стаўленне.

Ды і ўвогуле свет татальна звіхнуўся. Я ні ад каго не хаваў свой хатні тэлефон. Калі я знаходжуся дома, мне можна дазваніцца. Калі я не дома, я хутчэй за ўсё ў публічнай прасторы — чытаю лекцыю, слухаю, дыскутую, чытаю вершы, калі званіць на мабільнік, мякка кажучы, непажадана. Альбо я дзесьці самотна шпацырую па вуліцы і таксама не буду ў захапленні ад званка. Таму ў момант, максімальна адкрыты да камунікацыі, я дома пры хатнім тэлефоне. Іншая рэч, што людзі ўжо крышачку разбэшчаныя. Ім ужо нязручна, няёмка ці дорага званіць людзям на хатні. Зрэшты, гэта своеасаблівы натуральны адбор:

калі чалавек, не маючы майго мабільнага, набірае чыйсьці іншы нумар, а не шукае магчымасцяў адшукаць мяне, дык, можа, мне і не трэба той кантакт?

Гутарыў Зміцер Міцкевіч, фота Сяргея Гудзіліна

nn.by