Андрэй Хадановіч прачытаў лекцыю пра найноўшую беларускую літаратуру

У выставачнай зале віцебскага Цэнтру сучаснага мастацтва, дзе праходзіла сустрэча, Андрэй Хадановіч шмат жартаваў, іранізаваў і правакаваў публіку на дыскусію і іншадумства.

“Я не псіхіятр, хутчэй – псіх. Я, як пацыент, на сабе адчуваю пэўныя з’явы. Я не даследую беларускую літаратуру ў акадэмічным фармаце”, – прызнаўся літаратар на самым пачатку.

Што ёсць сучаснай беларускай літаратурай? Якую літаратуру трэба лічыць “сучаснай” і якую – “беларускай”? І, зрэшты рэшт, ці існуе наогул такі феномен “беларуская літаратура” як “цэласная, маналітная з’ява”. На ўсе гэтыя пытанні Хадановіч не даваў гатовых і адназначных адказаў, падштурхоўваючы аўдыторыю да ўласных высноваў і дыялогу.

Гэтак, дыскусія ўзнікла, калі “лятучы лектар” закрануў пытанне “рускамоўнай літаратуры” ў Беларусі і, у прыватнасці, сітуацыю “калянобелеўскай істэрыі”, якая не так даўно назіралася вакол асобы Святланы Алексіевіч.

Тым, хто не прызнае беларускіх рускамоўных літаратараў “за сваіх”, Андрэй Хадановіч прапанаваў сваю тэорыю: “Мы, беларусы, не маем такой раскошы, каб раскідвацца асабліва таленавітымі аўтарамі, якія, жывучы ў нас, пішуць па-руску. Трэба знайсці той фармат унутрылітаратурнай тусоўкі, калі аўтару, які стварае па-руску, было б камфортна лічыць сябе беларускім аўтарам. І адразу ж прыгожая тэорыя: беларуская літаратура ад самога свайго пачатку, як і культура, і мы самі – ніколі не былі монаэтнічнымі, монаканфесійнымі, монамоўнымі. Усюды мы былі полікультурнымі. Памятаеце, быў час, калі на Беларусі былі 4 дзяржаўныя мовы?.. І вось, дажыўшы да XXI стагоддзя, да еўрапейскай талерантнасці, можа, нам трэба паслухаць самога культурнага дзеяча – як ён глядзіць на свет і ці бачыць ён гэты свет у нейкіх беларускіх абрысах? – а потым ужо – усё астатняе, у тым ліку мова?”

Ці можа пісьменнік мець падвоеную ідэнтычнасць? “Як на мяне, дык мы жывем у такой постмадэрнісцкай шызафрэніі, што можам дапусціць і такі факт”, – сцвердзіў Андрэй Хадановіч.

Падчас амаль што дзвюхгадзіннай лекцыі шмат вялося пра новыя сучасныя формы існавання літаратуры – пра інтэрнэт-літаратуру і інтэрнэт-чытанне (плюсы і мінусы), беларускія літаратурныя інтэрнэт-праекты (у прыватнасці – Літаратурнае радыё  і Чорна-белыя вершы), цэнзуру ў сеціве і на паперы, слэм-фестываліі г.д.

У выніку Андрэй Хадановіч прыйшоў да высновы, што пасля эпохі сцёбу і гульні мы зараз “вяртаемся ў поле сур’ёзных слоў і сэнсаў”: “Раптам з’явілася новае пакаленне маладых літаратараў, якія зноў паспрабавалі вярнуць сур’ёзны сэнс раней скампраматаваным словам і знайшлі для гэтага нейкі новы код”.

У якасці прыклада ён прывёў цыкл з двух вершаў паэткі Вальжыны Морт пад назвай “Беларуская мова”. “І гэта была не пародыя. Вершы, якія хутчэй прабіваюць на слёзы і істэрыку, бо гэта змрочна і таленавіта зроблена, але ніяк не на смех і не на сцёб”, – зазначыў Хадановіч. – Тое, што раней было толькі жангляваннем словамі, зараз робіцца стартавай пляцоўкай, магчымасцю ўсыпіць пільнасць сучаснага чытача, здабыць алібі даверу сучаснай літаратуры і раптам, у гэты момант, калі чытач нічога не чакае, ангаломшыць сур’ёзным мэсыджам”.

Гэтую з’яву Андрэй Хадановіч з лёгкасцю ўпісвае ў кантэкст так званай “новай шчырасці” ў еўрапейскім мастацтве, якая прыйшла на змену постмадэрнізму.

“Дзесьці гэта называецца імем фон Трыера альбо Альмадовара (у кіно), дзесьці – імем Эрленда Лу(славуты раман “Наіўна. Супер”), а ў нас можна называць імёнамі Віталя Рыжкова, Марыі Мартысевіч, Антона Рудака… І імёны гэтыя, на шчасце, можна множыць, бо прыйшло такое поствялікае пакаленне, чытаць якіх прыемна і не сорамна, якія незаўважна, што б іх старэйшыя калегі ні казалі пра хуліганства, вяртаюць нас у поле сур’ёзных словаў і сэнсаў”.

Пасля гэткіх сур’ёзных і шчырых высноў лекцыя скончылася, але крыху пазней, пасля кавы з цукеркамі, плаўна вылілася ў “лятучую” дыскусію.

Стась Пашкевічkurier.me