Андрэй Хадановіч прачытае лекцыю "Мастацтва немагчымага. Красавіцкія тэзісы пра пераклад"

Пасля лекцыі ў кавярні “ПРО Кафе” адбудзецца аўтограф-сесія Андрэя Хадановіча з нагоды выхаду кнігі “Разам з пылам”. Уваход вольны!

Гэтай вясною было нямала нагодаў для рэфлексіі таго, як развіваецца ў Беларусі сфера мастацкага і навуковага перакладу. У межах фестываля “Шэнгенка” было зладжана некалькі кніжных прэзентацый, а Лятучы ўніверсітэт у партнёрстве з Філасофскай Прасторай і кнігарняй “логвінаЎ” на публічнай дыскусіі паспрабаваў абмеркаваць мажлівасці выпрацоўкі агульнай стратэгіі развіцця перакладаў на беларускую мову.

І вось новая нагода – выхад кнігі выбраных перакладаў Андрэя Хадановіча “Разам з пылам”. У тым, што кніга выходзіць месяцам пазней, можна ўбачыць сваю логіку – гэтая падзея выбіваецца з шэрагу сакавіцкіх прэзентацый сваім відавочным акцэнтам на асобе перакладчыка. Тым самым кніга падкрэсліла актуальную тэндэнцыю, якая добра акрэслена ў рэцэнзіі Ганны Янкуты: “Апошнім часам усё часцей усплывае думка пра тое, што перакладчыкі, якія доўгі час былі ў цені сваіх аўтараў, пачынаюць паціху выпаўзаць у свет, каб нагадаць яму, гэтаму свету, пра сваё існаванне і пра сваю ролю ў станаўленні нацыянальнай літаратуры. Бо фактычна перакладчыкі не так знаёмяць чытачоў з творамі тых ці іншых замежных аўтараў, як распрацоўваюць сваю ж мову, прышчапляюць сваёй жа літаратуры новыя стылі і тэхнікі пісьма, “прыкрываючыся” чужым імем”.  І нібы пацвярджаючы гэтыя словы, Андрэй Хадановіч кажа ў інтэрв’ю напярэдадні сваёй публічнай лекцыі: “Пераклад - гэта не проста камунікацыя, гэта спосаб паўплываць на сучасны табе стан мовы. Справакаваць творчую актыўнасць тут і цяпер.”

Выхад перакладчыка з “ценю сваіх аўтараў” змяняе расстаноўку пазіцый, па-іншаму пазначае ролю і месца перакладу ў нацыянальнай культуры і задае новыя, цікавыя ракурсы для рэфлексій актуальнага стану і праблематыкі беларускага перакладу.

Традыцыйна Лятучы ўніверсітэт арганізуе online-трансляцыю лекцыі.

Запрашаем пазнаёміцца з поўным тэкстам iнтэрв’ю, якое Андрэй Хадановіч даў напярэдадні лекцыі.