Анталогію творчасці беларускіх пісьменнікаў замежжа плануюць выдаць беларускія філолагі

Беларускія філолагі плануюць выдаць сучасную анталогію творчасці пісьменнікаў-беларусаў, якія жывуць за мяжой. Пра гэта паведаміў доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс на творчай сустрэчы ўдзельнікаў Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету, якая адбылася 10 ліпеня ў Мінску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па словах навукоўца, сёння за мяжой назапасіўся велізарны пласт матэрыялу, які, на вялікі жаль, не сабраны разам і часцяком недаступны беларускаму чытачу. Гэта звязана з тым, што вывучэнне творчасці беларускай іміграцыі пачалося толькі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Адам Мальдзіс заявіў, што неабходна з вялікай увагай паставіцца да творчасці людзей, якія як беларусы тварылі і твораць за межамі роднай зямлі.

Першым крокам можа стаць стварэнне анталогіі іх творчасці, якую плануе выпусціць выдавецтва "Мастацкая літаратура". Акрамя гэтага праекту, у планах стварэнне Фонду творчасці пісьменнікаў сучаснага беларускага замежжа, які б аб'ядноўваў і рабіў агульнадаступнай іх дзейнасць. Адам Мальдзіс заявіў, што першыя крокі для рэалізацыі гэтых праектаў ужо зробленыя. Але арганізатарам неабходная дапамога саміх аўтараў, бо без іх удзелу вельмі праблематычна знайсці і сабраць разам найлепшыя творы.

На сустрэчы таксама прысутнічалі пісьменнікі і паэты, беларусы, якія жывуць як на радзіме, так і за мяжой. Сярод іх дырэктар радыёстанцыі "Беларусь", паэт Навум Гальпяровіч, ганаровы консул Беларусі ў Цюмені, старшыня грамадскага аб'яднання "Саюз-інтэграцыя братэрскіх народаў" Уладзімір Шугля, сябры польскага літаратурнага аб'яднання "Белавежа" Юрый Баёна і Міраслава Лукша і многія іншыя. Яны абмеркавалі актуальныя праблемы беларускай літаратуры за мяжой.

Не выпадкова гасцей прымаў менавіта Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёння, там адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі "Пісьменнікі беларускага замежжа".

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіць у рамках ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". На працягу трох дзён у Віцебску і Мінску праходзілі ўрачыстыя сустрэчы і мерапрыемствы з удзелам дзеячаў беларускай культуры, а таксама беларусамі замежжа, якія прадстаўляюць беларускую культуру і лічаць Беларусь сваёй радзімай. Усяго ў мерапрыемствах прынялі ўдзел калектывы, фотамастакі, празаікі, паэты, пісьменнікі, мастакі, майстры прыкладных мастацтваў, а таксама лідэры грамадска-культурных аб'яднанняў беларускага замежжа з 12 краін свету.

БелТА