Антон Францішак Брыль: «Я пішу паэзію і прозу перакладчыка»

Ён адзін з наймацнейшых сёння маладых паэтаў – за зборнік «Не ўпаў жолуд» атрымаў прэмію «Дэбют», перакладчык Толкіна і Ейтса, а таксама рознай выкшталцонай даўніны кшталту старажытнарымскай паэзіі і англасаксонскага эпасу «Бэўвульф». Пры гэтым мала хто бачыў яго на ўласныя вочы. Зазвычай публічна Брыль з’яўляецца ў выглядзе размытай запаволенай выявы на экране скайпа. Паводле асноўнай прафесіі ён праграміст і ў дадзены момант жыве ў Цюрыху.

Пад канец года Антон Францішак Брыль нечакана дэбютаваў у новым жанры – выдаў празаічную кнігу «Ян Ялмужна», дзе, як сам піша, сумясцілася «мастацкая казка з ухілам у міфапаэтыку і гісторыя Вялікага Княства Літоўскага пачатку XVI стагоддзя з ухілам у эстэтыку». Містычнае і чароўнае тут упісанае ў канкрэтныя дэкарацыі беларускай гісторыі. Галоўны герой – пан Ольбрахт Гаштаўт, будучы канцлер вялікі літоўскі і гаспадар Геранёнскага замку, жыццё якога ахутана цудамі і таямніцай, і нават асоба кухмістра Яна Ялмужны тоіць цэлы неверагодны аповед.

Напярэдадні прэзентацыі казкі, дзе сам аўтар нарэшце абяцае з’явіцца ў жывым і рухавым увасабленні, мы пагутарылі з Антонам Францішкам Брылём (пакуль усё ў тым жа скайпе) пра фантазію і гісторыю, пра яго славутага дзеда, а таксама пра тое, чаму праграміст – найлепшая прафесія для паэта.

 

Пра прозу

– Чаму вы раптам пачалі пісаць прозу? У мяне ёсць версія, што вашая паэзія настолькі інтэртэкстуальная, вам хочацца ўкласці ў яе так шмат ведаў, што ў нейкі момант яны проста не змясціліся ў вершаваную форму і выліліся ў казку.

– Насамрэч для рознага тыпу гісторый падыходзяць розныя формы. Да пэўнага моманту мне прыдумваліся гісторыі, якія патрабавалі фармату малой паэмы. А гэтая гісторыя вымагала фармату казачнай аповесці. Яе проста бессэнсоўна пісаць вершамі.

– Доўга вы пісалі казку?

– Я яе прыдумаў, яшчэ калі жыў у Ірландыі, і зрабіў некалькі накідаў невялікіх эпізодаў. Але ўсур’ёз пісаць яе пачаў недзе гады два таму.

– Зразумела, часы ВКЛ – у беларускай літаратуры самыя пажыўныя для нашага фэнтэзі і гістарычных твораў.

– Сярод беларускай гістарычнай прозы не так шмат казачнай. Бывае гістарычная проза з элементамі фантастычнага. У маім выпадку фантастычнае месцамі пераважае над гістарычным. То бок гэта ў першую чаргу казка. Між іншым, яна пра перыяд і асобаў, якія чамусьці, здаецца, трошку выпалі з увагі беларускай гістарычнай прозы, – гэта першая чвэрць XVI стагоддзя, будучы вялікі канцлер Ольбрахт Марцінавіч Гаштаўт, большую частку кнігі ён яшчэ толькі ваявода полацкі.

– Ці была нейкая цяжкасць у тым, каб перадаць гістарычныя дэталі, атмасферу, дробязі?

– Не, бо гэта перыяд, якім я цікаўлюся як краязнавец і гісторык. Адным з пабочных прадуктаў напісання гэтай казкі стаў навуковы артыкул па датыроўцы Геранёнскага замка, у якім адбываецца дзеянне. Таму хутчэй веданне перыяду было першасным, а тое, што сюжэт прыдумаўся менавіта ў гэтым часе, можна лічыць ужо лагічным працягам.

– Пад каго вы пісалі казку – пад падлеткаў ці для старэйшай публікі?

– Любоў да казак як такіх вельмі мала залежыць ад узросту. Не ўсе падлеткі любяць казкі, але тыя, хто любіць, будуць любіць іх да старасці. Таму мая жаданая чытацкая аўдыторыя – усе аматары казак.

– А з сусветных казачнікаў хто для вас узор, да якога імкнуліся?

– З сучасных пісьменнікаў для мяне найбольш выразны эталон у мастацкай казцы Сюзанна Кларк.

 

Пра паэзію

– Складанасць, інтэлектуальнасць, нагружанасць алюзіямі не замінае паэзіі?

– Проста не можа замінаць, бо гэтае напаўненне – першаснае. Уражанні ад пэўных аўтараў, гістарычных фігураў і падзеяў ёсць крыніцаю і мэтай маіх вершаў. Гэта менавіта тое, што я хачу сказаць і перадаць.

– Вашая паэтычная кніга «Не ўпаў жолуд» адметная яшчэ і тым, што ў ёй вы падаяце свае каментары да многіх вершаў. Каментаванне ўласнай паэзіі выглядае крыху дзіўна, бо, магчыма, гэта забірае хлеб у літаратуразнаўцаў, а таксама выдае ў вас учэпістую асобу, якая дбае, каб усё правільна зразумелі.

– У прынцыпе я стараўся акурат не адбіраць хдеб у літаратуразнаўцаў. Не магу сказаць, што я даў хоць колькі-небудзь сур’ёзны каментар па літаратурных уплывах, якія я ведаю ва ўласных вершах. Так склалася, што ў нас досыць слабое пакрыццё ўласнай гісторыі папулярнымі вобразамі, і таму, спасылаючыся на нейкую гістарычную фігуру, я, на жаль, не заўжды магу разлічваць, што чытач гэтую фігуру ведае, нават калі гэта нехта настолькі значны, як, скажам, Багуслаў Радзівіл. Хутчэй я адбіраю хлеб у школьных настаўнікаў гісторыі.

– Ведаю, што для верша «Вігінтуна» вы прыдумалі новую цвёрдую форму, бо вам не хапала існых.

– Гэта проста, было б жаданне. Я ўсяго толькі прапанаваў фармалізаваную схему рыфмоўкі. Думаю, студэнты-філолагі могуць гуляць, па чарзе выдумваючы цвёрдыя формы, і добры студэнт з гэтым заданнем справіцца.

 

Пра пераклады

– Пераклады ўплываюць на вашыя ўласныя тэксты?

– Так. Ведаеце, ёсць такі выраз – «проза паэта»? Вось я лічу, што я пішу паэзію і прозу перакладчыка. У маёй літаратурнай дзейнасці пераклад – стрыжань усяго, што я

раблю. Усё астатняе не ў малой ступені – думкі ўбок. Для прыкладу, ёсць у мяне вершык «Брацец сон і сястрыца смерць». І калі разабрацца, што ён з сябе ўяўляе, то гэта роздумы над адным радком з санета Шэкспіра, які я перакладаў. Тое ж і ў прозе. Чытач, які ведае маю працу з лацінскімі аўтарамі, лёгка заўважыць, што яны ўсе ёсць у казцы.

– Як ацэньваеце ўзровень беларускіх паэтычных перакладаў і хто, на вашую думку, найбольш удала гэта робіць?

– Насамрэч у беларускім паэтычным перакладзе ўсё досыць добра. Хаця і нешматліка, бо ў нас невялікая літаратура па колькасці ўдзельнікаў. Мне вельмі падабаюцца пераклады Андрэя Хадановіча з французскай. Падабаецца тое, што робіць Ганна Янкута. Кацярына Маціеўская, хоць і рэдка перакладае, але ейныя паэтычныя пераклады вельмі класныя. Увогуле, усё кола, якое арганізавалася вакол часопіса «ПрайдзіСвет», робіць цудоўную працу.

– Вы перакладалі такія рэдкія, «нехадавыя» рэчы, як англасаксонская эпічная паэма «Бэўвульф» альбо старажытнарымскіх паэтаў. Не ўзнікае адчування, што вы запаўняеце паэўныя лакуны, складаеце гэтыя тэксты ў скарбонку літаратуры па-беларуску, працуеце на будучыню, але не атрымліваеце ўвагі чытача тут і цяпер?

– У розных тэкстаў свая аўдыторыя, і нават не трэба спадзявацца, што яна калі-небудзь вырасце, бо наўрад ці большы адсотак чытачоў пачне чытаць старажытнарымскую паэзію. Можна сказаць, што мяне больш за ўсё цікавяць чытачы, падобныя да мяне самога, я клапачуся пра тое, каб ім было што чытаць. Апроч гістарычнай значнасці, Катул, Авідый, Гарацый – проста вельмі добрыя паэты, іх прыемна чытаць тым, каму ўвогуле падабаецца такі кшталт літаратуры. Такія людзі ёсць, хоць іх і няшмат.

 

Пра дзеда

– Калі вы атрымалі прэмію «Дэбют», пра вас пісалі, што ўнук Янкі Брыля стаў пераможцам. То бок вас часта прэзентуюць менавіта праз асобу дзеда. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Мне часам здаецца, што частка старэйшага пакалення яшчэ ўспрымае мяне трошку як дзіця. Таму што некаторыя з гэтых людзей чулі пра мяне як пра дзіця, а мне ўжо трыццаць два гады (смяецца).

З іншага боку, я разумею, што непазбежна ўспрымаюся ў кантэксце дзеда. Ён быў буйной фігурай у беларускай культуры, і зразумела, што мне давядзецца досыць доўга расці, перш чым мяне пачнуць успрымаць асобна. І гэта справядліва.

– А ці ёсць уплыў дзеда на вас як на літаратара? Якія ўвогуле ўспаміны ў вас аб ім засталіся?

– Мне цяжка выявіць нейкі яўны ўплыў. Ёсць дзве рэчы, якія былі для мяне важныя. Гэта, па-першае, тое, што дзякуючы ўсёй старэйшай частцы маёй сям’і, уключаючы і дзеда, я вырас сярод агромністай колькасці кніг. Можна было рабіць археалагічныя раскопкі ў шафах, знаходзіць рэчы, якіх ніколі раней не бачыў, хаця ўжо гадамі жывеш у гэтай кватэры. Па-другое, мне ніколі не здавалася, што пісанне – гэта занятак для людзей з іншага свету. Бо з самага дзяцінства бачыш, што ў цябе ёсць дзед і ён піша, – значыць, гэта нешта, што можа рабіць чалавек.

А наконт успамінаў, яны ў мяне вельмі асабістыя – такія, якія могуць быць ва ўнука. Не ўпэўнены, што магу расказаць тут нешта цікавае з літаратурнага пункту гледжання.

 

Аб праграмаванні

– Як так атрымалася, што вы абралі сваёй асноўнай прафесіяй праграмаванне, маючы такое моцнае захапленне літаратурай? То бок як вам удалося абраць абсалютна супрацьлеглыя заняткі?

– А яны не супрацьлеглыя. Вам здаецца, што праграміст і паэт – цяжка сумяшчальныя рэчы? Паколькі вы добра ведаеце, што такое паэт, вы, відаць, не зусім разумееце, што такое праграміст.

– Ну, праграмны код – таксама ў нейкім сэнсе тэкст.

– Гэта вельмі стваральная прафесія і, мне здаецца, вельмі дарэчная для паэта. Я насамрэч захапіўся праграмаваннем крышачку раней, чым мастацкім перакладам. Таму калі трэба нечаму здзіўляцца, то хутчэй таму, што я пішу вершы, а не таму, што пішу праграмы.

 

Пра адсутнасць і прысутнасць у Беларусі

– Вы жывяце беларускай культурай і адыгрываеце ў ёй пэўную ролю. Пры гэтым фізічна тут не прысутнічаеце.

– Насамрэч я не так ужо і рэдка наведваюся ў Беларусь. Проста паколькі ў мяне ёсць сябры і сваякі, то час мой належыць перш за ўсё ім, і не ва ўсялякі прыезд я з’яўлюся ў калялітаратурным асяродку. А ўвогуле цяпер я збіраюся прыехаць трэці раз за гэты год.

– То бок у вас няма такога адчування пра Беларусь, як пра нешта далёкае і напаўміфічнае, куды выдасылаеце лісты?

– Не, я чытаю беларускіх аўтараў. Кожны раз прывожу з Беларусі некалькі новых кніг. Стараюся ў кожны прыезд бываць дзе-небудзь апроч Мінска. За час напісання казкі я, зразумела, бываў у Геранёнах, каб адчуваць мясціны. Стараюся досыць часта бываць у Ашмянах. Так што я не адарваўся празмерна далёка.

– Ці цікавіцеся ў Швейцарыі тамтэйшым літаратурным працэсам?

– На жаль, маё веданне нямецкай мовы не дазваляе мне ўсур’ёз ім цікавіцца. Пакуль я жыў у Дубліне, то наведваў імпрэзы і публічныя літаратурныя лекцыі. У хуткім часе я збіраюся перабрацца ў Лондан і вярнуцца да жывога англамоўнага культурнага жыцця.

– Вашыя сябры ў Цюрыху ўспрымаюць вас як беларускага літаратара?

– Не, тут я толькі праграміст. Хаця некаторыя ведаюць, што я чымсьці такім займаюся, бо значная частка майго кола тут таксама беларусы.

– А краіны вы мяняеце праз вашую працу?

– Часам я еду за працай, часам за сямейнымі абставінамі. Мая жонка таксама праграміст, і, напрыклад, у Швейцарыі я апынуўся, таму што яна сюды паехала працаваць, а я паехаў следам за ёю шукаць працу.

– А ў якой краіне вам найбольш утульна, каб усё супадала?

– Ірландыя па-за канкурэнцыяй.

– Таму што ірландцы падобныя да беларусаў?

– Нейкае падабенства, напэўна, ёсць, але справа не толькі ў гэтым. Ірландыя – вельмі своеасаблівае месца, якое вельмі цяжка з нечым параўноўваць. І нават складана сфармуляваць, чаму яно мне так падабаецца.

– Чаго, на вашую думку, сёння не хапае беларускай літаратуры?

– Колькасці. Мне здаецца, што цяпер склалася такая сітуацыя, калі абмяркоўваецца амаль кожная мастацкая кніжка, якая выходзіць па-беларуску. Як паказвае даўжыня спісу намінантаў на прэмію Гедройца, калі задацца мэтай і аддаць шмат часу, то можна прачытваць усю беларускую літаратуру. Такі стан не вельмі здаровы. Жывая энергія з’яўляецца ў літаратуры, калі яе настолькі шмат, што немагчыма ахапіць вокам. Хацелася б, каб па-беларуску выходзіла, скажам, сотня мастацкіх кніг штогод.

Гутарыла Аляксандра Дорская, budzma.by