Антон Францішак Брыль: "Электронная кніга стане нашым ратаваньнем"

У кнігарні "Галерэя Ў" нядаўна прайшла аўтограф-сэсія маладога паэта і
перакладчыка Антона Францішка Брыля, чый першы зборнік "Ня ўпаў жолуд"
выйшаў у выдавецтве "Логвінаў". Антон – унук народнага пісьменьніка
Беларусі Янкі Брыля, але ў нашай размове мы не закраналі сямейных тэмаў.
– Антон, ужо ў першай кнізе ў вас свая інтанацыя, свае тэмы. Хто
з паэтаў сьвету служыць для вас своеасаблівым паэтычным камэртонам, які
дапамагае ўзяць патрэбную ноту?
– Насамперш я спрабую напісаць верш, які мне самому спадабаецца. А
паколькі я чалавек прыдзірлівы, гэтага, напэўна, хапае. Я праўлю тэкст
да той пары, пакуль не палічу, што сам стаў бы яго чытаць. Насамрэч я
абуральна мала чытаю прозы, а добрай паэзіі чытаю досыць шмат. Калі
штодзённа чытаеш, скажам, Ейтса, Бэлака ды ім падобных паэтаў, то ад
гэтага крыху падымаецца ўзровень прыдзірлівасьці да ўласных вершаў.
– Вы чытаеце названых паэтаў ў арыгінале, па-ангельску?
– Так, пераважна па-ангельску, хаця абодвух я сам крышачку перакладаў. А Ейтса яшчэ досыць шмат перакладаў Андрэй Хадановіч.
– У камэнтарах да свайго зборніка вы кажаце, што ўклалі яго на
ўзор вядомай "Вэронскай кнігі" Гая Валерыя Катула. Чым вас вабяць
старарымскія клясыкі?
– Яны адначасова вельмі жывыя і вельмі вучоныя – гэта цікавае
спалучэньне. Катул можа ў адным і тым жа вершы ў тузіне радкоў
дэманстраваць агромністыя маштабы жывога пачуцьця і пры гэтым
дэманстратыўна выхваляцца сваёй вучонасьцю. Гэта, па-мойму, унікальнае
спалучэньне ў рымскіх нэатэрыкаў, якое мяне заўсёды зачароўвала. Я
павінен прызнацца, што пасрэдна ведаю лаціну, але вершы – такая матэрыя…
Не шкада пасядзець над імі са слоўнікам, каб разабрацца, што там
напісана. Скажам, з лацінскаю прозаю я б ня зладзіў, а зь вершамі пры
жаданьні спраўляюся.
– Як відаць са зборніка "Ня ўпаў жолуд", вас натхняе міталёгія
старой Літвы. Чытаючы вас, я згадваў і Міцкевіча, і "Сьпевы даўніх
ліцьвінаў" Яна Чачота. Падчас апошняга перапісу знаходзіліся людзі, якія
пазначалі сваю нацыянальнасьць як "ліцьвіны". Вы часам ня зь іх ліку?
– Не, я ня зь іх ліку. Я лічу, што ня трэба дадаткова заблытваць
сытуацыю. Ідэнтычнасьць наогул вельмі складаная штука. Я лічу сябе
прыналежным да вялікай колькасьці розных супольнасьцяў з рэлігійных,
рэгіянальных, моўных меркаваньняў, але калі размова ідзе пра адказ на
пытаньне перапісу, мне здаецца, ня трэба ўскладняць рэчы. Я сам у
перапісе ня ўдзельнічаў, паколькі жыву за мяжою, але ў графе
"нацыянальнасьць" напісаў бы “беларус.”
– А дзе вы жывяце?
– У Ірляндыі, у Дубліне.
– І чым вы там займаецеся?
– Я навуковец-інфарматык. Займаюся альгарытмамі, зьвязанымі з аўтаматычным перакладам.
– Беларускія чытач ведае вас як перакладчыка ангельскай паэзіі.
Чаму ў вашым зборніку не знайшлося месца для шыкоўнага перакладу
"Бэўвульфа"?
– Я спадзяюся, што “Бэўвульф” выйдзе асобнаю кніжкаю. Пераклад скончаны
гэтым летам, каля месяца таму, і я цяпер шукаю рэдактара, бо хочацца
падысьці да выданьня сур’ёзна. Прызнаюся, я спачатку думаў зьмясьціць у
зборніку і пераклады. Але потым вырашыў, што перакладчык ня мусіць
засланяць сабою аўтара. Калі ў свой аўтарскі зборнік паэт уключае
пераклады, то зьяўляецца пэўная рызыка. Гэта ў некаторых выпадках
цікава. Але я гэтага стараюся пазьбягаць.
– На жаль, беларускае кнігавыданьне сёньня перажывае цяжкія часы. Як вы ў сувязі з гэтым глядзіце на будучыню электроннай кнігі?
– Я, шчыра кажучы, ня ведаю, што адказаць. Нават ня ведаю, наколькі для
мяне важныя папяровыя кнігі. Я люблю старыя папяровыя кнігі, хутчэй, з
меркаваньняў антуражу. Мне здаецца, што іх выданьне крышачку па інэрцыі
адбываецца, што характэрна для невялікай краіны, дзе і наклады
невялікія. Можа быць, якраз электронныя кнігі стануць нашым ратаваньнем,
бо гэта хуткі спосаб выдацца, лёгкі спосаб дайсьці да самай маленькай
вёскі. Гэтаму ня трэба, па-мойму, прыдаваць занадта вялікага значэньня.
Катул пісаў яшчэ на папірусных сьвітках, пасьля перапісваўся на
пэргамэнтныя старонкі, пасьля перапісваўся на папяровыя, перадрукоўваўся
на папяровыя. Калі Катул пойдзе ў электроннае выданьне, гэта будзе тая ж
кніга, проста да гэтага трэба прызвычаіцца. Насамрэч, нічога страшнага ў
гэтым няма, гэта як пераход ад кніг рукапісных да варштата Гутэнбэрга,
як пераход ад пэргамэнту да паперы.