Аперацыя «Светлавы калодзеж»: як супрацоўнікі музея і валанцёры расчышчалі ўнікальнае месца ў Мінску
А ў суботу тут чакалі валанцёраў, якія абяцалі дапамагчы з расчысткай унікальнага светлавога калодзежа. Не дачакаліся. "Можа, гэта ўсё Вій?" - жартавалі супрацоўнікі музея.
Загадчыца музея Наталля Мізон хвалюецца, што з валанцёрамі, якія запісаліся на расчыстку ад смецця светлавога калодзежа, немагчыма звязацца: толькі адзін з шасці папярэдзіў, што яго планы змяніліся. Астатнія маўчалі. Сіламі адных толькі супрацоўнікаў музея расчыстка зойме шмат часу. Напярэдадні музейшчыкі звярталіся да жыхароў пад'езда з прапановай падтрымаць ініцыятыву, але ніхто з іх не згадзіўся папрацаваць у суботу. На шчасце, на дапамогу прыехалі трое веласіпедыстаў, якія некалькі гадзін бойка працавалі граблямі і венікамі побач з супрацоўнікамі музея.
Дом, у якім месціцца музей, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя архітэктарам Гаем. Гэта адзіны дом у Мінску, які мае светлавы калодзеж. "Канешне, мы вельмі ўважліва адносімся да культурнай спадчыны Петруся Броўкі, і паколькі знаходзімся ў такім доме, нейкім чынам даглядаем і яго. Прыйшла вясна, і хочацца бачыць чыстым свой горад, таму мы вырашылі зрабіць канкрэтны ўклад у гэтую справу", - расказвае Наталля Мізон.