Апошні артыкул Паўла Шарамета — пра беларускую мову

Украінскі гісторык, нехта Расціслаў Мартынюк, публікаваў пост пра беларусаў, беларускіх турыстаў у Балгарыі, пра тое, як мы з вамі нізка трымаем галаву і стараемся не выдзяляцца з натоўпу турыстаў сваімі нацыянальнымі рысамі.

Я не люблю абагульненняў, таму тэкст Расціслава не цягне на сур’ёзнае сацыялагічнае даследаванне. Не да канца зразумеў аўтар характар беларусаў. Аднак нешта важнае і тыповае ў паводзінах беларусаў ён адразу адчуў.

Парадак у нас узведзены ў абсалют, і нам самім падабаецца, калі нас называюць, напрыклад, немцамі Усходняй Еўропы. Лукашэнку да пэўнага часу падабалася называць беларусаў “рускімі са знакам якасці”.

Галоўнае, што кінулася ў вочы ўкраінцу і заўважаюць усе замежнікі, наведваючы Беларусь або размаўляючы з беларусамі дзе-небудзь, гэта тое, што мы, беларусы, страцiлi сваю родную мову.

Ніхто не размаўляе па-беларуску, а калі і размаўляе, то на яго глядзяць або з падазрэннем, або са здзіўленнем, рэдка — з сімпатыяй. Прынамсі, так было яшчэ нядаўна.

Маладыя людзі раз за разам спрабуюць паламаць гэты сталы парадак, яны пачынаюць размаўляць на беларускай, але потым сталеюць і пераходзяць на рускую. Як усе. Цяжка ж доўга быць белай варонай. Прыкладаў прыводзіць не буду, вы ведаеце такіх людзей не горш за мяне.

Мае мінскія сябры зараз здзіўляюцца, што я шмат выкарыстоўваю ў штодзённым маўленні ўкраінскіх словаў і ўкраінскіх выразаў, што думкі свае я магу ўжо выказаць па-ўкраінску. Яны пытаюцца ў мяне, калі ж нарэшце я перайду на беларускую. Не ведаю…

У Кіеве я амаль увесь час знаходжуся ва ўкраінамоўным асяродку, а ў Мінску нават лідары апазіцыі, адгаварыўшы ў эфіры на беларускай, у жыцці пераходзяць на рускую.

Пражыў бы Савецкі Саюз яшчэ гадоў 15—20 — і беларусы як нацыя цалкам растварыліся бы ў рускім этнасе. За імі сышлі б у цень гісторыі і ўкраінцы.

Лёс даў народам шанец захавацца. Ва ўкраінцаў гэта атрымліваецца лепш, у беларусаў — складаней.

З дзяцінства я быў аддзелены ад беларускай мовы правіламі нашага грамадства. Я вырас у добрай сям’і адукаваных людзей, навукоўцаў і чыноўнікаў. Але мы ніколі не размаўлялі на беларускай мове. Ніхто вакол нас не размаўляў на беларускай.

Потым, пазней, я сам быў адэптам ідэі, што не трэба навязваць людзям мову і пасмейваўся з упартасці тых, хто працягваў размаўляць на беларускай. Я падазраваў іх у няшчырасці і нават кан’юнктурнасці. Я і цяпер сцвярджаю, што сапраўднымі патрыётамі Беларусі могуць быць і людзі, якія не гавораць па-беларуску, як абараняюць Украіну рускамоўныя салдаты. Аднак сёння мне сорамна за тыя думкі.

Жыццё ва Украіне змяніла маё стаўленне да роднай мовы. Я ўсё часцей пераходжу на ўкраінскую, хай яна і гучыць у мяне карава, але я жыву ў украінамоўным асяроддзі. Спачатку вы кажаце па-ўкраінску з-за павагі да тых людзей, хто побач з вамі. Пасля гэта робіцца чымсьці натуральным.

Вы можаце не любіць ўкраінскую мову. У рэшце рэшт жыхары Львова ці Івана-Франкоўска таксама не любяць рускую. Але яны адказваюць вам на рускай, яны ведаюць рускую. Калі вы паляк ці рускі, то ніхто не павінен патрабаваць ад вас любові да беларускай мовы, але ў вас адкрыюцца дадатковыя магчымасці, калі вы загаворыце па-беларуску.

Ва Украіне, калі вы хочаце дасягнуць сапраўднага поспеху, то павінны разумець, гаварыць і пісаць на дзвюх мовах. Усе чыноўнікі там абавязаны мець зносіны па-ўкраінску. Калі-небудзь і ў Беларусі свабоднае валоданне дзвюма мовамі (не веданне і ўменне прачытаць пару старонак, а менавіта валоданне і актыўнае выкарыстанне) стане нормай.

Я жыву ў Кіеве ўжо пяты год. Я не збіраюся мяняць грамадзянства і не ўдаю сябе за ўкраінца. Гэтага ніхто і не патрабуе. Але я бачу, як шмат людзей беражліва ставіцца да сваёй роднай, украінскай, мовы, што пачынаю і сам пераходзіць на ўкраінскую. Я ўжо амаль усё разумею, але яшчэ не кажу.

Я па раніцах вяду праграму на адной з украінскіх радыёстанцый і кожны дзень у эфіры чытаю па 10 хвілін на ўкраінскай мове. Я не баюся рабіць памылкі і выглядаць смешным.

Не бойцеся і вы, разумныя людзі вас зразумеюць і падтрымаюць, а дурням і тлумачыць нічога не трэба. Дурняў наогул не павінна быць побач з намі.

Нядаўна я быў у Мінску, зайшоў у кнігарню і купіў падручнік беларускай мовы Галіны Мыцык. Не ведаю чаму, але проста вельмі моцна захацелася яго купіць.

Артыкул выйшаў 17 ліпеня на “Беларускім партызане“.

Еўрарадыё