Апісаны зорны шлях Барыса Кіта

Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выдалі кнігу, прысвечаную 100-гадоваму юбілею “найпершага беларуса з беларусаў свету” як назваў Барыса Уладзіміравіча Васіль Быкаў. Кніга так і называецца “Зорны шлях”.

Укладанне зрабіла давераная асоба і першы біёграф Барыса Кіта Лідзія Савік.

6 красавіка 2010 года Барыс Уладзіміравіч прымаў віншаванні са 100-годдзем з Беларусі, Расіі, ЗША, Германіі, ад навуковых арганізацый, шматлікіх сяброў, знаёмых, родных.

У кнізе сабраны прысвечаныя юбіляру артыкулы, інтэрвью і матэрыялы апошніх гадоў, у тым ліку вершы Рыгора Барадуліна, Вольгі Іпатавай, Сяргея Законнікава, Васіля Жуковіча, прысвечаныя Барысу Кіту.

Таксама ў кнізе даецца хроніка жыцця славутага беларуса, звесткі пра гісторыю стварэння музея Барыса Кіта ў Наваградку, каталог персанальнага архіва Барыса Кіта, які захоўваецца ў фондах Наваградскага гістарычна-краязнаўчага музея.

На каляровай уклейцы ў сярэдзіне кнігі сабраны фотаздымкі з экспазіцыі музея Барыса Кіта, з вечарыны, прысвечанай 100-годдзю Барыса Кіта ў Мінску, выявы дыпломаў Барыса Уладзіміравіча.

***

Зорны шлях / укл. Л.Савік. - Мінск : Кнігазбор, 2011 - 112 с.

zbsb.org