Апублікаваны адзіны сольны альбом Рыгора Барадуліна (АЎДЫЯ)

Гэты альбом лічыўся рарытэтным, выдаваўся толькі на касэтах і хутка разышоўся, а ў сеціве да гэтага публікаваліся толькі асобныя трэкі. У час зімовых сьвятаў Алесь Камоцкі, з падачы якога і адбыўся гэты запіс, вырашыў зрабіць прыемнасьць ды выклаў для праслухоўваньня ўсе 56 трэкі. Паэт акапэла сьпявае песьні ды прыпеўкі з роднай Вушаччыны.

«Ідэя запісу была мая, і дзядзька Рыгор адгукнуўся на яе з імпэтам, бо яму хацелася зафіксаваць тое, што ён ведаў. Ён сам склаў сьпіс песень і мы ўсё запісалі ў мяне дома, за гарбатаю, за нейкія тры гадзіны», – паведаміў у камэнтары для Tuzin.fm Алесь Камоцкі. Спадар Алесь у будучыні таксама зьбіраецца апублікаваць трэкі, якія не ўвайшлі ў гэты альбом.

Менавіта сьпевы з Вушаччыны натхнілі шэраг музыкаў на праект «Песьні матчыны», прэм’ера якога заплянаваная на дзень народзінаў паэта – 24 лютага ў дзяржаўнай філярмоніі.

Усе трэкі можна паслухаць на старонцы альбому «Гойкнуў баравік» на Kamunikat.org

На загалоўным фота: Рыгор Барадулін і Алесь Камоцкі, 2000 год.

ЯШЧЭ: ТУЗІН СЬПЕВАЎ АД ДЗЯДЗЬКІ РЫГОРА

Tuzin.fm, фота БДАКФФД

tuzin.fm