Арганізатар Дзён шведскай і беларускай літаратуры Марыя Сёдэрберг: «Усё, што ты гаворыш, вольнае»

- У гэтым годзе Дні беларускай і шведскай літаратуры ўпершыню праводзіліся па-за межамі Беларусі. Ці была розніца ў падрыхтоўцы да мерапрыемства?

- Розніца вельмі невялікая, таму што галоўная ідэя - запрасіць добрых людзей, паэтаў і пісьменнікаў - засталася нязменнай. Для падрыхтоўкі патрэбна было знайсці месца, напрыклад, тэатр у Львове, і кагосьці, з кім можна супрацоўнічаць на мясцовым узроўні. Уся падрыхтоўка амаль аднолькавая, дзе б вы не былі. Таму гэта не было складаным. Я два разы прыязджала ў Львоў і адзін раз у Кіеў. Тое ж самае я бы зрабіла ў Беларусі.

У той жа час, мяне засмучае, што мерапрыемства прайшло не ў Беларусі. Мы планавалі з’ездзіць у Дастоева і зрабіць шоу лялек «Мама Му» для дзяцей. Але прыйшлося адмовіцца ад гэтых планаў і спадзявацца, што мы зможам прыехаць у наступным годзе.

- Чаму месцам правядзення стаў менавіта Львоў?

- Я вырашыла, што гэта даволі блізка да Беларусі. Да таго ж беларусам не патрэбна ўкраінская віза. Калі б мы адправіліся ў Польшчу, то ўзніклі б пытанні наконт яе. Шведам таксама не патрэбна віза, гэта вельмі зручна.

Я не люблю ніякія межы. Спадзяюся, што ў будучыні мы зможам жыць без візаў, таму што мы ўсе людзі. Калі мы абмяжоўваем нашы тэрыторыі і задаем рамкі, гэта супярэчыць нашай прыродзе. Літаратура не мае межаў, кожны можа чытаць. І кнігі паказваюць нам, што мы можам падарожнічаць дзякуючы ім.

- На працягу Дзён літаратуры гучалі выказванні наконт палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Гэта было зроблена наўмысна ці ўдзельнікі самі задалі мерапрыемству такі напрамак?

- Я ніколі не планую, што розныя паэты і пісьменнікі будуць чытаць. Гэта іх выбар. Я даю толькі трыбуну для выступленняў. І галоўнай ідэяй усіх Дзён літаратуры застаецца тое, што слова вольнае. Усё, што ты гаворыш, вольнае. Я не падвяргаю цэнзуры тых пісьменнікаў, якія запрашаюцца да нашых тураў.

Мне здаецца, што шведы не абмежаваныя ў тэмах, па якіх могуць выказвацца. Яны гавораць пра прыроду, барацьбу, чалавека. Шведы ніколі не гавораць пра тое, што літаратура адасоблена ад іншых з’яў. Я ніколі нават не думала пра гэта (усміхаецца).

Але ёсць тое, пра што я хацела б расказать. Я была на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, і мяне вельмі засмуціла сітуацыя, якая там склалася. Я сустракалася з людзьмі з кампаніі, з працоўнымі і іх сем'ямі, і калі пачула пра іх становішча, то вырашыла сказаць, што мы іх падтрымліваем. Але для меня гэта не палітыка, а неабходнасць абараняць правільныя рэчы. Я зрабіла б тое ж самае, калі б гэтыя падзеі адбываліся ў іншай краіне. Таму што чалавек не павінен страціць працу з-за таго, што мае меркаванне.

- Як падбіраліся ўдзельнікі мерапрыемства?

- Гэта ішло ад сэрдца. Мне ніхто не казаў, што я павінна рабіць. Адзінае, што для меня было важна, - гэта папулярызаваць беларускую мову. Рускамоўных людзей вельмі шмат, гэтай мовай карыстаюцца ў Расіі, Украіне, ва ўсім свеце.

Калі вы памятаеце, я нарадзілася ў Лапландыі і прадстаўляю саамскую культуру. Мая мова была страчана. Яна знікла. Саамская мова знікла ў маёй сям’і, таму што шведская дзяржава мела агрэсіўны настрой і забараніла гэтую мову. Сёння только 25 чалавек могуць размаўляць на мове маёй мясціны. І, калі я пачула пра трагедыю беларускай мовы, у мяне з’явілася жахлівае пачуццё, што яна можа згубіцца.Таму я вырашыла папулярызаваць беларускую мову на Днях літаратуры.

Што тычыцца ўдзельнікаў, то я адштурхоўвалася ад розных ідэй. Я запрасіла музыку Даніэля Вікслунда, таму што ён піша песні пра людзей і ён блізкі да іх. Таму я люблю яго музыку. Я таксама выбрала Ені Урангборг, якую можна назваць палітычнай паэткай. Я вырашыла, што будзе добра паказаць такі бок літаратуры, таму што для Швецыі з’яўляецца традыцыяй пісаць вершы пра рабочы клас, пра рабочыя месцы. Ені вельмі папулярная ў Швецыі і шмат вандруе па краіне.

Калі казаць пра беларускіх аўтараў, то па выніках папярэдніх літаратурных сустрэч мы склалі анталогію на шведскай мове «Слова як ластаўка жыве ў сэрцы». У гэтую кнігу ўвайшлі пераклады твораў Святланы Алексіевіч, Рыгора Барадуліна, Валянціна Акудовіча. Восенню я буду рабіць другую частку і вазьму здымкі з сённяшняй паездкі.

Гэтыя аўтары пішуць пра розныя рэчы: пра жыццё, мужчын і жанчын, кветкі, птушак. Я змясціла ў кнізе здымкі амаль пра ўсё (адкрывае анталогію). Гэта здымак з Баранавічаў, гэта Вера Бурлак, Уладзімір Някляеў. Вы ведаеце, Някляеў - мой сябар. Я была шакаваная, калі даведалася, што з ім здарылася. Я маю на ўвазе, што ніводны паэт у Еўропе не павінен сутыкацца з такімі праблемамі. Таму ўчора (18 мая - заўв. аўт.) мы сустракаліся ў турме (маецца на ўвазе музей-мемарыял ахвяр акупацыйных рэжымаў «Турма на Ланскога», дзе чыталі вершы Уладзіміра Някляева і вытрымкі з артыкулаў Алеся Бяляцкага - заўв. аўт.). Такія праблемы вышэй за палітычныя, яны вышэй за структуру любога грамадства. Гэта магло здарыцца ў Швецыі, там таксама адбываюцца дрэнныя падзеі. Але, калі я ведаю, што такое сталася з беларускім паэтам, з якім я знаёмая, я адчуваю, што павінна зрабіць нешта для яго.

Сёння мы едзем ў падарожжа па мясцінах Бруна Шульца. Ён быў застрэлены нацыстам, але пакінуў дзве кнігі. І ён вядомы ва ўсім свеце дзякуючы гэтым працам. Але ў свой час ён не мог іх надрукаваць, таму што быў габрэем. Ці можаце вы ўявіць, што вы нарадзіліся дзесьці і прапалі? Я маю на ўвазе, што мы не можам пажадаць, дзе нам нарадзіцца, але гэта не павінна абмяжоўваць усё наша жыццё.

- Учора Уладзімір Арлоў сказаў, што людзі за мяжой цікавяцца беларускай літаратурай больш, чым самі беларусы. На вашу думку, чаму так адбываецца?

- Гэта адбываецца таму, што ў пісьменніка няма аўдыторыі. Мы не можам сказаць, што творы забаронены, але іх немагчыма распаўсюджваць. На маю думку, гэта застаецца вялікай праблемай. Год назад у Мінску я сустракалася с Рыгорам Барадуліным. Яго больш не чытаюць па радыё. Мы не можам сказаць, што ён забаронены, але яго не рэкламуюць. Ці бачылі вы лекцыі пра Васіля Быкава па тэлебачанні? Ён фантастычны пісьменнік, які пісаў сапраўдныя, цудоўныя аповеды пра Другую сусветную вайну. Таму мы спрабуем падтрымліваць беларускую мову і пісьменнікаў, якія не маюць аўдыторыі ў сваёй краіне.

Таццяна Гапеева

Брестская газета