Архіў "Узвышша" цяпер можна спампаваць

На сайце prajdzisvet.org з’явіліся матэрыялы з архіва літаратурна-мастацкага часопіса “Ўзвышша” (“часопісь літаратуры, мастацтва і крытыкі”), створанага сябрамі аднайменнай літаратурнай суполкі. Часопіс лічыцца адным з самых адметных і значных літаратурна-мастацкіх выданняў у гісторыі новай беларускай літаратуры. З 1927 па 1930 год выдаваўся літаратурнай суполкай “Узвышша”, а ў 1931 годзе — Беларускім дзяржаўным выдавецтвам у Мінску. Усяго было выдадзена 44 нумары часопіса ў 39 кнігах.

На старонках “Узвышша” друкавалі свае творы, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка, Змітрок Бядуля, Пятро Глебка, Сяргей Дарожны, Максім Лужанін, Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Лукаш Калюга, Андрэй Мрый і інш. Шматлікія з прадстаўленых у часопісе твораў зрабіліся нацыянальнай класікай (раман “Запіскі Самсона Самасуя” А. Мрыя, аповесці “Лявон Бушмар” К. Чорнага, “Ні госць ні гаспадар” Л. Калюгі, паэма “Кругі” У. Дубоўкі і інш.). Не меншую цікавасць і значнасць уяўляюць змешчаныя ў выданні літаратуразнаўчыя, крытычныя і моўныя артыкулы, у якіх уздымаліся пытанні і шукаліся спосабы развязання разнастайных праблемаў (мастацкія канцэпцыі, герой, тэма, форма і інш.), звязаных з вызначэннем напрамкаў развіцця беларускай літаратуры, а таксама распрацоўкай, кадыфікацыяй і нармаваннем беларускай літаратурнай мовы.

Спампаваць нумары часопіса “Узвышша” можна па гэтай спасылцы.

Паводле prajdzisvet.org