Арнольд Макмілін: “Спадзяюся прыехаць у кастрычніку з жонкай і кнігай”

– Я вельмі люблю музыку, таму не губляю магчымасці патрапіць і ў беларускую філармонію, – дзеліцца спадар Арнольд Макмілін у інтэрв’ю з UFF-by.org.
– Вось зараз вырашыў схадзіць на канцэрт мандаліннай і гітарнай музыкі. Мне ўвогуле падабаецца класіка і найперш творчасць Іагана Себасцьяна Баха. Сучасная музыка падабааецца выбарачна: не люблю, калі музыканты «шумяць»… – Музыка, напэўна, другое захапленне пасля літаратуры?
– Літаратура – гэта іншае. Пра музыку я пачаў пісаць падчас 100-годдзя ад нараджэння А.С. Пушкіна – даклад «Пушкінская лірыка ў руках рускіх кампазітараў». І гэта быў самы паспяховы даклад майго жыцця! Я ездзіў па Амерыцы, Францыі, Германіі, Швейцарыі… Потым былі «Гогалеўскія Пецярбурскія расказы і музыка» і «Дастаеўскі і музыка». Шастаковіч, напрыклад, лічыў, што ў Дастаеўскага музыкі было значна больш, чым многія думаюць.


Аўтарытэтны замежны беларусіст Арнольд Макмілін пачынаў з вывучэння рускай літаратуры і філалогіі. Але, зацікавіўшыся тэмай, напісаў дысертацыю пра лексіку беларускай мовы XIX стагоддзя. Ужо ў 1977 годзе з’явілася першая манаграфія пра беларускую літаратуру ад вытокаў і да XX стагоддзя. Дзве апошнія кнігі – «Беларуская літаратура ў 50-60-я гг. ХХ стагоддзя» і «Беларуская літаратура дыяспары» – былі перакладзены з ангельскай на беларускую мову.
Сам спадар Макмілін валодае сямю мовамі, сярод якіх, вядома, і беларуская. Праўда, як кажа літаратуразнаўца, «51 тыдзень размаўляю з жонкай па-руску і толькі 1 тыдзень тут па-беларуску». Затое, прыязджаючы на Беларусь, паспявае папрактыкаваць мову, пабачыць сваіх сяброў з літаратурнага, навуковага і журналісцкага колаў, даведацца пра літаратурны працэс.


– Я спрабую зразумець вашу складаную «падвойную» сітуацыю. Для мяне дзіўна, калі чалавек шырока мысліць, але працуе ў арганізацыі, якая супярэчыць яго перакананням. На гэта мой добры сябар Адам Мальдзіс сказаў вельмі дарэчы: найважней, што людзі пішуць, а не дзе пішуць.
Гуляючы па вуліцы, спадар Арнольд Макмілін мімаволі ідзе хутка, і толькі звярнуўшы на гэта ўвагу, ўсміхаецца – «звычка!» Зрэшты, на пытанне, ці падабаецца госцю з Лондана гуляць па вечароваму Мінску, адказ атрымліваецца шчыры: – Асвятленне будынкаў – крыху недарэчнае. Такое адчуванне, што асвятлялі ўсё, што пад руку пападзецца, не зважаючы на пекнасць, стыль ці прыгажосць. Тым больш, калі ў вас такія клопаты пра энергазберажэнне, для мяне гэта дзіўна. Але сам горад, безумоўна, прыемны.
Зараз Арнольд Макмілін шчыльна працуе над кнігай па беларускай літаратуры перыяду ад 70-х гадоў і да сучаснасці. Плануе знайсці выдавецтва і прэзентаваць працу ўжо восенню:
– Спадзяюся прыехаць у наступны раз дзесьці ў кастрычніку з жонкай і кнігай.
Даследаванне будзе пачынацца з Барадуліна і Стральцова – яны самыя старэйшыя ў кнізе. Далей пра два саюзы пісьменнікаў, пра сучасную сталічную і правінцыйную літаратуру. Вось толькі што кончыў раздзел п’ес для сцэны і друку. Потым будзе БумБамЛіт і сучаснікі руху, чатыры паэткі і пісьменніцы, сярод якіх Віка Трэнас і Валажына Морт, а таксама, разам з імі, Андрэй Хадановіч.
Асноўную працу вяду ў Лондане – у Скарынаўскай і Брытанскай бібліятэках. Бо сам пісьменнік нічога не скажа пра сваю творчасць. Нават калі сяброўскія адносіны – гэта яшчэ не значыць, што хутчэй зразумееш кнігу.
– А вы чытаеце беларускіх аўтараў, якія пішуць па-руску?
Я лічу, што аўтары, якія пішуць па-руску, – рускія пісьменнікі. Хаця, напрыклад, не лічу ўсіх, хто піша па-ангельску – ангельскімі пісьменнікамі. (усміхаецца)
Калі праца над кнігай будзе завершана, наступны восеньскі прыезд стане яшчэ больш насычаным. Але прафесар мяркуе не забыцца адвесці вечар для канцэрту альбо беларускага тэатру.

Юлія Міхалюк, UFF-by.org