Арнольду Макміліну — 75!

Арнольд Макмілін нарадзіўся 21 чэрвеня 1941 г. у Ньюкасле. Вучыўся ў Лонданскім універсітэце, дзе ў 1971 годзе абараніў дысертацыю (доктар славянскай філалогіі). Выкладаў рускую мову і літаратуру ва ўніверсітэтах Лондана (1965—76) і Ліверпуля (1976—87). Ад 1987 года — прафесар рускай літаратуры Лонданскага ўніверсітэта. У 1984—86 г. быў прэзідэнтам Брытанскай універсітэцкай асацыяцыі славістаў, у 1978—88 г.— брытанскім прадстаўніком у Міжнародным камітэце славістаў, пазней стаў сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Ад даўняга часу Арнольд Макмілін з'яўляецца сябрам Англа-беларускага таварыства, удзельнікам выдання (у 1965—71 г. рэдактар) «The Journal of Byelorussian Studies». У 1991—1992 гадах пачаў чытаць курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя».

Прафесар Макмілін — аўтар шэрагу кніг, прысвечаных беларускай літаратуры: "The Vocabulary of the Byelorussian Language in the 19th Century" (London, 1971); "A History of Byelorussian Literature from its Origins to the Present Day" (Giessen, 1977); "Belarusian Literature in the 1950s and 1960s. Release and Renewal" (Koln — Weimar — Wien, 1999); "Belarusian Literature of the Diaspora" (Birminham, 2002); "Writing In A Cold Climate: Belarusian Literature From The 1970s To The Present Day" (2010).

Напісаў прадмовы да зборніка беларускай паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зборніка вершаў Л.Геніюш. Пераклаў на англійскую мову (разам з Верай Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977). Даследаваў навуковую дзейнасць Я. Карскага, Я. Чачота, творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, В. Быкава і інш.

Зусім нядаўна, у 2015 годзе, кембрыджская Modern Humanities Research Association выдала ў сваёй серыі новую кнігу прафесара Арнольда Макміліна "Spring Shoots: Young Belarusian Poets in the Early Twenty-First Century" ("Веснавая рунь: маладыя беларуская паэты ў пачатку ХХІ стагоддзя"). Кніга падзяляецца на восем раздзелаў, па якім даследчык класіфікаваў сучасную беларускую паэзію:

1. "Гістарычная спадчына" (Брыль, Барадзіна, Емяльянаў-Шыловіч);

2. "Рэлігія" (Сямашка, Філон, Аўчыннікава, Глухоўская, Чумакова, Бараноўскі, Кудасава);

3. "Пратэст супраць адчужэння і ўціску" (Коўган, Кузьменка, Івашчанка, Прылуцкі, Сцебурака, Рыжкоў, Манцэвіч);

4. "Выкарыстанне і абарона мовы" (Кулікоў, Упала, Ганна Новік, Нядбай);

5. "Лірычны імпульс" (Сівец, Сідорка, Кацюргіна);

6. "Гумар" (Мартысевіч, Плян, Ываноў, Анохін, Чайкоўская, Кухарэвіч і Папоў);

7. "Перфармататыўная паэзія" (Ленскі, Рагавая, Шостак)

8. "Пісьмо і паэтычнае натхненне" (Малахоўскі, Пачкоўская, Велет, Макарэвіч, Юлія Новік, Нілава).

Працы Арнольда Макміліна адкрылі для англамоўнага свету ўвесь спектр беларускай літаратуры — ад старажытнасці да паэзіі 2010-х. Цыкл яго літаратуразнаўчых манаграфій на цяперашні час з'яўляецца адзінай магчымасцю для шырокага еўрапейскага чытача пазнаёміцца з усёй разнастайнасцю беларускага пісьменства, прасачыць дынаміку яго развіцця, даведацца пра асноўныя кірункі і найбольш прыкметных дзеячоў і дзеячак беларускай літаратуры.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе прафесара Арнольда Макміліна з пачэсным юбілеем і дасылае шчырыя зычэнні здароўя і творчага настрою. Дзякуем Вам за шматгадовую адданую працу на карысць пашырэння ведаў пра Беларусь і беларускую літаратуру ў шырокім свеце.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org