Аршанская паэтка Яўгенія Казлова адзначыла юбілей святочнай вечарынай

Яўгенія Яўгенаўна нават разгубілася, калі пабачыла столькі моладзі і людзей больш сталага ўзросту.

Для сваіх землякоў Яўгенія Яўгенаўна прачытала вершы, расказала пра свой пісьменніцкі лёс і прызналася, што больш за ўсё на свеце любіць родны край і родную мову. Дарэчы, у паэткі шмат вершаў, прысвечаных Беларусі і беларускай мове, якія яна з вялікім натхненнем прачытала прысутным. Трэба адзначыць, што Яўгенія Яўгенаўна -- цудоўны выступоўца. Гаворыць пераканаўча, абгрунтавана і эмацыйна.

Але вернемся да вечарыны. Атмасфера была добразычлівая, цёплая і пазітыўная. Асабліва паднялі настрой песні, якія выконвала паэтка разам са сваёй сяброўкай, аднадумцай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 21 Ларысай Рыгораўнай Аніковіч. Між іншым, музыку для песень напісала таксама Яўгенія Яўгенаўна. Кожная кампазіцыя выклікала шмат эмоцый, уздымала настрой.

Цёпла прымалі аршанцы сваю паэтку-песняра. Шчыра апладзіравалі, дарылі кветкі. Выказвалі словы падзякі і пажаданні пісаць яшчэ больш такіх цудоўных вершаў і песень.

Уласная інфармацыя Віцебскага абласнога аддзялення СБП

На  здымках: падчас вечарыны Яўгеніі Яўгенаўны Казловай

Фота Настассі ЛАЗЕБНАЙ