Артур Клінаў: «Трэба асэнсаваць новую рэальнасць ды знайсці пад яе новыя словы»

Артур Клінаў

Некалі, абмяркоўваючы ў часопісе “Дзеяслоў” “Малую падарожную кніжыцу па Горадзе Сонца”, Валянцін Акудовіч параўноўваў яе з аднайменным творам утапіста Кампанэлы, падкрэсліваючы, што мы маем справу з “архітэктурным праектам”. Як выпускнік архітэктурнага факультэта вы, мусіць, павінны ведаць, дзе пачынаецца Менск і дзе ён заканчваецца. А можа, сталіца – гэта пухліна, межы якой немагчыма намацаць ні пісьменніку, ні мастаку?

Адно з магчымых вытлумачэнняў назвы Менск паходзіць ад слова змяняцца. Гэта горад, якому не пашчасціла вырасці ў цэльнае дрэва з магутнымі каранямі і неабдымным камлём. Заўсёды нехта гэты камель падпілоўваў ды спрабаваў прывіць неўласцівыя для яго пароды галіны. Таму не існуе нейкіх аб’ектыўных межаў Менска. Дрэва вырасла занадта экзатычнае ды эклектычнае, што дае права кожнаму вельмі суб’ектыўна вызначаць яго межы, адпаведна свайму густу і ўяўленню аб каштоўнасцях. Нехта шукае іх у каранях, тады яны, амаль нябачныя, схаваны пад зямлёю. Нехта не ўмее глядзець глыбока і для яго межы гэтага горада вымяраюцца кіламетрамі новабудоўляў спальных раёнаў. Мае ж асабістыя суб’ектыўныя межы Менску вымяраюцца ўспамінамі майго дзяцінства. А яны звязаны з дзвюма іпастасямі горада, з “Горадам Сонца” і Нямігай, то бок з тым нябачным падземным старым Менскам.

А ўвогуле сакральная цела горада, а значыць і яго межы, фармуе літаратура. У “Малай падарожнай кнізе па Горадзе Сонца” я паспрабаваў сакралізаваць тое, што многія лічылі брыдкім і малакаштоўным – Менск савецкі. Напэўна, шмат хто і надалей лічыць яго брыдкім, гэтак жа як і Шабаны. Але тым не менш цела горада сёння, ці яго тэкст – гэта Няміга/Стары Менск (бо Сыракомля, Пясецкі і Кульбак), Горад Сонца і Шабаны (бо Бахарэвіч). Як бачыце, не так ужо і шмат. Але, можа, калі-небудь Менск прырасце Серабранкай ці Курасоўшчынай. Тэкст горада і яго межы толькі пачынаюць складацца.

 

“Малой падарожнай кніжыцы…” папярэднічаў фотаальбом “Горад Сонца”, аб’яднаны, на маё гледзішча, прынцыпам сіметрыі архітэктуры сталінскага часу. Як вы ставіцеся да разбурэння гэтай сіметрыі, што сёння адбываецца і бачная няўзброеным вокам?

Я б назваў Горад Сонца хутчэй не горадам сіметрыі, а горадам чыстай правільнай геаметрыі. Кожны ідэальны горад – гэта горад правільнай геаметрыі. Яе антыпод і вораг – дробнабуржуазны хаос. Сення ён прыйшоў у горад і квартал за кварталам захоплівае ягоную прастору. Па сутнасці, адбываецца тое, што ўжо не раз адбывалася з Менскам. Цяпер і да гэтага камля спрабуюць прывіць чужародныя галіны. Аднак гэта непазбежна. Ідэальны горад можа існаваць толькі ў ідэальным грамадстве, ці, прынамсі, у грамадстве, якое дэкларуе сваю прагу да ідэальнага грамадства. Але ідэальнае грамадства – гэта заўсёды жорсткая таталітарная сістэма, грамадства правільнай сацыяльнай геаметрыі. Тое, што мы яе пазбываемся – гэта добра. Але Горада Сонца ўсё адно шкада. Ён – унікум, і мог бы стаць урбаністычнам помнікам марным марам чалавецтва пра сацыяльнае шчасце. А так мы хутка страцім гэтае экзатычнае дрэва і зарасцем эклектычным пустазеллем. Страціўшы гэты унікальны камель, Менск стане шэрым, такім, як многія тысячы нікому не цікавых, бессэнсоўных гарадоў у свеце.

 Яшчэ да выхаду вашага рамана “Шалом” выбухнула незвычайная, вельмі гучная рэкламная кампанія “Шалом у кожны дом!”. Разам з тым, адчувалася, што гэта нешта большае, чым проста піяр і раскрутка. Хутчэй, своеасаблівы жэст іранічнага мастака-авангардыста. Наколькі апраўдала сябе падобная тактыка і ці паўплывала на продажы кнігі?

 

Кампанія “Шалом у кожны дом!” ад самага пачатку задумвалася як абсурдысцкая мастацкая акцыя. Пад яе быў створаны адмысловы сайт, на якім штодня мусілі з’яўляцца фэйкавыя абсурдысцкія навіны з усяго свету. Пачатак кампаніі якраз супаў з татальным абсурдам у нашым грамадстве, які настаў пасля выбараў 2010 года, што толькі дадало кампаніі каларыту. Праўда, многія не ўспрынялі гэтую акцыю як татальны інфармацыйны перформанс, а паставіліся да яго занадта сур’ёзна, убачылі ў ім толькі спробу самапіяру. Канечне, момант піяру ў кампаніі быў, але сама акцыя перш за ўсё была самастойным мастацкім праектам, вельмі іранічным і сцёбным. Адно шкадую, што не атрымалася давесці яе да канца. Сайт Shalom.by быў актыўны толькі некалькі месяцаў, потым я пераключыўся на іншыя праекты і кампанію закінуў. А можна ж было стварыць паўнавартасны фэйкавы інфармацыйны партал. Што ж тычыцца ўплыву кампаніі на продажы “Шалома”, то беларуская літаратура -- не тая сфера, на якой можна зарабіць грошы. Прынамсі, продажы аўтарскай часткі накладу рамана нават не пакрылі выдаткі на промакампанію, хаця кніжка стала даволі вядомай. У тым сэнсе, што многія яе не чыталі, але нешта чулі.

 

Усе вашы кнігі зусім розныя – змяняецца герой, час, структура. “Шклатара”, уганараваная ІІ прэміяй Ежы Гедройца, раздвойвалася фактычна на дзве кнігі, але, як на мяне, то гэтыя дзве сюжэтныя лініі – інсургенцкую і сучасную – аб’ядноўвае гнятлівая нервовая атмасфера. Што яе спарадзіла?

Раман “Шклатара” напісаны на падставе рэальных падзеяў канца 2010 – пачатку 2011 года, якія я ўпрыняў вельмі балюча, успрыняў, як драму Беларусі. Мы ў чарговы раз страцілі шанец вырвацца з зачараванага кола. Дзве лініі ў рамане, якія ўплятаюцца адна ў другую, мусілі падкрэсліць, што трагедыя Беларусі ўзнікла не сёння і не пры цяперашняй уладзе. Яна цягнецца ўжо колькі стагоддзяў, у якіх мы блукаем, спрабуючы знайсці выйсце. І кожны раз, калі, як нам здаецца, мы набліжаемся да яго, сцены лабірынту раптам змыкаюцца, і мы зноў адпраўляемся па тым жа зачараваным коле. Баршчэўскі – аўтар, які адзін з першых паспрабаваў асэнсаваць трагедыю Беларусі ў літаратуры. Усе аповеды “Шляхціца Завальні” – не проста жахі ці чорны фальклор, а прытчы, расповед пра драму Беларусі/Рэчы Паспалітай. І ў гэтых блуканнях мы не самотныя. Зірніце на Украіну. Здаецца, ёй амаль удалося, але мы бачым, наколькі гэта балюча – вырвацца з лабірынту.

 

Чатырнаццаты год існуе альманах сучаснага беларускага мастацтва “pARTisan”. Памятаю, упершыню я ўбачыў яго ў падземным пераходзе пад чыгуначным вакзалам. Жанчына, якая, рызыкуючы, прадавала там апазіцыйную прэсу, раптам прапанавала мне першы нумар новага альманаха. Мяне ўразіла самая магчымасць з’яўлення ў той час, скажам так, “беларускамоўнага альтэрнатыўнага глянцу”. Былі, канечне, подступы ў выглядзе, напрыклад, альманаха NIHIL, але “pARTisan” выглядаў сапраўдным прарывам у невядомае. Цяпер, калі мінула даволі шмат часу, якім бачыцца вам пакліканне “pARTisan’а” і наколькі яго з’яўленне паўплывала на беларускую мастацкую супольнасць?

 

Калі мы пачыналі праект “pARTisan”, то зыходзілі з тэзы, што беларуская культура павінна прайсці сур’ёзны апгрэйд, то бок зрабіцца культурай сучаснай, высокатэхналагічнай, перадавой. Бо толькі тады ў яе ёсць шанец на будучыню, а значыць ёсць шанец на будучыню і ў народа. У пэўным сэнсе гэта была адраджэнская пазіцыя. Толькі класічныя адраджэнцы ішлі ад каранёў і да каранёў. Гэта і слушна і трэба, але недастаткова дзеля выжывання нацыі ў сучасным свеце. Бо свет ужо рушыў далёка наперад, і нам край як патрэбны інтэлектуальны прарыў у найноўшыя культурныя тэхналогіі. За апошнія амаль 15 гадоў як існуе праект “pARTisan”, у беларускай культуры шмат што змянілася. На колькі паўплываў на гэтыя змены праект “pARTisan” не буду казаць, але і наш унёсак тут ёсць. Апроч таго “pARTisan” –  велізарны архіў, які складаецца з каля пяцісот аўтэнтычных тэкстаў ды тысяч і тысяч выяваў. У пэўным сэнсе гэта хранатоп пераменаў. Думаю, калі-небудзь нашчадкі будуць даследаваць нашую эпоху і паводле пажоўклых нумароў “pARTisan’а”.

 

Дзяржаўныя мастацкія ўстановы даволі насцярожана ставяцца да сучаснага мастацтва. Ствараецца ўражанне, што на прэзентацыю мастацтва вылучаецца паўтары капейкі, якіх ледзь-ледзь хапае, каб выдрукаваць серыю паштовак ці маленечкі альбомчык Івана Хруцкага. На гэтым фоне серыя мастацкіх альбомаў, якую выдае “pARTisan” і якую вы курыруеце, бачыцца спробай альтэрнатыўнай прэзентацыі мастацтва. Фактычна за некалькі гадоў вы зрабілі ў гэтым кірунку столькі, што перамаглі ў рэпутацыйнай барацьбе, але ці ставілася такая мэта?

 

У “pARTisan’а” няма задачы ўзяць на сябе ролю альтэрнатыўнага Міністэрства культуры. Хай наша Міністэрства культуры і надалей займаецца сваёй таямнічай справай, фінансуе фільмы, якія ніхто не бачыць, друкуе пісьменнікаў, якіх ніхто не чытае. Наша ж стратэгія – выбудаваць у беларускай культуры сваю сістэму каардынат, стварыць свой пантэон з культурных герояў, аўтараў, якіх мы лічым важнымі для беларускай культуры. Праект “Калекцыя pARTisan” накіраваны менавіта на гэта. На сёння мы выпусцілі ўжо 12 альбомаў, у планах яшчэ колькі дзясяткаў. Але і гэтага будзе замала, каб ахапіць усіх мастакоў, сапраўды вартых увагі. Увогуле, сучасная беларуская культура трымаецца на культурным героі. Калі дзяржава інвестуе ў састарэлую постсавецкую культурную мадэль, а альтэрнатыўная індустрыя культуры яшчэ не паўстала, застаецца толькі аўтар, які мусіць весці свой асабісты партызанскі рэйд у вельмі суровых умовах, з усведамленнем таго, што разлічваць можна толькі на сябе і грошай на творчасці ён не заробіць. Аднак, калі чалавек свядома гэты выклік прымае, схіляю перад ім галаву.

 

Пасля выдання “Шклатары” прайшло колькі часу, але ў інтэрнэце часцей з’яўляюцца фота з мастацкіх пленэраў, чым весткі пра новы раман. Мастак пакуль што перамагае літаратара, але, можа, інфармацыя засакрэчаная і новы раман ужо ляжыць на стале?

Безумоўна, планы працягваць літаратурную дзейнасць ёсць. Ды і з мастацтвам завязваць я не збіраюся. Прынамсі, апошнім часам зноў пацягнула да жывапісу. Проста пакуль я ўзяў невялікі тайм-аўт. Бо свет за апошнія два гады настолькі змяніўся, што тэмы ды кнігі, якія хацелася напісаць, раптам падаліся смешнымі і неактуальнымі ў час, калі побач ідзе вайна. Значыць, трэба памаўчаць, асэнсаваць новую рэальнасць ды знайсці пад яе новыя словы. А калі словаў зараз няма, а ёсць толькі эмоцыя, то жывапіс – найлепшы пераказчык моцных пачуццяў.

А пакуль я будую арт-вёску у Каптарунах на мяжы з Літвой. Гэта новы вялікі праект – “Артхаўс pARTisan”, месца для мастацкіх пленэраў, арт-рэзідэнцый і фэстаў. Першы пілотны фестываль “Саламяны вырай” мы ўжо правялі ў жніўні гэтага года. Ведаеце, гэта добрая тэза для кожнага беларуса: “Калі не маеш магчымасці ўладкаваць сусвет, уладкуй хаця б невялікі вырай на сваёй зямлі”.

Фота з асабістага архіву Артура Клінава  

Гутарыў Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org