«Астэроід» у небе беларускай паэзіі — шукайце новую кнігу ў кнігарнях

У трох раздзелах зборніка "Мір падобны да раю", "На арбіце тваёй!, "Бог ёсць зіма": змешчаныя вершы створаныя ў класічнай манеры.

1. “Беглы настаўнік” і грузчык

Пра сябе цяпер нярэдка з подсмехам кажу: “беглы настаўнік”. Хацеў разбудаваць сваё жыццё вакол прафесіі педагога, але эканамічны крызіс 2011-га года і цынічна-меркантыльнае стаўленне да падначаленых з боку чальцоў адукацыі (любога ўзроўню) нарэшце пераканалі: варта шукаць долі зусім у іншым напрамку.

У Менску працую грузчыкам у “добрага пана”: тут без дэкларацый відаць, што мы найперш людзі, а пасля ўжо – кіраўнікі і падначаленыя, дый без возу дадатковых клопатаў зарабляю, як дырэктар школы ці вопытны, cа стажам педагог на малой радзіме.

2. “Дыктую нататкі ў смартфон”

Час для паэзіі цяпер знайсці няцяжка: нават у працоўны час можна вылавіць паўхвіліны ды надыктаваць разумніку-смартфону страфу, пазней – другую, трэцюю… Потым праз той жа смартфон ці ноўтбук усё будзе акуратна выкладзена ў пабліку “Рэспубліка Хэвіліра”: 90 адсоткаў “свежай творчасці” Ігара Канановіча ужо амаль 3 гады размяшчаецца на яго сцяне.

Паэзія заўжды важная для мяне – нават калі доўга не пішу. Слова здольнае акумуляваць багата энергіі, што ўжо само па сабе не можа не быць сур’ёзным.

Ігар Канановіч

3. Кніга як помнік юнацтву

З аднаго боку, зборнік — афіцыйнае сведчанне таго, што недарэмна пражыў палову жыцця; калі паглядзець з другога, “Астэроід” – помнік на брацкай магіле найлепшых надзей і памкненняў позняга юнацтва – пачатку сталасці.

4. Як ствараюцца вершы

Натхненне? Амаль кожны верш — гэта ўрэчаўленне эмацыйнага выбуху, як наступства нечаканага краху спадзяванняў — асабістых і грамадзянскіх.

5. Пра назву

Назву кнізе даў адзін з наймацнейшых, на мой погляд, вершаў. Таксама важна было сімвалам астэроіда падкрэсліць сваю ўнутраную незалежнасць.

Сур’ёзна пісаць вершы пачаў на філфаку БДУ, таму арыентуюся на аўдыторыю ад яго ўзроўню, хаця не імкнуся лішні раз “папіжоніць” слоўным выкрутасам.

Астэроід

Хай вабяць зноў магутных зорак галасы —

Не даспадобы мне сістэм трывалых межы.

Я — астэроід. Я — Сусвету блудны сын.

Я ў вечным пошуку. Жыву, а не залежу.

Непадуладная фантазіі краса

Перада мной. Майго жыцця святая мэта.

Я — астэроід. Валацуга і карсар.

І, можа, толькі геніяльная камета

Мяне прымусіла б нядоўга паслужыць.

Але парушыцца чарговая прысяга...

Я — астэроід. Я інакш не ўмею жыць.

І гімнам вольнаму — нянавісць і павага...

Я  — астэроід. Незалежны, моцны рух.

Я — скамянелая энэргія палёту.

І, гравітацыі чужой парваўшы круг,

Ператвараюся ў свабоды вечнай ноту...

Прэс-служба СБП