Аўтапартрэт на фоне класіка

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» да юбілею Максіма Танка выйшла кніга ўспамінаў пра паэта. 

Аўтапартрэт на фоне класіка
Укладальнікам зборніка ўспамінаў, прысвячэнняў, эсэ «Максім Танк. На камні, жалезе і золаце» з’яўляецца Уладзімір Казбярук.

 

Максім Танк (1912—1995 гг.) быў настолькі плоць ад плоці пэўнага гістарычнага перыяду, што зборнік становіцца своеасаблівай машынай часу, якая гарантуе старэйшаму пакаленню чытачоў згадкі пра мінулыя часы (і прыемныя, і не вельмі), а для маладзейшых некаторыя факты з жыцця класіка і з таго савецкага побыту могуць стаць экзотыкай (напрыклад, як паэт пераходзіў мяжу з Заходняй Беларуссю і як вяртаўся назад з заданнем; як у савецкія часы можна было атрымаць кватэру па заяве і абставіць яе дэфіцытнай мэбляй).

 

Побытавыя дэталі сапраўды працуюць на выяўленне перакананняў і светапогляду Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко). Напрыклад, такая згадка Янкі Брыля пра жонку класіка: «Старая нямоглая Танкава Люба поле грады, а курортнікі ідуць нарачанскім берагам каля іхняй дачы і — гаспадыня чуе — гавораць:

— Во, наймічцы і выхаднога не даюць!» 

Іван Шамякін апісаў жыццё літаратурнай багемы Беларусі таго часу, у чыіх пагулянках Максім Танк удзельнічаў мала, бо не паліў цыгарэт, не ўжываў алкаголю (відаць, бярог хворы пасля адсідкі ў віленскай турме Лукішкі страўнік) і мужна аджартоўваўся нават у сітуацыях «алкагольнага прымусу».

Зрэшты, у кампаніях Максім Танк нават без гарэлачнага допінгу быў вясёлы і жартаўлівы, хіба за выключэннем безвыходных сітуацый, дзе трэба было «прайсці праз вернасць»: «І спявачка тут жа аблюбавала найпрыгажэйшага сярод нас — Яўгена Іванавіча. І з акцёрскай бесцырымоннасцю ледзьве не павісала на ягонай шыі. Не доўга думаючы, Максім уцёк з застолля».

 

Сакрэт удалага сямейнага жыцця пісьменнікаў таго часу Іван Шамякін сярод іншага бачыў у сціпласці жонак: «…нашы жонкі, учарашнія сялянкі, не мелі асаблівых прэтэнзій, было б дзецям на хлеб, малако і каўбасу…» Але непераборлівыя ў побыце жонкі былі пераборлівымі ў літаратуры, калі аказваліся першымі чытачамі і крытыкамі твораў сваіх мужоў.

Калі Максім Танк быў рэдактарам часопіса «Полымя» (1948—1966 гг.), то супрацоўнікі збіраліся ў рэдакцыі толькі пасля абеду, каб сустрэцца з аўтарамі, абмеркаваць праўкі, а працавалі з рукапісамі дома, зрэшты, дома раніцай можна было падбаць і пра ўласную творчасць. Калі выдавалася магчымасць, Максім Танк мог за дзень напісаць некалькі вершаў, праўда, рознай якасці, даючы магчымасць крытыкам казаць пра «танкаўскую няроўнасць».

Магчыма, з прычыны гэтай няроўнасці аўтары ўспамінаў часта выбіралі для цытавання адны і тыя ж творы. А з іншага боку, гэтыя паўторы — паспяхова здадзеныя іспыты на праграмнасць вершаў Максіма Танка: «Калі міністр культуры Скульскі заявіў, што праз 10 гадоў у Польшчы са свечкай не знойдуць ніводнага беларуса, малады Танк напісаў вершаваны адказ:

Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога,
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?»

Ва ўспамінах аўтары згадвалі найперш тыя моманты сваіх стасункаў з класікам, якія мелі дачыненне хутчэй да побытавых сітуацый, а не да літаратурных: напрыклад, здабытая па-зачаргой кватэра,

хоць хапае і радасных згадак аб прабітай Максімам Танкам публікацыі, пра падтрымку студэнтаў-бунтаўшчыкоў беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ (Алесь Разанаў і кампанія), пра легітымізацыю Танкам у вачах улады тых, хто не меў бездакорнай біяграфіі.

 

У кожнага з 27 аўтараў успамінаў і эсэ Максім Танк аказаўся свой: то ён прынцыповы змагар, тонаіўнавата-непрактычны чалавек, то ідзе супраць цячэння, то «Ён быў у жыцці салдатам, які абавязаны выконваць загады вышэйшага начальства». 

Зборнік успамінаў і прысвячэнняў адлюстраваў не толькі побытавага Танка, але і міфалагізаванага. Вядома,вершы-прысвячэнні не маюць права на банальнасць. Нейкія аднадзённыя рыфмаванкі мусяць знікнуць, а лепшыя — становяцца класікай безадносна да героя-натхняльніка:

Ты адзін, ты адзін, ты адзін,
ты застаўся адзін на Славяншчыне,
і Радзіма твая, паглядзі, —
русакосая Янычаршчына.


(«Маналог „тутэйшага“». А. Сыс)

Амаль тры дзясяткі аўтараў успаміналі Максіма Танка на старонках гэтага зборніка.

Кніга атрымалася займальнай ды інфарматыўнай, і мы, чытачы, цяпер ведаем шмат пра тое, што значыў Максім Танк у жыццях гэтых людзей, вядомых і шараговых. Але мы не ведаем, што значылі гэтыя людзі ў жыцці Максіма Танка. І ўжо дакладна можна сказаць, што на яго творчасць мала ўплывала здабытая для некага кватэра, хай сабе ёй карыстаюцца дагэтуль. Але зборнік «Максім Танк. На камні, жалезе і золаце» ўяўляецца неабходнай умовай для будучага стварэння паўнавартаснай літаратурнай біяграфіі беларускага класіка.


via nn.by 

Аксана Бязлепкіна, "Звязда"