Аўтар "Сіняй кнігі беларускага алкаголіка" раскрыў сваё імя

На днях у кнігарні “логвінаЎ” адбылася аўтограф-сесія аўтара "Сіняй кнігі беларускага алкаголіка". Літаратар, які схаваўся за псеўданімам Антон Кулон, вырашыў раскрыць сваё сапраўднае імя. Чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з фізікам, грамадскім дзеячам, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатолем Астапенкам. 

“Сіняя кніга…” складаецца з дзвюх частак — мемуарыстычнай і дыдактычнай. Найбольшую цікавасць уяўляюць з сябе ўспаміны, у якіх апісваецца жыццё інтэлектуальнай эліты 1970-80-х, тагачасны багемны Мінск. Героі аповедаў — пісьменнікі, журналісты, кампазітары, мастакі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі, —  знаходзяцца ў асяродку, які часцяком разумее свабоду творчасці неадрыўна ад ужывання алкаголю. Гэтая кніга пра тых, хто прайшоў выпрабаванне “зялёным зміем”, пра тых, хто выжыў, а таксама даніна памяці тым, хто пераадолець страшную хваробу не змог.

Спадар Анатоль прызнаецца:

— Кніга атрымалася зусім не падобная да выданняў адпаведнай тэматыкі, да медыцынскіх даследаванняў. У ёй няма рэкамендацый доктара, рэцэптаў, спосабаў лячэння. Я пачаў з успамінаў, апісваў тое, што сапраўды было, а ў выніку атрымаўся, можа, і павучальны твор, хаця мэты такой першасна не ставіў. Як вызначыць жанр напісанага? Думаю, гэта эсэістыка, якая ў пэўны момант становіцца мастацкім аповедам. Прынамсі, такой думкай падзяліўся са мной Мікола Захаранка пасля знаёмства з кнігай.

Апісаныя ў творах персанажы абсалютна рэальныя і маюць сваіх прататыпаў. Хіба што імёны змененыя, у тым ліку па просьбе саміх удзельнікаў тых падзей.

Аўтар успамінае, што за чаркай у сяброўскім коле вяліся далёка не савецкія размовы. Калі цяпер многія людзі дазваляюць сабе свабодны лад жыцця, тады так нельга было рабіць — можна было патрапіць у турму па артыкуле за дармаедства.

— Тыя, хто наважваўся ісці вольным шляхам, былі ў першую чаргу неардынарныя, творчыя людзі, якім або можна было не хадзіць, або якія спрабавалі не хадзіць на працу. Былі тыя, каго назвалі б дысідэнтамі.

Я трапіў у гэты асяродак, калі вучыўся ў аспірантуры Акадэміі навук. Апрача здачы кандыдацкага мінімуму, увесь астатні час я меў вольны. Мог не толькі пісаць дысертацыю, але і сядзець у “Ясені” разам з пісьменнікамі. “Тэлевізар” – кавярня насупраць Акадэміі навук, была цэнтрам творчай інтэлігенцыі. Там усе размаўлялі па-беларуску, і мне гэта вельмі падабалася, бо ў Акадэміі ёй амаль ніхто не валодаў. У канцы 80-х, калі ўзнялася хваля нацыянальнага адраджэння, я ўжо выдатна ведаў беларускую літаратуру і быў знаёмы з яркімі яе прадстаўнікамі.

Напрыклад, адкрыў для сябе Міхася Стральцова, з якім пазнаёміўся, а пасля пасябраваў. Вялікі раздзел у маёй кнізе прысвечаны гэтаму творцу. Але я пішу пра яго не як літаратуразнавец, а як сябар. Мы шмат гадоў кантактавалі. Ёсць назіранне, што ў кожнага творчага чалавека свой запас патэнцыялу, і кожны адпрацоўвае яго напоўніцу, пакуль той запас не заканчваецца дарэшты. Найбольшая пісьменніцкая прадуктыўнасць была ў Міхася якраз тады, калі ён выпіваў – шмат было напісана ім менавіта ў тыя часы.

Стральцоў быў геніяльным празаікам і паэтам, але ў той жа час быў алкагольна залежны, хварэў. Не варта ацэньваць людзей з пункту гледжання савецкіх стэрэатыпаў, бачачы іх толькі адмоўна ці, наадварот, толькі станоўча. Трэба прыняць разнастайнасць і супярэчлівасць жыцця як факт. Каб вырашыць праблему, спачатку неабходна прыняць яе, тады і знойдуцца спосабы яе вырашэння.

Рэдактар кнігі Юрась Пацюпа адзначыў лёгкасць і нязмушанасць аўтарскага стылю:

— Кніга чытаецца на адным дыханні, як займальнае чытво. У пэўнай меры гэта і ёсць мастацкая літаратура, і мемуары, і публіцыстыка, але менавіта мастацкі элемент тут вельмі важны. Даўно знаёмы з аўтарам кнігі як з навукоўцам, грамадскім дзеячам, аднак быў прыемна ўражаны, калі ацаніў яго як пісьменніка. Важна ўмець схапіць факты і падаць іх у даступнай для чытача форме, каб яны захаплялі, зацягвалі. Жыццёвага звычайна шмат у розных творах, але бываюць апісанні такія “нудна-няўежныя”, калі цяжка іх успрыняць. Антон Кулон якраз справіўся са складанай літаратурнай задачай.

Удзельнікам вечарыны стаў Аляксей Аляксееў, піяніст, аповеды пра якога ёсць у “Сіняй кнізе…” і які, у адрозненне ад іншых герояў кнігі, змог пераадолець алкагольную залежнасць і наладзіць іншае жыццё. Аляксей завяршыў сваё выступленне чытаннем уласных вершаў.            

Прэсавая служба СБП