Аўтар бэстсэлера «Вясна барбараў» едзе ў Беларусь

У навэле яскрава апісваецца, як сусьветны фінансавы бамонд увадначасьсе ператвараецца ў статак барбараў, і што з гэтага выходзіць…

У Эўропе кніга ўжо сталася сапраўдным бэстсэлерам – толькі на мове арыгіналу агульны наклад перавысіў 60'000 прададзеных экзэмпляраў. Цяпер і беларускі чытач можа пазнаёміцца з творчасьцю прагрэсіўнага эўрапейскага пісьменьніка – больш за тое, пазнаёміцца зь ім асабіста! Спадар Люшэр прыме ўдзел у прэзэнтацыях беларускамоўнага выданьня ў Менску, Віцебску й Гомлі, зьдзейсьніўшы своеасаблівае турнэ па Беларусі – краіне, стан “барбарызаванасьці” якое ён пакуль што не бярэцца ацаніць.

Запрашаем і вас пазнаёміцца з узыходзячай зоркай сучаснай эўрапейскай літаратуры – маладым, але, безумоўна, самабытным творцам – і ягоным нашумелым творам "Вясна барбараў", які адгэтуль можна і трэба чытаць па-беларуску!

 

Прэзэнтацыі адбудуцца:

Віцебск: 2 сьнежня, а 16-й гадзіне ў Віцебскім абласным краязнаўчым музэі (Ратуша), вул. Леніна, 36.

Гомель: 3 сьнежня, а 12-й гадзіне ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна, пл. Перамогі, 2А.

Менск: 4 і 5 сьнежня, а 19-й гадзіне ў актавай залі Інстытута імя Гётэ, вул. Веры Харужай, 25/3; 4 паверх.

УВАГА: 4 і 5 сьнежня праграмы будуць адрозьнівацца!

 

На ўсе мерапрыемствы ўваход вольны.

У імпрэзах бяруць удзел:

Ёнас Люшэр, аўтар;

Ірына Герасімовіч, перакладніца, мадэратарка;

Сяргей Паўлавіцкі, рэдактар;

Максім Карасцялёў, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; мастацкае чытаньне тэксту.

А таксама іншыя асобы, якія мелі непасрэднае дачыненьне да выхаду кнігі ў Беларусі і Расіі.

 

5 снежня 2014г. а 19 гадзіне адбудзецца імпрэза “Тры абліччы адной вясны”: прэзентацыя беларускага і рускага перакладаў кнігі Ёнаса Люшэра «Вясна барбараў» ў Інстытуце імя Гётэ (вул. Веры Харужай, 25/3; 4 паверх, актавая зала).

Хто, як не аўтар, асабліва зацікаўлены ў адэкватным перастварэнні свайго твора? Менавіта аўтара Ёнаса Люшэра мы запрасілі прамадэраваць гэтую сустрэчу з дзвюма ягонымі перакладчыцамі. Не толькі перакладчыкі спаткаюцца гэтым вечарам у адной прасторы, але таксама і розныя інтэрпрэтацыі аднаго тэксту, і розныя мовы.

Публіка зможа не толькі, нібы пад павелічальным шклом, разгледзець шматгранны працэс перакладу, але і далучыцца да абмеркавання шырокага спектру пытанняў: ад таго, што ж такое арыгінал і ці існуе ён наагул, да пытання, на якое часта даводзіцца адказваць у нашай краіне: ці варта перакладаць на беларускую мову тое, што ўжо ёсць у перакладзе на рускую.

У імпрэзе бяруць удзел:

Ёнас Люшэр, аўтар і мадэратар;

Марыя Зоркая (Масква), перакладніца кнігі;

Ірына Герасімовіч (Мінск), перакладніца кнігі;

Максім Карасцялёў, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (мастацкае чытанне);

Сяргей Паўлавіцкі, пераклад.

Пра аўтара: Ёнас Люшэр нарадзіўся ў 1976 годзе ў Цюрыху, Швэйцарыя. З 2001 году жыве ў Мюнхене. Атрымаў настаўніцкую адукацыю. Колькі гадоў адпрацаваў у кінаіндустрыі. Вывучаў філязофію ў Мюнхене, цяпер піша дысэртацыю па філязофіі ў Швэйцарскай вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыху.

 

Пра кнігу: На шыкоўным курорце ў Тунісе прадстаўнікі лёнданскага фінансавага сьвету гуляюць на вясельлі, куды трапляе і спадар Прайзінг – надзвычай «памяркоўны» ўладальнік буйной швэйцарскай кампаніі – чалавек, якому абы не рабіць актыўных дзеяньняў і наогул не прымаць аніякіх рашэньняў...

У гэты час ідзе прахам уся брытанская фінансавая сыстэма, падымаецца страшэнны вэрхал, і нават хвалёная памяркоўнасьць не ратуе галоўнага пэрсанажа ад сапраўднага барбарства, што хавалася пад танюткім вэлюмам «цывілізаванасьці».

Бэстсэлер «Вясна барбараў» намінаваны на германскую і швэйцарскую кніжныя прэміі.

Паводле прэс-рэлізу