Аўтар фэнтэзі «Князь-ваўкалак» Максім Кутузаў — пра ваўкалакаў, снукер і беларускую літаратуру

— Ты хімік, але раптам узяў у рукі пяро і пачаў пісаць, нягледзячы на невялікую ўдзячнасць гэтай справы. Чаму?

— Ды пачыналася ўсё як зусім маленькае звычайнае хобі. Пасля 5-6 пар ва ўніверсітэце, каб адпачыць, сыходзіў у свой свет, які ствараў у кнізе. А пасля зацягнула, самому стала цікава, што ж такога можа адбыцца далей. Я з дзяцінства цягнуўся да літаратуры. Пакуль большасць аднагодкаў бегала па вуліцах, я сядзеў за чарговай кніжкай. Зразумела, гэта не значыць, што звычайныя дзіцячыя забавы мяне зусім не вабілі, але літаратура заўсёды была на першым месцы.

— Калі кнігі так моцна цябе цікавяць, то якія твае самыя любімыя і чаму? З беларускіх, замежных пісьменнікаў?

— Калі казаць пра беларускіх класікаў, то Караткевіч — гэта наша ўсё. Для мяне ён, бясспрэчна, нумар адзін. І тэматыка, і стылістыка — усё ў яго творчасці мне падабаецца. Калі казаць пра сучасных, зноў жа, згодна з тэматыкай, блізкія мне творы Людмілы Рублеўскай.

Што да замежных, тут зусім нічога арыгінальнага: я з задавальненнем чытаю творы такіх сусветна вядомых пісьменнікаў-фантастаў, як Толкін, Марцін, Аспрын, Жалязны, той жа Сапкоўскі. Хаця насамрэч мне могуць падабацца творы зусім розных жанраў: ад “Рачных затокаў” да “Сну Кельта”, ад “11.22.63” і да “Маятніка Фуко”. Галоўнае — каб кніга была не “пустая”, каб у ёй было над чым падумаць.

— Як ты арганізоўваў сваю працу над кнігай? Адкуль браў час і што цябе натхняла?

— Насамрэч, недахоп часу — для мяне велізарная праблема. Я спрабаваў знайсці гадзінку ўвечары, каб пасля працоўнага дня пасядзець над кнігай. Вядома, атрымлівалася далёка не кожны дзень. Акрамя таго, даводзілася рабіць доўгія перапынкі на сесію і іншыя важныя ўніверсітэцкія справы. А натхняе мяне сам працэс. Мне гэта падабаецца. Хаця зразумела, што ёсць і іншыя рэчы, якія мяне натхняюць: музыка, фільмы, кнігі… Часта здараецца так, што пад уплывам якіх-небудзь твораў мастацтва магу некалькі дзён хадзіць пад уражаннем і думаць: “О як аўтар выдатны прыдумаў. Гэта ж трэба да такога дадумацца”. Вось, напрыклад, у красавіку з вялікім задавальненнем наведаў фестываль “Паўночнае ззянне”. Атрымалася трапіць толькі на дзве стужкі, але яны мяне вельмі моцна ўразілі.

— І ўсё ж такі чаму менавіта калягістарычнае фэнтэзі?

— Шчыра кажучы, я жанр наўмысна не абіраў. Напэўна, так атрымалася таму, што сам я чытаю пераважна фэнтэзійныя альбо гістарычныя кнігі. Вось і нарадзілася нешта сярэдняе. І, мабыць, калі я буду працягваць сваю творчасць, мяне час ад часу будзе цягнуць то ў адзін, то ў іншы бок.

— А чым яны табе падабаюцца? Чаму, напрыклад, не нон-фікшн?

— Тут я хацеў бы правесці аналогію з серыяламі. Ёсць людзі, якія глядзяць “Хуткую дапамогу”, усялякія серыялы пра міліцыю/паліцыю, але мне цікавае тое, што немагчыма сустрэць у рэальным жыцці. Бо тыя ж хваробы, злачынствы, меладрамы і так сустракаюцца на кожным кроку. Мне, напрыклад, хапае гэтага ўсяго ў жыцці. Вось і з кнігамі так: мяне цікавіць тое, што ўбачыць на ўласныя вочы немагчыма: фэнтэзі, гісторыі пра тое, што адбывалася шмат стагоддзяў таму.

— Калі шчыра — то дзе знайшоў грошы на выданне? Перамагаў у снукер?

— Ды якое там. На жаль, узровень снукера ў Беларусі такі, што на гэтым зарабіць проста немагчыма. А па-другое, узровень гульні ў мяне таксама далёка не найлепшы, нават згодна з беларускай рэчаіснасцю. Ды і я ўжо, напэўна, каля двух гадоў не ўдзельнічаў у буйных спаборніцтвах. Няма магчымасці знайсці час для гэтага. Трэба ж рэгулярна трэніравацца… Але беларускі снукер — гэта асобная тэма. А што да грошай… Тут я вельмі ўдзячны спадару Вішнёву, які мне ў гэтым дапамог. Мне пашанцавала, што выдавецтва палічыла магчымым нават у такія складаныя для яго часы падтрымаць мяне. Самастойна я б не здолеў столькі знайсці.

— Што хаваецца за назвай “Князь-ваўкалак”? Калі каротка, пра што кніга і каму гэта будзе цікава?

— Я спадзяюся, што кніга зацікавіць аматараў як гісторыі, так і фэнтэзі. Сюжэт распавядае пра звычайнага сярэднявечнага князя, які мае незвычайную здольнасць ператварацца ў ваўка, якую, зразумела, неабходна хаваць ад грамадства. Аднак часам гэта бывае складана. На працягу кнігі можна назіраць, як галоўны герой спрабуе сумяшчаць дзяржаўныя абавязкі і асабістае жыццё і наколькі ў яго гэта атрымліваецца.

Усе звычайна лічаць, што быць кіраўніком вялікай дзяржавы проста і лёгка, але я паспрабаваў уявіць, што пры гэтым думае і адчувае сам князь. Таму гісторыя і вядзецца менавіта з яго пункту гледжання. Хаця нават пры гэтым бачна, што ён не ідэальны кіраўнік: яшчэ малады, малавопытны, мае свае слабасці. Але ён заўжды імкнецца зрабіць як найлепш, хаця ў яго не заўсёды атрымліваецца. З развіццём падзей ён набіраецца вопыту, робіцца больш дарослым і адказным.

— Тады дзе разгортваюцца падзеі? Можа, ты стваральнік новага літаратурнага сусвету?

— Ды не. Гэта звычайнае еўрапейскае сярэднявечча. Ды і не думаю, што ў мяне будуць якія-небудзь кнігі, падзеі якіх не будуць мець сувязі з героямі, якія сустракаюцца ў гэтым творы, але будуць адбывацца ў гэтым жа сусвеце. Ва ўсялякім выпадку, я гэтага не планую і на дадзены момант ацэньваю імавернасць такога як мінімальную.

— Каго мы можам сустрэць у тваёй кнізе? Якія асобы там маюць значэнне і чым яны будуць цікавыя чытачу?

— Я паспрабаваў перадаць падзеі праз пачуцці і думкі князя. І, згодна з гэтым, галоўныя ролі там выконваюць тыя, хто заўсёды знаходзіцца побач з галоўным героем: дарадчыкі, здраднікі і сябры. Кожны з іх мае сваё значэнне. Кожны з іх створаны, каб паказаць узаемаадносіны князя з тым ці іншым тыпам людзей, якіх немагчыма абмінуць на жыццёвым шляху. І я думаю, што чытачам будзе цікава сачыць за тым, як гэтыя асобы паводзяць сябе, як рэагуе на гэта галоўны герой. І наадварот: як яны рэагуюць на паводзіны князя.

Кніга на сайце выдавецтва

— Ці верыш у поспех свайго дэбютнага твора? Будзе працяг? Іншая кніга?

— Верыць у поспех, безумоўна, неабходна, іначай навошта было ўсё рабіць. А наконт працягу… Я думаю, тыя, хто дачытаў да канца, могуць дакладна адказаць на гэтае пытанне. Калі казаць шчыра, задумаў для іншых кніг хапае. Галоўнае, каб быў вольны час і каб каму-небудзь акрамя мяне гэта было патрэбна.

— А як ты ахарактарызуеш сучасную беларускую літаратуру? Хто з удзельнікаў нашай прасторы табе імпануе, а хто не вельмі? Ці хацеў бы ўвайсці ў адну кагорту з нашымі масцітымі аўтарамі? Увогуле, што ты думаеш у гэтым рэчышчы?

— Я б у першую чаргу адзначыў, што беларускай літаратурай, на жаль, цікавіцца абмежаванае кола людзей. Наколькі я заўважыў, сярэднестатыстычны беларус не мае ніякага ўяўлення наконт таго, што такое сучасная беларуская літаратура. І гэта сумна. Насамрэч, вельмі хацелася б, каб гэтае кола пашыралася як мага хутчэй. Бо сярод твораў нашых сучаснікаў сустракаюцца вельмі якасныя і цікавыя, але народ пра іх не ведае, а можа, ніколі і не даведацца. Акрамя таго, наша моладзь не вельмі цікавіцца літаратурай наогул, не толькі беларускай. І калі пасля прагляду якога-небудзь замежнага серыяла яны проста для цікавасці ці, хутчэй, усё ж дзякуючы мэйнстрыму прачытаюць арыгінал, то з беларускай літаратурай складаней. Даведацца пра яе выпадковаму чалавеку амаль немагчыма. Толькі праз знаёмых, ці знаёмых знаёмых…

А казаць пра ўдзельнікаў нашай прасторы мне пакуль што складана, бо я там чалавек новы, мала каго ведаю асабіста. Але адно тое, што такія людзі існуюць і што яны такія разнастайныя, пішуць на розныя тэмы, — гэта вельмі добра. І, магчыма, з цягам часу ўсё ж такі атрымаецца пашырыць кола тых, хто можа ацаніць іх талент.

Безумоўна, я б мог ганарыцца сабой, калі б атрымалася трапіць у такую кагорту. Але гэта не мне вырашаць, і казаць пра гэта яшчэ рана. Спачатку хацелася б паглядзець, як адрэагуюць чытачы на маю першую кнігу, а пасля можна будзе рабіць нейкія высновы, будаваць планы.

— Але чаму беларуская мова? На рынку беларускамоўная літаратура саступае рускамоўнай. І калі шчыра, ці думаеш перакладацца? На тую ж рускую.

— Ну, мы ўсё ж у Беларусі жывём, так? Я — беларус, і мова мая беларуская. І пішу я ў першую чаргу для беларусаў. А калі хацець ахапіць рынак, дык можна было б адразу пісаць на англійскай і нямецкай. Зразумела, што я імі валодаю горш, чым рускай, але калі ўжо зыходзіць з жадання ахапіць вялікі рынак цалкам, можна і са слоўнікам папрацаваць. Зразумела, я крыху ўтрырую, аднак калі глядзець з пункту гледжання магчымасці перакладацца, я б быў задаволены, калі б была магчымасць перакласціся на польскую, чэшскую, тую ж нямецкую. Бо для носьбітаў гэтых моваў, магчыма, мой твор будзе цікавым, яны змогуць там знайсці спасылкі на падзеі ў гісторыі іх народаў.

— Вядома, што ў Беларусі рынак амаль не дазваляе жыць пісьменніцтвам. Ці хочаш ты, каб літаратура стала ў перспектыве тваім хлебам? Ці верыш у магчымасці зрабіць гэта ў Беларусі?

— Разлічваць на гэта вельмі складана. Усё ж літаратура — гэта маё хобі. І мой ідэальны варыянт, калі б атрымлівалася сумяшчаць поспех і ў прафесійнай дзейнасці, і ў хобі. Акрамя гэтага, вельмі не хацеў бы, каб творчасць стала бы руцінай. Хобі — яно на тое і хобі, каб прыносіць задавальненне, а не грошы. Вось на прыкладзе таго ж снукера. Прафесійныя гульцы трэніруюцца па пяць і болей гадзін кожны дзень. І гэта зусім іншае, калі ты бачыш стол кожны дзень, ведаеш яго дасканала і можаш падысці і зрабіць тотал клірэнс (забіць усе шары з аднаго падыходу). Гэта не тое, гэта руціна. Ты ведаеш, чаго чакаць ад сябе, ад гульні. А калі ты бачыш стол раз на два-тры месяцы, тады ўсё па-іншаму, ты можаш атрымліваць асалоду ад самога працэсу. Так і з пісьменніцтвам. Але час пакажа.

— Максім, ты ўжо бакалаўр. Якія планы? Плануеш застацца ў Беларусі альбо хочаш шукаць магчымасці добра ўладкавацца за мяжой?

— На дадзены момант я працягваю сваю адукацыю ў магістратуры. Гэта яшчэ два гады. А там паглядзім. Бо два гады — вялікі тэрмін, і цяжка сказаць, што будзе пасля.

— А калі б давялося выбіраць між літаратурай і хіміяй, што б абраў?

— Калі б давялося абіраць, абраў бы тое, дзе мая праца была б больш патрэбная людзям. Бо ў хіміі ў нас таксама ёсць і даследаванні медыцынскага характару, а літаратура — гэта, скажам так, магчымасць лячыць душы. Але яшчэ раз адзначу, што было б вельмі добра, калі б атрымлівалася сумяшчаць. У Айзэка Азімава, напрыклад, гэта добра атрымлівалася,

— Прапаноўваю скончыць нашу размову парадамі маладым пачаткоўцам, што ім варта зрабіць, каб стаяць на тым жа месцы, што ты цяпер, — дэбютантам?

— Галоўнае — быць мэтанакіраваным і верыць у сябе і ў тое, што робіш. І каб табе самому гэта падабалася. Не трэба хвалявацца наконт таго, што ў цябе няма вопыту, што не ведаеш, як і што рабіць. Спачатку трэба рабіць менавіта так, як ты сам адчуваеш, а ўжо пасля людзі, якія шмат гадоў гэтым усім займаюцца (выдавец, рэдактар), падкажуць, што і як было б добра ўдакладніць, каб атрымалася яшчэ лепей.

Усё ж такі я мяркую, што менавіта страх таго, што нічога не атрымаецца, і стрымлівае многіх таленавітых людзей. У самым пачатку творчасці ніхто не ведае дакладна, як і што трэба рабіць. Гэта прыходзіць з вопытам. Калі б было па-іншаму, усе б ад нараджэння былі вялікімі пісьменнікамі.

— Калі чакаць новай кнігі?

— Для мяне гэтае пытанне вельмі важнае, бо мне самому вельмі хацелася бы ведаць адказ. Шчыра кажучы, ідэй для новай кнігі хапае, і я ўжо прыкладна ўяўляю, што і як у ёй будзе. Засталося знайсці вольны час, каб гэта ўсё напісаць і скампанаваць. Пры гэтым важным пытаннем застаецца фінансаванне. Напісаць кнігу — палова справы, а вось знайсці грошы на выданне — зусім іншае. З першай кнігай мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, а вось ад таго, як можна будзе вырашыць грашовае пытанне, таксама вельмі залежыць, калі кніга з’явіцца і ці з’явіцца наогул.

Размаўляў Багдан Сакалоў, budzma.by