Аўтографы Зоські Верас

Летам 1983 года па просьбе настаўніка Гудзевіцкай школы Алеся Белакоза мы афармлялі два пакоі мясцовага літаратурна-краязнаўчага музея. Тут я ўпершыню ўбачыў рарытэтную кніжачку Зоські Верас «Батанічны слоўнік» віленскага выдання 1924 года.

Кніжачка ў тонкай папяровай вокладцы ясна-ружовага колеру (выцвіла) з 76 старонак так уразіла, што мне захацелася займець яе ў сваю бібліятэку.

А кніжачка была яшчэ і з аўтографам аўтаркі на адвароце тытульнага лістка: «На памяць // мілага (перароблена з «мілай») побыту майго // ў Гудзевічах // гр. А. М. Белакозу. // Л. Войцік (подпіс) // 18/ VII. 68 г.».

— Значыцца, беларуская легенда, якая памятае Максіма Багдановіча, яшчэ жывая, — вырашыў я, — а значыць, і ў мяне ёсць шанц атрымаць яе аўтограф і на такой самай кніжачцы!

І я ўзяўся за работу. У агульны сшытак вечарамі пасля працы (бо мы і жылі ў музейным калідоры) я пачаў перапісваць «траўнік» Людвікі Антонаўны...

А ўжо 25 сакавіка 1984 года я не толькі перадрукаваў яго ў трох асобніках, але і пераплёў у тры арыгінальныя кніжачкі ў чорныя кардонныя вокладкі з залатым факсімільным подпісам: «Л. Войцік (Зоська Верас)».

Першы асобнік я падараваў Адаму Мальдзісу, другі — Міхасю Чарняўскаму, а трэці — адаслаў на подпіс у Вільню Зосьцы Верас.

Прайшоў нейкі час, і маё арыгінальнае выданне вярнулася з аўтографам: «Дарагому жыхару маёй Гродзеншчыны Міхасю Уладзіміравічу Вераціле... Захопленая Вашай працавітасьцю, цярплівасьцю і прагай узбагаціць свае калекцыі-архівы... Са шчырымі зычэньнямі новых здабыткаў! Аўтар Бат. Слоўніка З. Верас. 19-24/ ІІІ. 86 г. Вільня».

На языку ўважлівага чытача ўжо, напэўна, круціцца пытанне: «А дзе ты, шаноўны, узяў факсімільны подпіс Зоські Верас на сваю кніжачку-копію?». Яшчэ вясной 1980 года беларускі мастак з Рыгі Вячка Целеш даслаў мне аўтограф Людвікі Антонаўны на паштоўцы з відам Вільнюса: «Паважанаму гр. Міхасю Верацілу на завочнае знаёмства. Л. Войцік (Зоська Верас) 16/ VIІ. 80 Вільня».

Акрамя гэтага, у маім зборы захоўваюцца яшчэ пяць лістоў Зоські Верас да мяне. Рыхтуючы іх да публікацыі, я захаваў усе асаблівасці пісьма Людвікі Антонаўны, нічога не змяняючы і не выпраўляючы...

Міхась ВЕРАЦІЛА

------------------------------------------------------------------------------

Ліст 1

20/ ІІІ. 86 г. Вільня. Паважаны Міхал Уладзіміравіч. Копію бат. слоўніка, ліст і «Каласы» атрымала... Падпішу і адашлю...

Сяньня пішу толькі некалькі слоў — каб Вы не нэрвавалі, што гэта так доўга трывае і ня думалі, што Вашая бандэроль недзе прапала...

Я сама — асабіста ўжо даўна не бываю ў горадзе і на пошце. Аб усе «перасылкі» мушу прасіць Зяця, і таму стараюся сабраць некалькі бандэроляў адразу, каб не рабіць лішняга клопату.

Вось і цяпер прыгатую новую «порцыю».

Захопленая Вашай працавітасьцю і жаданьнем за ўсялякую цану здабыць як найбольш экспанатаў у Вашай прыватнай бібліятэцы-архіве.

Як Вам удалося захаваць выданьні Суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца»?

Я, выпісваючы ад 1909 году ўсё выданае Суполкай был. «Гродзенскага Гуртка Беларускай Моладзі», маю спіскі ўсяго, што Суполка выдавала, цэны паасобных кніжак-«пісуляк», партрэтаў — не маю ніводнага экзэмпляра. Ведаю сколькі — чаго выпісала — што ў бібліятэку, сколькі чаго ўзялі сябры Гуртка — толькі для сябе асабіста нічога не захавала... Цяпер шкадую...

Што да майго «Батанічнага слоўніка» — я ўсе гэтыя «памылкі» і ўсё «прапушчанае» ў слоўніку адразу ведала і бачыла — але ў абставінах тагачаснага выдавецтва паправіць своечасова — не змагла...

У 70-гады — калі яшчэ жыў наш пісьменьнік Уладзімір Караткевіч — з Бат. Слоўніка былі зробленыя ксэракопіі — 3 экз. зрабілі ў Менску ў Акадэміі Навук і 2 эк. тут у Вільні. Усе разышліся...

Не запісала і цяпер нават ня помню, хто іх у мяне «выпрасіў». Ведаю толькі, што самы першы экзэм. узяў сабе сп.У. Караткевіч...

Цяпер у самым-самым канцы жыцьця стараюся перадаць маладым тое, што маю ў памяці з часоў працы ў Гродна, Менску, Вільні... Таму мушу шмат пісаць, шмат адказваць на лісты, расказваць пры сустрэчах. Ці ўдаецца ўсё перадаць? Усё прыпомніць? Ня ведаю... Але стараюся...

У найбліжэйшы час бандэроль прыгатую і вышлю...

Зычу Вам далейшых добрых помыслаў дзеля пашырэньня колькасьці Вашых скарбаў...

Усяго добрага... Зычлівая Л. Войцік

P.S. А мае «подпісы» падробленыя па-мастацку... Самой не верыцца, што гэта не я пісала...

З. Верас.»



[Тут варта будзе патлумачыць пра «падробленыя подпісы».

У 70-я гады ХХ ст. я зрабіў вялікі альбом з вокладкамі з фанеры, на якіх быў выпалены ўзор беларускага тканага дывана. Альбом быў зроблены спецыяльна на аўтографы «старэйшай беларускай паэткі» — Ларысы Геніюш. На першай старонцы альбома, з дапамогай эпідыяскопа, былі скапіраваны: подпіс Ларысы Антонаўны і першы радок з яе ліста да мяне («Дарагі сябра Міхась»).

Альбом я завёз Ларысе Геніюш і папрасіў пісаць туды ўсё, што захоча: пра сябе, пра Беларусь, пра паэзію...

Ларыса Антонаўна ў альбом не напісала ніводнага слова!

А калі да яе прыехаў Міхась Чарняўскі, яна даверліва паказала яму альбом і ціха сказала: «Паглядзіце, як ён падрабіў мой почырк. Гэта небяспечны чалавек!».

…Гэта самае заўважыла і Зоська Верас. — Міхась ВЕРАЦІЛА.]

Ліст 2

«15/ ІV. 1986 г. Вільня. Паважаны Міхал Уладзіміравіч.

Дзякую за ліст.

Вельмі зацікавіў мяне Ваш леташні здабытак — 9 кніжачак... зусім магчыма, што гэта з нейкай прыватнай бібліятэкі. Але прысланыя ўзоры подпісаў нічога нам не гавораць. Ня толькі мне, але і майму Зяцю Лявону Луцкевічу, а ні этнографу Арсен. Сярг. Лісу, які пазаўчора быў у мяне.

Апошні А. С. Ліс вельмі шмат працуе ў Віленскіх архівах і бібліятэках, часам прыязджае на тыдзень, а то і больш. Я думала, што можа ён калі на такія кніжачкі і надпісы патрапіў, але ж не — не даводзілася. Пералічыце, калі ласка, якія беларускія творы ў гэтыя кніжачкі ўвайшлі... “Вялікодную пісанку” то і я ведала.

Што да Вашага «гультайства» — і найбольшая працавітасьць не памагла б здабыць тое, чаго ўжо даўна німа ў продажы, а можа быць толькі захаванае ў архівах і старых вялікіх бібліятэках.

Віленскія архівы вельмі багатыя... Тут і беларускіх выданьняў шмат. І ня толькі друкі, але часта і рукапісы, лісты і г. д.

Нашы пісьменьнікі (з Менску), этнографы, краязнаўцы знаходзяць шмат цікавых карысных матэрыялаў.

Букіністычныя магазіны ў Вільні ёсць, але беларускага там нічога німа.

Што я асабіста са старой літаратуры і публіцыстыкі маю, то і сама добра ня ведаю. Шмат што павыносілі на гарышча, а туды дабрацца — гэта ўжо не мая сіла...

Багатае Вашае жыцьцё пры такой колькасьці прафэсый-захапленьняў...

А цікава было б ведаць — дзе Вы працуеце і якая Ваша галоўная прафэсыя... Можа, напішаце? Мяне цікавяць усе, хто жыве ў Гродзеншчыне, бо і мае Прадзяды, Дзяды, Бацькі — з Гродзеншчыны... Бацька з самога Гродна, а продкі маёй Маці з Сакольшчыны, якая цяпер пад Польшчай... Я сама палову жыцьця правяла ў Сакольшчыне і ў Гродне, — і вельмі тужу па той Зямлі...

А з Менска — цікавая звестка. 23 г. мес. пачынаецца З’езд бел. пісьменнікаў, які будзе радзіцца над праблемай: да 100 [годдзя] нараджэньня Максіма Багдановіча перанесьці Яго прах з Ялты ў Менск... Гэта ўжо даўна трэба было зрабіць... Добра, што хоць цяпер надумаліся. На гэтым і скончу..

Усяго Вам добрага! Зычу новых здабыткаў — шчыра зычлівая 

Л. Войцікава.»

Ліст 3

«12/ V.1986. Вільня. Дарагі Міхась Уладзіміравіч.

Даруйце ласкава, што так доўга Вам не адказвала.

Вельмі дзякую за лісты, за ўсе весткі аб сабе, сваёй сям’і... Вашай працы... За добрыя, цікавыя вершы.

Усё чытала з прыемнасьцю і — часта аб Вас думала... А напісаць — проста не пасьпявала, бо вечныя «болі», «недамаганьні» вельмі агранічваюць працаздольнасьць. А столькі лістоў (усё «сьпешных»...), наведвальнікаў, падзеяў і добрых і благіх, сумных...

Пачну ад благіх: 1 мая памёр наш пісьменьнік, прафэсар, доктар філялягічных навук Сьцяпан Хусэйнавіч Александровіч... Можна сказаць, што нечакана, бо хоць даўна хварэў (хвароба лёгкіх), але заўсёды лічыў на лета на паправу агульнага стану здароўя... Столькі меў задумаў, столькі праектаў далейшай працы. Яму было толькі 65 гадоў... Я заўсёды цяжка перажываю страту знаёмых шмат маладзейшых за мяне...

Сабрала Яго лісты... Яшчэ раз прачытала... Пераглядзела кніжкі Яго з аўтографамі... Але трэба было яшчэ гэта перажыць-перабалець... А былі і яшчэ вельмі непрыемныя, цяжкія да зразуменьня падзеі.

Хіба ведаеце з прэсы, што ў Менску 23–24 красавіка праходзіў ІХ-ты З’езд пісьменьнікаў Беларусі... Падобна выступалі па-рознаму — але наагул добра... Але перад З’ездам 20 красавіка здарылася нешта проста агіднае, непраўдападобнае... Весткі не на лістоўную гутарку...

Цяпер пра крыху лепшае — выйшла ў свет кніжка «Краю мой Нёман» — пра літаратурную Гродзеншчыну. Складзеная добра, з цікавых матэр’ялаў. Тыраж невялікі — 5.000. У Менску яе падобна ўжо німа ў прадажы... Але толькі што атрымала я ліст з Гродна — пішуць, што ў іх магазынах кніжка гэта ёсьць. Зараз напішу і папрашу, каб Вам яе выслалі...

Якія ж яшчэ навіны? Аж 2-е, — магчыма ведаеце, але на ўселякі выпадак пішу... 16 траўня (мая) у Гродне ўрачыста адчыняюць Дом-Музэй Максіма Багдановіча... Вечарам у салі Унівэрсытэту ня менш урачысты вечар гэтага паэта... А 18/V. Сьвята паэзіі Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне Маладзечанскага р-на. Гэта ўжо традыцыйна — год у год...

Я сама на гэрбах не знаюся... Паказала прысланы гэрб свайму Зяцю Лявону Антонавічу Луцкевічу . Паміж іншым ён сын Антона Луцкевіча і пляменьнік Івана Луцкевіча — пачынальнікаў «Нашай Нівы». Вось Зяць кажа, што, магчыма, гэты гэрб ужываўся як дзяржаўны — «Рэчыпаспалітай» — пасьля ўзьеднаньня Літвы з Польшчай. Магчыма пасьля Люблінскай вуніі. Такі гэрб — арол — пагоня — ёсьць у Вільні на касьцёле Дамініканаў.

У сувязі з гэтымі ўсімі тэмамі-пытаньнямі — маем такую прапанову: у Вас летам напэўна будзе нейкі адпачынак. Падчас яго запрашаем Вас у Вільню. Пазнаёміцеся з горадам (калі яшчэ тут не былі...), з памятнымі мейсцамі-будынкамі, зьвязанымі з дзейнасьцю беларусаў... У Зяця ёсьць запісы — альбомы і г.д. У мяне яшчэ старэйшыя і шмат лістоў — каля 6.000... Ёсьць і ўнікальныя здымкі.

Вы, напэўна, і фатаграфуеце? Вось і бярыце фотаапарат — зробіце сабе фотакопіі... А то і жонка Вашая зможа прыехаць разам? Адно толькі — наш дамок стаіць сярод лесу... Знайсьці самастойна — немагчыма. Дзеля таго трэба ведаць дакладна, калі прыходзіць Ваш цягнік або аўтобус. У гэты час Зяць чакаў-бы Вас у горадзе на кватэры майго ўнука... Тэлефон — 44-90-01. Чакаем адказу. Усяго найлепшага Вам і ўсёй Вашай сям’і. 

Шчыра зычлівая Л. Войцікава з сям’ёй.

Дзякую за Вялікоднае віншаваньне, але яно вельмі-вельмі спозьненае, бо ў нас Вялікдзень быў 30/ІІІ.

Мы — каталікі з дзеда-прадзеда. — Л. Войцік»

Ліст 4 


«Паважаны Міхаіл Ула­дзіміравіч.

У сувязі з хваробамі і іншымі няспрыяльнымі падзеямі змушаны ануляваць свае запросіны Вас у Вільню.

Як будзе далей? — па пэўным часе напішу. 

Сяньня і гэтых пару слоў пі­саць цяжка. 

Выбачайце...

Шчыра — Л. Войцікава

18/ V.1986. Вільня.»

Ліст 5


«Дарагі Міхась Ула­дзіміравіч.

Дзякую за памяць, за прывітаньне з Н. Годам. 

Хоць так спозьнена, але шчыра і я вітаю Вас і зычу ўсяго самага найлепшага, здароўя і плёну ва ўсялякай працы...

Цяжка мне ўжо і пішацца і думаецца... 

Цяжка даецца гэты 95 год жыцьця...

Усяго Вам добрага.

Л. Войцікава з сямьёй.

12/ ІІ.1987 г. Вільня».

 

novychas.org