“Азбукоўнік і лічылка” ў Варшаве 18 лістапада

Фундацыя Еўрапейская Беларусь і Клуб беларуска-польскіх сем'яў "Rodzinka" запрашае на прэзентацыю чытанкі для дзетак і іх бацькоў “Азбукоўнік і лічылка”, якая адбудзецца ў нядзелю 18 лістапада а 12 гадзіне ў Беларускім Доме ў Варшаве (вул. Вейска 13-3).

У прысутных будзе магчымасць набыць кнігу. Прэзентацыю правядзе Валярына – у свой час чытанка пісалася менавіта для яе, мамай паэткі Зосяй Куставай. У імпрэзе возьме ўдзел пераможца міжнародных спеўных конкурсаў, аўтар-выканаўца з Гародні  Таццяна Салаўёва і Аляксандр Блахін, якія выканаюць для прысутных свае аўтарскія і народныя песні.

Паводле арганізатараў, для маленькіх наведнікаў рыхтуюцца конкурсы, танцы, калыханкі і мандарынкі. Дарослых таксама чакаюць сюрпрызы.

Чытанка для дзяцей «Азбукоўнік і лічылка», укладзеная Зосяй Куставай і аформленая мастаком Уладзімірам Пашчасцевым. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» характарызуе сваё выданне, як «доўгачаканае і ўнікальнае, апрабаванае дашкольнымі ўстановамі краіны».

Задумана чытанка як альтэрнатыву традыцыйнаму буквару. Выданне не толькі знаёміць дзетак з літарамі і лічбамі, але і вучыць іх этыкету і вуснай народнай творчасці. У кнізе багата казак. Укладальніца асабліва падкрэслівае, што чытанка закліканая не толькі выхоўваць будучых інтэлектуалаў, але найперш гадаваць беларусаў.

Паводле арганізатараў