БЕЛА-ЧЫРВОНА-БЕЛАМУ СЦЯГУ – СТАТУС ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

Міністэрства культуры разглядае зварот грамадскасці аб наданні бела-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч. Такім чынам, адзначыў ён, на час разгляду гэты сцяг знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
З прапановай уключыць бела-чырвона-белы сцяг у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі старшыня аб’яднання звярнуўся ў Мінкульт 26 лютага ў сувязі з 90-годдзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
У адказ на зварот грамадскасці намеснік міністра, старшыня Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Уладзімір Грыдзюшка паведаміў, што прапанова грамадскасці “з мэтай атрымання дадатковай інфармацыі” накіраваная ў Інстытут гісторыі і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У інтэрв’ю БелаПАН А.Астаповіч адзначыў, што 31 сакавіка ён пісьмова звярнуўся ў вышэйназваныя акадэмічныя ўстановы з прапановай далучыць прадстаўнікоў грамадскасці ў склад экспертных камісій, якія будуць разглядаць зварот аб наданні бела-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Бела-чырвона-белы сцяг з 1991 па 1994 гады быў адным з сімвалаў беларускай дзяржаўнасці, а бела-чырвона-белыя стужкі з’яўляюцца элементамі сімволікі зарэгістраванага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” і Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы. Наогул жа, бела-чырвона-белыя колеры – старадаўняя хрысціянская сімволіка, з якою звязваецца святое ўваскрашэнне: урэчаісненне крыві Хрыста на плашчаніцы. Вось чаму гэтая гама – у нацыянальных арнаментах ды абразах, а таксама – на ленціях святароў-патрыярхаў. Некалькі гадоў таму назад герб “Пагоня” быў уключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.