Баба-Яга вандруе па Беларусі

Спачатку аўтар паўстае перад дзецьмі ў вобразе аднаго з персанажаў кнігі — эксцэнтрычнай і шумнай Бабы-Ягі, жартуе і знікае на мятле. Пасля ўжо ў ролі сябе самога размаўляе з дзецьмі пра сваю кнігу, таксама дзеці спрабуюць скласці разам з аўтарам новую казку, затым маленькія чытачы ўдзельнічаюць у конкурсе на лепшае выкананне любога твора аднаго з беларускіх аўтараў на роднай мове. Прыз за лепшае выкананне — кніга з аўтографам Міхася.

Дзеці змаглі паслухаць і песні ў выкананні аўтара пад гітару. Баба-Яга разам з Янкам і Шмурдзікам у гэтым годзе паспела трапіць у 10-ую і 16-ую дзіцячыя бібліятэкі г. Мінска, дзіцячую бібліятэку імя В. Віткі, Мінскую абласную бібліятэку імя Пушкіна, на радзіму Я. Скрыгана ў аграгарадок Камень Капыльскага раёна.

Акрамя роднага Наваградка аўтар правёў незабыўныя сустрэчы у г.п. Плешчаніцы Лагойскага раёна, в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна, райцэнтрах Дзятлава і Карэлічы на Гарадзеншчыне, на чарзе г. Ліда. Менавіта там цяпер чакаецца сустрэча з героямі казкі ў снежні. Дарыць радасць дзецям цудоўна, а дарыць яе на роднай мове і з прыгожай кнігай — удвая. Абуджайма любоў да роднай мовы разам!

Ул. інф. Гродзенскага абласнога аддзялення СБП