Бабіна лета 2017 з Нінай Мацяш (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Сёлета Чытанні ў гонар Ніны Мацяш наведала дэлегацыя з Мінска ад ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў": першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч і намеснік Старшыні арганізацыі Усевалад Сцебурака, паэты Анатоль Вярцінскі, Раіса Баравікова, Віка Трэнас, аўтар і выканаўца ўласных песень Алесь Камоцкі.

Злева направа: Анатоль Вярцінскі, Раіса Баравікова, Алесь Пашкевіч, Алесь Камоцкі, Усевалад Сцебурака

Ушанаваць памяць спадарыні Ніны прыехалі сябры Берасцейскай філіі СБП (з Берасця, Бярозы) на чале з яе кіраўніком, літаратарам Міколам Аляхновічам.

Ліцію праводзіць іерэй Свята-Серафімаўскага храма г. Белаазёрска айцец Аляксей Аляхновіч

Пісьменнікі ўсклалі кветкі да магілы Ніны Мацяш і ўзялі ўдзел у ліціі (памінальным маленні) за яе, а таксама пабывалі каля дома паэткі, на якім цяпер размешчана мемарыяльная шыльда.

Лявон Валасюк і Мікола Аляхновіч

***

I прыйдзе ноч, і ноч міне,

I дзень павекі разамкне

I аглядзіцца навакола.

Ці будзе рады й мне?

Ён — грук матораў, шоргат шын,

Ён — самалётны рык вышынь, —

Што для яго пялёстак кволы

Ссамотненай душы?

Па бровы ўкутаму ў браню,

Пялёстак той, як парахню,

Бязлітасна пусціць на вецер

Было б так лёгка дню, —

Калі б у непрыманні зла

Душа змагарна не ўрасла

У заўтрае надзей бяссмерцем.

Ніна Мацяш

Выказваем шчырую падзяку Кузняцовай Тамары Аляксандраўне, Скарына Галіне Васільеўне і ўсім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення Паэтычных чытанняў у гонар Ніны Мацяш.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org