Бабруйчане пачулі Уладзіміра Высоцкага — на беларускай мове

Сустрэча была арганізаваная пісьменнікам і сябрам СБП Анатолем Санаценкам пры падтрымцы Магілёўскага абласнога аддзялення СБП.

Выступае Міхась Булавацкі

На літаратурны вечар прыйшло каля дваццаці чалавек – мясцовых прыхільнікаў творчасці знакамітага расійскага акцёра, спевака і паэта.

Пачынаючы свой выступ, Міхась Булавацкі адзначыў, што вершы Уладзіміра Высоцкага перакладзеныя на 209 моў. Але не ўсе – толькі дзвесце з чымсьці вершаў з сямісот ім напісаных.

Прадстаўляючы кнігу, пісьменнік распавёў пра гісторыю сваіх перакладаў.

Больш за 15 гадоў займаецца М. Булавацкі гэтай працай. Пераклаў 45 вершаў, выдаў у 1999 першую кнігу «беларускамоўнага» Высоцкага, якая, па словах Булавацкага, тады яшчэ не была дасканалай.

У рэдагаванні ж новага зборніка ўзялі ўдзел вядомыя беларускія паэты, якіх сёння, на жаль, ужо няма з намі – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. А таксама – знакаміты лінгвіст, перакладчык Лявон Баршчэўскі і таленавіты магілёўскі паэт Сяргей Украінка.

У выніку – атрымаўся выдатны вынік, высокамастацкія пераклады, якія максімальна перадаюць вобразы, дынаміку, нерв і сэнс вершаў Уладзіміра Высоцкага. У чым прысутныя на літаратурным вечары бабруйчане змаглі пераканацца самі, праслухаўшы некалькі ягоных вершаў, у тым ліку знакамітае «Паляванне на ваўкоў» – у выкананні Булавацкага.

Пісьменнік таксама  прадставіў публіцы перакладзеныя ім вершы Булата Акуджавы і Аляксандра Гарадніцкага, што ў свой час былі прысвечаныя Высоцкаму.

Жадаючыя маглі задаць пытанні, пагутарыць, падыскутаваць з перакладчыкам. Напрыканцы сустрэчы адбылася невялікая аўтограф-сесія Міхаіла Булавацкага і нефармальнае камунікаванне – з фота на памяць і размовамі.

Ул. інф.