Бабруйчане прапанавалі даць вуліцам горада імёны рэпрэсаваных пісьменнікаў

Прысвоіць вуліцам горада імёны рэпрэсаваных пісьменнікаў Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага прапанавалі актывісты дэмакратычных арганізацый у Бабруйску. Пад просьбай, адпраўленай у гарвыканкам, падпісалася 176 грамадзян. 
 

Барыс Мікуліч

Збор подпісаў быў аб’яўлены на вечарыне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 29 кастрычніка ў офісе мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Як паведаміла галоўны арганізатар збору подпісаў Вольга Піманава, ідэю аб прысваенні імёнаў рэпрэсаваных бабруйскім вуліцам падаў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў зняволенні ў Бабруйску.

"Ён сказаў, што ў нас быў такі Барыс Мікуліч, пісьменнік, рэпрэсаваны, сёлета яму спаўняецца 100 гадоў, і Грахоўскі, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць менавіта ў Бабруйску. Ён нагадаў, што гэты год — Год кнігі, а таксама 75-годдзе года сталінскага тэрору", — зазначыла актывістка.

Піманава паведаміла, што, калі ўшчыльную занялася зборам матэрыялаў пра пісьменнікаў, высветлілася, што вялікую працу ў гэтым кірунку ўжо правяла бабруйская бібліятэка № 4.

Калектыў гэтай бібліятэкі ўжо некалькі гадоў выступае за тое, каб ёй было прысвоена імя Барыса Мікуліча. 

Актывістка паведаміла, што супрацоўнікі бібліятэкі звязаліся з жыхарамі пасёлка Машукоўка ў Сібіры, дзе памёр беларускі пісьменнік, і актыўна вядуць з імі перапіску. "Адтуль перадалі шмат матэрыялу пра Мікуліча. Яны даглядаюць магілу беларускага пісьменніка — і дзеці, і грамадскія актывісты", — зазначыла Піманава. 

"У 2002 годзе ў Машукоўцы быў адкрыты надмагільны помнік Барысу Мікулічу. Час, расставіўшы ўсё па сваіх месцах, вярнуў нам сумленнае і незаплямленае імя пісьменніка. Мы памятаем пра вас, Барыс Міхайлавіч…" — напісаў настаўнік гісторыі машукоўскай сярэдняй школы Міхаіл Захарцоў у 2007 годзе ў газеце "Красноярский рабочий".

"Памятаюць пра яго людзі там, у Расіі, у Сібіры, а ў нас гэта тэма нават не ўзнімалася, у нас цішыня", — сказала Піманава. Паводле яе слоў, такая сітуацыя і падштурхнула прадстаўнікоў усіх бабруйскіх дэмакратычных арганізацый да рашэння ўзняць тэму рэпрэсаваных пісьменнікаў.

Як зазначыла Піманава, ініцыятары збору подпісаў далі ўладам свабоду выбару, якім менавіта вуліцам варта прысвоіць імёны Мікуліча і Грахоўскага, — новым ці старым.


Паводле БелаПАН праз  nn.by