Бабруйск. Уладзімір Арлоў. Вялікае Княства Літоўскае…

28 ліпеня ў невялікім памяшканні офіса Аб’яднанай грамадзянскай партыі па вуліцы Кастрычніцкай 173-а, дзе праходзіла сустрэча, паслухаць выбітнага госця сабраліся каля 40 чалавек.

Уладзімер Арлоў распавёў пра сябе, пра родны горад Полацк, пра тое, як прыйшоў у гісторыю і літаратуру. Бабруйчане даведаліся, што, аказваецца, маці пісьменніка вельмі не хацела, каб ён ішоў вучыцца на гістарычны факультэт, бо прафесію гісторыка лічыла самай небяспечнай. Яна на свае вочы некалі бачыла, як арыштоўвалі настаўнікаў гісторыі. Але ейны сын усё ж выбраў сабе гэты «небяспечны» шлях. За што і пацярпеў таксама. Арыштаваны за гісторыю Ўладзімір Арлоў не быў, але працу аднойчы згубіў. З выдавецтва «Мастацкая літаратура» ён быў звольнены з фармулёўкай «звольніць за выпуск гістарычнай і іншай сумніўнай літаратуры».

Пісьменнік прадставіў бабруйчанам некаторыя са сваіх кніг, якіх ён заве «дзецьмі ў пераплёце». Распавёў, што піша пра гісторыю Беларусі, Вялікага Княства Літоўскага, каб пераканаць у тым, што мы, беларусы, не толькі геаграфічна, але і гістарычна і ментальна — еўрапейцы.

Самым пікантным момантам сустрэчы стаў аповед Уладзімера Арлова пра сваё першае эратычнае перажыванне і закаханасць у аднакласніцу ў 6-м класе. Гэтую гісторыю можна таксама прачытаць у кнізе Арлова «Пакуль ляціць страла».

На развітанне пісьменнік пажадаў бабруйчанам ды і ўсім беларусам, каб мы мелі сваю краіну Беларусь, каб у ёй было ўтульна, «стрэлы ляцелі, душы хацелі, а целы маглі», і як мага больш свабоды ва ўсіх яе вымярэннях.

Сустрэчу арганізавалі Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Уладзімір Арлоў нарадзіўся ў 1953 г. у Полацку. Атрымаў гістарычную адукацыю, працаваў журналістам. Аўтар 20 кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў, эсэ. Лаўрэат шматлікіх прэмій, член Саюза беларускіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра.

Марына Міхневіч, babruysk.by