Багдановіч, Караткевіч… Хто наступны?

Вясна 2008 года адзначылася адразу дзвюмя змрочнымі падзеямі – у Воршы на месцы, дзе некалі стаяў дом славутага беларускага пісьменніка Уладзімера Караткевіча, а зараз устаноўлены бюст у яго гонар, тэрмінова ўзводзіцца грамадская прыбіральня. Творчы Менск ускалыхнула не меней варварскае рашэнне дэмантаваць і перанесці ў іншае месца помнік класіку нацыянальнай літаратуры Максіму Багдановічу. У абодвух выпадках чыноўнікі прымалі рашэнне без абмеркавання яго са спецыялістамі і грамадскасцю: яны спяшаюцца выканаць загад уладаў.

 

Гэтыя падзеі ўскалыхнулі грамадства, аднак большасць месцічаў моўчкі праглынула акты вандалізму над памяццю лепшых сыноў Бацькаўшчыны.

 

Спрабуюць спыніць ганебную практыку знішчэння архітэктурнай і літаратурнай спадчыны Беларусі з боку уладаў спецыялісты ды прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі.

Так, грамадскае аб”яднанне  “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”  распаўсюдзіла  Адкрыты ліст Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка. У лісце за подпісам Старшыні Прэзыдыума А. Астаповіча, у прыватнасці адзначаецца: “…няўжо, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, рэканструкцыя будынку Нацыянальнага тэатру оперы і балету з'яўляецца стыхійным бедствам, ці катастрофай, ці ваеннымі дзеяннямі. Хіба што будаўніцтва новага пампезнага фантану, якое няблага дасць зарабіць шматлікім зацікаўленым колам, і з'яўляецца стыхійным бедствам для нашай нацыянальнай спадчыны, як такім жа бедствам зараз з'яўляецца недобрасумленнасць і прававы нігілізм цэлага шэрагу дзяржаўных служачых.

 

Менавіта купка недобрасумленных чыноўнікаў, ігнаруючы нацыянальнае заканадаўства, для ажыццяўлення сваіх шкурных вузкакелейных інтарэсаў, уцягнула і  Вас у працэс парушэння заканадаўства, тым самым усклаўшы на Вас поўную адказнасць за гэта.  Такім чынам, прыкрыўшыся Вамі, і непасрэдна пасадай  Прэзідэнта  Рэспублікі Беларусь, яны вывелі з-пад адказнасці саміх сабе”.

 

Адкрыты зварот да старшыні Менскага гарвыканкаму  Уладзіміра Паўлава і Міністра культуры Беларусі Уладзіміра Мацьвейчука накіравалі таксама ранейшыя дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (1989-1998)  Алесь Бяляцкі, загадчыкі аддзелаў музея Паліна Сцепаненка, Тацяна Рэвяка, старэйшы навуковы супрацоўнік музея Алена Лапцёнак, якія заклікалі “кіраўніцтва гораду з найвялікшай павагай і клопатам ставіцца да тых нешматлікіх помнікаў гісторыі і культуры, якія яшчэ засталіся ў Менску”.

 

Паэт і журналіст Сяржук Сыс у блогу змясьціў «Цытатнік помніка Багдановічу», дзе сабраў меркаванні Зянона Пазьняка, Алеся Бяляцкага, Сяргея Харэўскага ды Сяргея Дубаўца. Усе яны далі адмоўную ацэнку дзеянням улады.

Зянон Пазьняк: “…дрэнная падзея, якая па значэнні для народу роўная публічнаму парванню Сьцяга зграяй Ціцянкова і зьняццю Пагоні з Дому Ўраду”


Алесь Бяляцкі: “Рашэнне пра перанос помніка Максіму Багдановічу відавочна накіраванае на прымяньшэнне значэння беларускай культуры, свядомую палітыку яе ігнаравання, абмежавання яе значэння і ўплыву ў народным жыцці”.


Сяргей Харэўскі: “Любы перанос манумэнтаў знакава роўны разбурэнню. Але помнік любімаму паэту нацыі — наагул выключны сымбаль. За 28 гадоў найноўшае гісторыі гэты помнік стаў важным знакам нацыянальнае ідэнтычнасці. Сюды неслі кветкі й на вяселлі й падчас розных урачыстасцяў. Гэтая падзея з чарады жорсткіх захадаў, скіраваных на дэвальвацыю знакаў: пераназоў праспекта Скарыны, грамадзкі туалет на месцы дома Караткевіча, адмова назваць вуліцы імем Быкава… Заўтра не спадабаецца, як сядзіць Колас на плошчы, ці як стаяць крыжы…”

Сяргей Дубавец: “…ахвярамі гэтай гульні становяцца толькі пэрсанажы беларускай гісторыі і культуры. А што будзе, калі яны скончацца? Напрыклад, якая будзе рэакцыя ў народзе, калі ўлада стане пераносіць помнікі Леніну, Калініну, Пушкіну або Міцкевічу?”

У Воршы, на месцы, дзе некалі размяшчаўся дом Уладзіміра Караткевіча, а зараз усталяваны помнік славутаму беларускаму пісьменніку, тэрмінова ўзводзіцца грамадская прыбіральня. Час прыспешвае будаўнікоў – сёлета ў Оршы пройдуць “Дажынкі”. Ну а помнік з тэрыторыі Прыдняпроўскага парку плануецца перанесці ў іншае месца.

Акт вандалізму з боку мясцовай улады стаўся тэмай абмеркаваньня 19 сакавіка ў Доме-музеі Уладзімера Караткевіча. На сход прадстаўнікоў грамадскасці, дэмакратычных актывістаў, запрасілі намесніка кіраўніка Аршанскага гарвыканкама Мікалая Саксонава.

Аднак мясцовыя ўлады да дыскусіі і кампрамісаў былі не падрыхтаваныя, для іх больш важна вытрымаць графік падрыхтоўкі да чарговых паказушных “дажынак…”
На пытанне “Колькі трэба сабраць подпісаў, каб было адменена рашэнне аб будаўніцтве прыбіральні на месцы дома Караткевіча?”, чыноўнік цынічна заявіў:
“Збірайце колькі хочаце, гэта вашае права!”



Заява з патрабаваннем неадкладна перанесці распачатую будоўлю ў іншае месца на тэрыторыі Прыдняпроўскага парку будзе накіравана ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савет міністраў, Міністэрства культуры, Віцебскі аблвыканкам, дэпутату Палаты Прадстаўнікоў Анікеевай Л.А. і ў мясцовыя органы ўлады.

 

Багдановіч, Караткевіч… Хто наступны?