Навіны
У першы дзень на волі Ўладзімер Някляеў накіраваўся разам з жонкай Вольгай да народнага паэта Рыгора Барадуліна.
Някляеў: «Добры дзень, добры дзень! Давай абдымемся.
Дык ты нармалёва выглядаеш! А ўсе мне кажуць: „Састарэў, састарэў“.
Рыгор Іванавіч, дазвольце нанесьці вам першы афіцыйны візыт пасьля
афіцыйнай турмы».
Вольга Някляева: «Рыгор Іванавіч, між іншым, кожны
дзень тэлефанаваў, пакуль Валодзя і ў СІЗА быў, і пад хатнім арыштам,
і па два разы на дзень са шпіталю тэлефанаваў».
Барадулін: «Валодзечка, міленькі, як я рады... Нас ні вада не размые, ні сьвіньня не разрые».
Някляеў: «Дзякуй табе. Так, гэтага ня будзе, бо ня можа быць... Ну пайшлі вып’ем, даўно мы з табой не выпівалі».
Карэспандэнтка: «Вось глядзіце, настольная кніга ў Барадуліна — «Уладзімер Някляеў. Паэмы».
Някляеў: «Гэта ты наўмысна падклаў, ведаю я цябе! Будзеш ты мае паэмы чытаць, а то сам пісаць ня ўмееш!»
Барадулін: «Не, не».
Някляеў: «Хітры ты, як быў хітрым, хітрым і застаўся.
Гэта ж трэба, вушацкія — яны такія хітрыя! Кніжку падклаў, быццам бы
ён паэмы Някляева чытае! Выказваю смаргонскі недавер ушацкаму хітруну.
Ой, глянь: я табе і напісаў нешта! У турме гэта напісана, праўда. Каб
пасядзець у турме гадоў 10, дык, можа і прывык бы. І нармалёва пісаў бы,
а так — цяжкавата:
Вершы піша, піша, піша.
Я нічога не пішу...
Я сяджу ў турэмнай цішы
І, сумуючы бяз Грышы,
Шлю яму сваю душу.
24 лютага ў Рыгора Іванавіча быў чарговы дзень народзінаў. На жаль,
я ня змог прыйсьці... Але наперадзе ў нас з табой яшчэ колькі дзён
народзінаў! Калі нам і ёсьць нешта з табой згадаць, дык гэта твае дні
народзінаў з гульбішчамі...»
Барадулін: «Як ты сябе пачуваеш?»
Някляеў: «Рыгор Іванавіч, вось у цябе ўжо ня раз
пыталіся: „Ты, дзядзька, пражыў вялікае жыцьцё. Скажы, што такое
шчасьце?“ Пыталіся ў цябе? І ў мяне пыталіся. Дык я сёньня раніцай
зразумеў, што такое шчасьце: калі ты прачынаешся ў сваёй хаце,
і ў ёй няма чужых. Аказваецца, ты ў сваёй хаце гаспадар! Я быў такі
шчасьлівы, я ў 5 гадзін раніцы праз гэта шчасьце падняўся, і хадзіў
з пакою ў пакой: няўжо так, і няма гэтых гэбісцкіх пацукоў?»
Карэспандэнтка: «Уладзімер Пракопавіч, а кажуць, што вы ўчора з пыласосам самі нячысьцікаў ганялі. Гэта праўда?»
Някляеў: «Так, адразу пачалі мыць, саскрабаць усё.
Я ўзяў скрабкі, што былі ў хаце, венікі, пыласос, і пачалі чысьціць
хату. Гэта вельмі, дарэчы, няпроста... Калі мне сказалі: ідзі пад хатні
арышт, я заўпіраўся. Па-першае, я падумаў, што гэта нейкая правакацыя,
прычым, скіраваная на Вольгу. Мне нават спатканьне далі ў турме дзеля
таго, каб я Вольгу спыніў, супакоіў. Сьледчы кажа: „Что-то она у вас там
героиню начала корчить“. Задача была пастаўлена — ахамутаць жонку, каб
яна ня біла ў аглоблі. Але яна ўсё ж такі не ахамуталася. Дык я адказаў:
„Давайце, я, можа, тут пабуду“. Бо я разумеў: тут, у турме, я адзін
арыштаваны, а дома пад арыштам — не адзін. Так і выйшла: сам сядзіш,
і нібыта за цябе яшчэ нехта сядзіць. Маральна вельмі цяжка».
На гэту маленькую вытанчаную жанчыну — Вольгу Някляеву — абрынуліся
такія выпрабаваньні: зьбіцьцё мужа, выкраданьне яго з рэанімацыі,
невядомасьць — ці жывы ён... Потым ня менш складанае выпрабаваньне —
хатні арышт, калі і дзень і ноч у кватэры чужыя людзі,,.
Вольга Някляева: «Нібыта нейкая пачвара сышла з дому.
Мы яшчэ і не прызвычаіліся, што адны ў кватэры. Сёньня яшчэ паводзілі,
быццам бы яны яшчэ тут. Ну, адразу ж прыбраліся ў кватэры. Праветрылі,
выветрылі дух. Дома лепш быць гаспадарамі».
Карэспандэнтка: «Ну хоць паводзілі яны прыстойна?»
Вольга Някляева: «Розныя былі. Адзін быў, як я яго
называла, хам. Цішыня ў доме была, бо калі хочацца нешта сказаць, а тут
замест вушэй лякатары, ды яшчэ падумаеш, казаць ці не. Я ўжо
прызвычаілася дома маўчаць».
Някляеў: "І гэта адзін з выдатных момантаў (сьмяецца).
Чысьцілі ўсё пасьля іх. Учора яшчэ дождж прайшоў— як знаменьне нейкае.
Мы паехалі з суду дахаты, і па дарозе — проста ўпаў дождж зь нябёсаў.
Залева.
У мяне такое адчуваньне, што гэты шлях, што застаўся ўжо — у брудзе гэты
шлях быў, бо нічога чыстага не прапаноўвалася нікім на гэтым шляху.
Бо кантакты ўсе былі зь людзьмі, якія хацелі табе зла. Я ўжо забыўся,
каб мяне так штурхалі ў сьпіну. У маральных адносінах, у псыхалягічных
адносінах было цяжка. Фізычна ўсё можа чалавек вытрымаць. Былі
катаваньні. Гэта сапраўды можна назваць катаваньнямі, але я не зьвяртаў
на гэта ўвагі. Я вырас у сыстэме, дзе цябе ў любы момант маглі
арыштаваць, забіць. Я малым у ёй быў, але я помню страх за бацьку...
Але трэба верыць! У сям’ю сваю, у каханьне, у сваю жонку, у сваіх
дзяцей, у сваіх сяброў, урэшце рэшт, у сваю краіну. І тады гэта вера
не дазволіць табе, у першую чаргу, проста схібіць , і тым больш
зламацца. Чалавек увесь час стаіць на веры. Не на гэтых зьвязках, што
на гэтых расьцяжках лопаюцца. Дарэчы, калі застаўся жывы — пасьля таго,
як я думаў, што могуць забіць, калі цягнулі з гэтага шпіталю голым...
Ну, што думаеш, калі цягнуць цябе на мароз голага? Думаеш, што гэтыя
людзі замысьлілі нешта такое, што табе адзеньне ўжо не спатрэбіцца.
І раптам ты жывы! Дык ты ўжо не зважаеш на тое, што цябе на нейкую
расьцяжку паставілі, і нешта там лопнула. Ну, адна жыла лопнула,
а колькі яшчэ засталося! Аптымістам трэба быць.
Дарэчы, гэтыя людзі, якія доўга сядзець па турмах, яны выпрацоўваюць
у сабе гэты аптымізм, жыцьцёвасьць. Яны мне сплялі матузок для крыжыка.
Вольга перадала крыжык, а ланцужок нельга, дык яны зь нейкіх нітак
сплялі. Яны ж мяне і апранулі, калі мяне голага ў СІЗА КДБ прывезьлі,
скінуліся: хто даў порткі, хто кашулю, хто швэдар.
Карацей, паўсюль можна жыць. І можна жыць у такой Беларусі, якая ёсьць
на сёньня — падобнай на турму. Але сказаць, што гэта хораша, я пры ўсім
жаданьні не магу. Канечне, мы павінны выйсьці з гэтай турмы, у якой
апынулася ўся наша Беларусь. І выйдзем. Яшчэ пры жыцьці Рыгора Іванавіча
Барадуліна, які будзе ганаровым старшынём беларускага парлямэнту".
Але больш Уладзімер Някляеў і дзядзька Рыгор казалі пра творчасьць,
узгадвалі мінулае. Узгадаў Уладзімер Някляеў, як Барадулін рэдагаваў яго
першую кнігу:
«Памятаю, ты сказаў, што добра... А там у выдавецтве Пятрусь Макаль быў,
і напісалі рэцэнзію, кшталту, «усё нічога, толькі вось Някляеў у Бога
верыць». І ўсе заківалі галовамі: «А, у Бога верыць, якая ж тут кніжка
можа быць?» Барадулін кажа: «Нешта я не разумею, а што кепскага ў тым,
што чалавек верыць у Бога? У нас у Вушачах тыя людзі, якія вернікі, яны
лепшыя за тых, якія нявернікі. Атэісты ты, па-мойму, не сказаў, а сказаў
«нявернікі».
Барадулін: «Так, нявернікі»
Някляеў: «Дык я тады падумаў, можа, і някепска, што я ў Бога веру. Дзядзька Рыгор, прачытай які-небудзь апошні верш з Богам».
Барадулін:
Самы блізкія, што засталіся —
Бацька — Бог, ды ад мамы голас...»
Някляеў: «А гэты верш — помніш... Бачыш, адбілі мне
мазгі, раней я ўсе вершы як арэхі лускаў: «Мне страшна быць, па-перш,
сабой самім... Як там у цябе?... „Я ўжо цяпер як беспрытульны дым, перад
якім пазачынялі дзьверы...“ Сумнавата трохі!
Удзячны я за сяброўства і за тое, што ты, як старэйшы таварыш,
карэктаваў лінію майго жыцьця. А так бы я зараз быў рускім паэтам,
невядома для чаго»
Барадулін: «І было б як са Шклярэўскім — харошы паэт, але ён там сгубіўся».
Някляеў: «Чаго ён там згубіўся? Вось хто не згубіўся зь беларусаў, дык гэта Шклярэўскі. Угрысься ў Маскву!»
Барадуліна цікавіла, што за ўмовы павінен выконваць Уяладзімер Някляеў
цягам бліжэйшых двух гадоў, што гэта значыць — два гады пазбаўленьня
волі з адтэрміноўкай на 2 гады. І самае галоўнае, ці дазваляецца
Уладзімеру Някляеву куды-небудзь паехаць?
Някляеў: «Я яшчэ сам не разабраўся. Калі я напішу
нейкую заяву, і яны дадуць дазвол, то я маю права некуды паехаць. Калі
ты маеш на ўвазе за мяжу — гэта ва Ўшачы, то я думаю, асаблівай праблемы
ня будзе. (Сьмяюцца разам). Калі, канечне, да гэтага часу вы там
не правядзеце рэфэрэндум. Бо да таго ідзе. Мне зямляк адзін ужо
патэлефанаваў і кажа: «Штосьці ў краіне таке робіцца, што трэба нам,
гарадзенцам, адходзіць да Польшчы. Ну а вы тады з Ушачамі, выходзіць,
да Расеі. І застанецца Менская губэрнія і Магілёўская... Так вось
мы з табой і падзялілі...»
Барадулін:
клапаціўся пра мышэй,
Мышы верылі легендамі,
і пішчалі ўсё цішэй».
Някляеў: «Глянь, я мы хутка расправіліся... Дарагі
ты мой Рыгор Іванавіч, але хто зрабіў больш, для таго, каб яна была,
за цябе? Ты проста паставіў вечна імя Барадулін у беларускай паэзіі.
Гэта ня жартачкі... Мацуйся, што нам яшчэ застаецца з табой? Будзем
мацавацца».
Ну і ў першы дзень на волі Уладзміер Някляеў сутыкнуўся з новымі эканамічнымі рэаліямі ў краіне, пабачыў кошты ў краме.
Вольга Някляева: «Бачылі б вы іншаплянэцяніна ў краме пасьля пяці месяцаў перапынку».
Някляеў: «Я адвык плаціць. Халява турэмная — яна такая
быццам бы харошая штука. Я забыўся, як гэтыя грошы выглядаюць, што
за іх трэба нешта купляць. Але потым глянуў, прыкінуў, колькі гэты
торцік каштуе, гэта мяне да рэальнасьці вярнула».
Але самае прыемнае — паэта Някляева пазнаюць мінакі. Пазнаюць і дзякуюць.
Мінак: «Усяго самага добрага вам. Здароўя, посьпехаў! Дзякуй Вам».
[TypeError] count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0) /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50 #0: include /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790 #1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885 #2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784 #3: CBitrixComponent->showComponentTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724 #4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515 #5: include(string) /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615 #6: CBitrixComponent->__includeComponent /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692 #7: CBitrixComponent->includeComponent /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195 #8: CAllMain->IncludeComponent /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16 #9: include(string) /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790 #10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885 #11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784 #12: CBitrixComponent->showComponentTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724 #13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336 #14: include(string) /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615 #15: CBitrixComponent->__includeComponent /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692 #16: CBitrixComponent->includeComponent /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195 #17: CAllMain->IncludeComponent /mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107 #18: include_once(string) /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184 #19: include_once(string) /mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2 ----------