Барацьба за класіку

Перакладчыца Марыя Пушкіна, Богдан Задура (Польшча), Андрэй Хадановіч, Люба Якімчук (Украіна), Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая

Удзельнікі дыскусіі – Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, Богдан Задура (Польшча), Андрэй Хадановіч, Люба Якімчук (Украіна) – па меры ўзрастання напалу спрэчак паступова адыходзіліт ад галоўна заяўленай у абвестцы тэмы пра сучасную літаратуру да падзагаловачнай, а менавіта – гларыфікацыі літаратурных класікаў. Тым больш цікава было параўнаць досвед суседніх краінаў – Украіны і Польшчы – дзе праходзяць падобныя ж працэсы, але зусім інакшым чынам, бо розняцца і культурныя сітуацыі.

Пра актуальнасць класікі для сучаснай Украіны нямала значнага распавяла паэтка Люба Якімчук. Пульсацыя літаратурных імёнаў у сённяшняй Украіне надзвычай моцная, у трэндзе знаходзяцца цішоткі з Шаўчэнкам, а ў новым выпуску ўкраінскай грыўні старадаўні “барадаты” вобраз Кабзара быў заменены партрэтам Шаўчэнкі ў маладосці. Цяпер адбываецца барацьба двух культурных герояў: Рыгора Скаварады і Тараса Шаўчэнкі, і апошні перамагае. Бо час патрабуе імпульсіўнага, моцнага, дзейснага героя, які мог бы мяняць становішча ў краіне. Шанаваны інтэлігенцыяй Скаварада , вандроўны філосаф і метафізік, адыходзіць на другі план.

Разам з тым, за Шаўчэнку працягваецца змаганне паміж рэтраграднымі і найноўшымі коламі культурных дзеячаў. Так, нядаўна былі абвешчаны лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі імя Шаўчэнкі, але сярод іх не аказалася ніводнага дзеяча літаратуры. Рыгор Грабовіч, гарвардскі ўкраініст, які прэтэндаваў на ўзнагароду і шмат гадоў займаўся творчасцю Шаўчэнкі – дэканстрюючы яе, быў забалатаваны сябрамі Шаўчэнкаўскага Камітэту за “блюзнерства ў дачыненні да класіка”.

Андрэй Хадановіч распавёў пра змаганне з Шаўчэнкам, якое ладзілі прадстаўнікі "Бу-ба-бу". У той жа час, эсэ Юрыя Андруховіча "Шаўчэнка is OK" у свой час паказала, што і найноўшыя постмадэрністы не адмаўляюцца ад класікі, але прапануюць чытаць яе па-новаму і гаварыць пра яе моваю новага часу. Распавядаючы пра свой досвед укладання новага выбранага Максіма Танка "Абвяржэнне", Андрэй Хадановіч паказаў, як разасабляецца школьны класік на некалькі розных пісьменніцкіх праяў. Кожны можа выбраць задавальненне на свой густ: "Танк пра Леніна", "Танк пра мову" ці Танк для ўласнага чытацкага захаплення. І гэтыя праявы існуюць абсалютна аўтаномна адна ад адной, сумяшчаючыся ў адным класіку.

Зусім зразумела, што гаворка закранала і тэму школьнага выкладання, бо менавіта школа закладае аснову для гларыфікацыі класіка. Валянцін Акудовіч падзяліўся ўражаннямі ад шведскага досведу, дзе, паводле былога амбасадара Швецыі ў Беларус Стэфана Эрыксана, літаратура ў школе не выкладаецца наагул. Валянцін Акудовіч зазаначыў, што вывучэнне літаратуры лепш было б пачынаць у старэйшай школе, пачынаючы з 8 класы, бо навязванне цяжкіх і незразумелых тэкстаў вучням малодшых класаў прыводзіць толькі да выпрацоўвання агіды да літаратуры і беларускай ў прыватнасці.

Люба Якімчук (Украіна), Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў

Школьная класіка таксама ўздымае праблему шматмоўнасці літаратуры. Па вялікім рахунку, як адзначыла Ірына Дубянецкая, школьнікі бачаць, што дамадэрная літаратура Беларусі была на старабеларускай, лацінскай, польскай, рускай мовах. З ХХ стагоддзя пачынаючы, ідзе трэнд на аднамоўнасць літаратуры, з забыццём шматмоўнасці. Цяпер жа мы знаходзімся ў пастцы, калі супрацьстаім рускамоўнай літаратуры, адмаўляючы шматмоўнасць. Люба Якімчук распавяла пра стаўленне да рускамоўных літаратараў Украіны, пытанне з якімі зноў успыхнулап пасля рэвалюцыі на Майдане і пачаткам вайны. Тэма горача абмяркоўваецца ва ўкраінскіх СМІ, блогах, інтэрв'ю і калонках украінскіх пісьменнікаў, крытыкаў, журналістаў.

Ігар Бабкоў з гэтай нагоды выказаў думку, што нам варта паспрабаваць абвясціць літаратуру сумежных краін адной культурнай тэрыторыяй і гэтым пашырыць кантэксты дыялогу. Неаднаразова ўзгадвалася пры абмеркаванні сітуацыі моўнага памежжа Бруна Шульц і Адам Міцкевіч.

Богдан Задура, рэдактар часопіса "Творчасць" распавёў, што сёння ў Польшчы стаўленне да класікі таксама змяняецца, як і да вывучэння яе ў школе. Калі, скажам, выключэнне з школьнай праграмы "Дзядаў" і "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча за антырускі характар у 1968 годзе выклікала народныя хваляванні, то цяпер, у сувязі з нядаўнім выключэннем з праграмы "Фердыдурке" Вітальда Гамбровіча не адбылося ніякага сур'ёзнага пратэсту. Культура паступова адыходзіць ад дзяржаўнага прызнання ці непрызнання. Сам ён як перакладчык лічыць, што значна важней, каб у Польшчы часцей з'яўляліся пераклады сучаснай літаратуры замежжа, бо менавіта гэтым жывіцца і развіваецца найноўшая літаратурная мова. 

Уладзімір Арлоў

Тэкст і фота: Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org