Бард Віктар Шалкевіч атрымаў прэмію імя Быкава. Фотарэпартаж са свята на радзіме пісьменніка
![]() |
Віктар Шалкевіч
|
Сёлета Быкаўскае свята ў Бычках наведала рэкордная колькасць гасцей. З розных куткоў Беларусі сабралася каля 200 чалавек. Толькі з аднаго Полацка прыбыў вялікі аўтобус.
Карэспандэнт TUT.BY прыехаў на імпрэзу разам з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі з Віцебска. З самага ранку мы ўшанавалі памяць Быкава каля ягонай мемарыяльнай дошкі на вуліцы Суворава ў Віцебску. У гэтым будынку знаходзілася мастацкае вучылішча, дзе да вайны вучыўся на скульптара будучы літаратар.
![]() |
Мемарыяльная дошка ў гонар Быкава - пасярэдзіне сцяны.
|
Потым заехалі на могілкі да Рыгора Барадуліна ва Ушачах. І рушылі ў Бычкі.
![]() |
Да магілы Барадуліна вядуць спецыяльныя ўказальнікі.
|
З вядомых персон на свяце прысутнічалі сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна, жонка Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна, народная артыстка Беларусі, дыктарка Зінаіда Бандарэнка, палітык Аляксандр Мілінкевіч, пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1994-1996 гадах Мечыслаў Грыб, былыя лаўрэаты прэміі "За свабоду думкі" - мастак Алесь Пушкін, пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў, грамадская дзеячка Ада Райчонак і іншыя.
![]() |
Сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна
|
![]() |
Злева направа: Зінаіда Бандарэнка, Валянціна Барадуліна, Валянціна Быкава
|
![]() |
Злева направа: Іосіф Шагал, Аляксандр Мілінкевіч
|
![]() |
Уладзімір Някляеў падпісвае кнігу педагогу з Віцебскага раёна Людміле Нікіцінай.
|
![]() |
Алесь Пушкін
|
Арганізатарамі свята выступілі Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы", Саюз беларускіх пісьменнікаў, рухі "За свабоду" і "Гавары праўду". Трэба аддаць належнае і мясцовым уладам - мерапрыемства штогод адбываецца пры падтрымцы Ушацкага райвыканкама.
Першай да мікрафона запрасілі сястру Быкава. Валянціна Уладзіміраўна падзякавала ўсім, хто памятае яе брата, і распавяла некалькі гісторый з яго жыцця. Адну з іх, пра тое, як сям'я Быкавых атрымала на Васіля "пахаронку" ў далёкім 1944 годзе, мы прапануем чытачам паслухаць у наступным відэасюжэце.
Відэа: Валянціна Быкава распавядае пра "пахаронку" на брата:
Открыть/cкачать видео (7.38 МБ)
Па дарозе на свята многія госці прачыталі ў інтэрнэце навіну аб вызваленні правабаронцы Алеся Бяляцкага. З гэтым усіх прысутных павіншаваў падчас свайго выступу паэт Уладзімір Някляеў. І прачытаў верш, прысвечаны Бяляцкаму.
На гэтым свяце радасць суседнічала з сумам. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць сяброў Быкава - Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, якія сёлета пакінулі нас.
![]() |
Уладзімір Папковіч
|
Віцебскі паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч адзначыў: "Сёння амаль немагчыма сказаць нешта новае пра ўспрыманне велічнасці Васіля Быкава як чалавека і творцы, тым больш, пры такой процьме сказанага і таго, што працягвае прамаўляцца, усё, што прыходзіць у галаву, здаецца шмат разоў паўтораным і зашмульцаваным. Мусіць, лепш за ўсіх звяртацца да Васіля Быкава і сказаць трапнае слова пра яго ўмеў Рыгор Барадулін".
Затым Уладзімір Папковіч прачытаў верш Барадуліна, прысвечаны Быкаву.
Ад сябе віцебскі паэт дадаў: "Пісьменніка папракалі, што ён сваёй чыстай праўдай шкодзіць патрытычнаму выхаванню моладзі... Васіль Быкаў, каб і хацеў, не мог бы перамяніцца. Ён не толькі пісаў праўду - ён жыў ёй".
Пасля ўшанавання памяці Быкава наступіў хвалюючы момант. Аляксандар Мілінкевіч уручыў дыплом і статуэтку новаму лаўрэату прэміі "За свабоду думкі". Сёлета журы (у яго склад уваходзяць асобы, якія атрымалі прэмію ў ранейшыя гады) вырашыла прысудзіць яе барду з Гродна Віктару Шалкевічу.
![]() |
Статуэтка, якую атрымліваюць лаўрэаты прэміі "За свабоду думкі".
|
Віктар Шалкевіч шмат жартаваў, распавядаў анекдоты, дзякуючы чаму, як і заўжды, цудоўна трымаў увагу публікі.
Але сваю лаўрэацкую прамову ён прачытаў па паперцы - па ягоным прызнанні, "каб не змарозіць аніякай палітычнай глупоты". Тым не менш выступ атрымаўся нефармальным і жартоўным: "Калі б ты меў надзею на ласку і ўзаемаразуменне шырокай беларускай публікі, то ў лепшым выпадку пасля трэцяга запою і чацвёртага разводу сядзеў бы ў чарзе да кабінета доктара Хадоркіна. А ў горшым - ляжаў бы зараз пад прыгожым помнікам у родным Поразаве, а над тваёй магілай штогод бы ладзіліся пранікнёныя фэсты паэзіі, бардаўскія фестывалі, прамаўлялі б дзеячы, твае шчаслівыя сваякі і землякі ганараліся б табой, і ўсе ўспаміналі б у мікрафон, які ты быў харошы, і паілі б карэспандэнтаў самагонкай".
Потым Шалкевіч падарыў сваім прыхільнікам невялічкі канцэрт на ганку адноўленай хаты Быкава.
Відэа: Віктар Шалкевіч спявае песню "Шалёная":
Открыть/cкачать видео (13.26 МБ)
Усе прысутныя маглі наведаць музей-сядзібу Васіля Быкава.
![]() |
Музей-сядзіба Васіля Быкава ў Бычках.
|
![]() |
Наглядчык музея - пляменнік Васіля Быкава Мікалай Харак.
|
![]() |
Касірка музея - Антаніна Быкава, жонка брата пісьменніка.
|
Напярэдадні свята ў Бычках прайшоў мастацкі пленэр, прымеркаваны да юбілею з дня нараджэння Быкава. Вынік сваёй працы аўтары прадставілі гледачам, размясціўшы творы на плоце каля музея-сядзібы пісьменніка і на сценках яго роднай хаты.
![]() |
Такую інсталяцыю стварылі мастакі падчас пленэру.
|
![]() |
Экспазіцыя на плоце каля музея.
|
![]() |
Алесь Пушкін. Партрэт Яўгена Жыхара
|
![]() |
Бусел корміць буслянят. Буслянка знаходзіцца непадалёк ад музея славутага пісьменніка.
|
Даведка TUT.BY
Прэмію "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава ў 2008 годзе заснаваў лідар руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Яе атрымліваюць асобы, якія, па рашэнні журы, найбольш яскрава праявілі сябе ў грамадскай, прафесійнай ці творчай дзейнасці на карысць Беларусі і свабоды. Лаўрэату ўручаюць памятны дыплом і сімвалічную статуэтку - скульптуру аўтарства Віктара Копача.
Узнагароду ўжо атрымалі 11 чалавек - літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык і літаратар Павел Севярынец (2008 год), мастак Алесь Пушкін (2009), краязнаўца Ада Райчонак (2010), палітык і паэт Уладзімір Някляеў (2011), музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз (2012), музыка Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін (2013), музыка і акцёр Віктар Шалкевіч (2014).
Таццяна Мацвеева, фота і відэа аўтара, tut.by