Барыс Пятровіч: «29 кастрычніка павінна стаць афіцыйным Днём Памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій»

Пленум ЦБ "Маладняка". 25 сакавіка 1925 года. Фота з сайта bdamlm.by

Сярод іх былі Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Масей Кульбак, Юрка Лявонны. Агулам спіс расстраляных дзеячаў культуры, навукі, палітыкі налічвае 132 імёны.

Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч называе тое, што адбылося ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года найвялікшай трагедыяй для беларускай культуры:

“У Беларусі рэпрэсіі супраць культуры пачаліся значна раней за трыццаць сёмы год, яшчэ напрыканцы 1920-х, калі пачала згортвацца палітыка “беларусізацыі”. У 1930 годзе па сфабрыкаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі” былі арыштаваныя і пазней асуджаныя выдатныя дзеячы беларускай культуры Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Жылка, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Пушча і шмат хто яшчэ. Ноч з 29 на 30 кастрычніка стала кульмінацыяй тэрору, гэта чорны дзень не толькі для беларускай літаратуры, але і для ўсёй культуры, ды і для ўсёй Беларусі. Шкада, што беларуская дзяржава дагэтуль замоўчвае гэтую дату, хоць яна павінна стаць афіцыйным Днём Памяці па ўсіх бязвінна загінулых пад час сталінскіх рэпрэсій”.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org