Барыс Пятровіч (Сачанка): Любоў да літаратуры пачынаецца з любові да роднай мовы

Наўрад ці сярэднестатыстычны беларус сёння злёту прыгадае хаця б дзясятак імёнаў сучасных беларускіх пісьменнікаў. У той жа час многія кажуць: чыталі б, ды не ведаем вартых аўтараў і твораў. Не раз чуліся і папрокі, маўляў, няма ў нас сваёй “Паднятай цаліны”. Ці насамрэч сучасная беларуская літаратура не дае нам нагодаў для гонару? А калі дае – дык чаму пра іх так мала чуваць? Ці могуць быць агульныя інтарэсы ў двух беларускіх пісьменніцкіх саюзаў? Калі ў Беларусі будзе новае літаратурнае адраджэнне? І ці меў рацыю Караткевіч, калі пісаў: “Мы, што больш за ўсіх чытаюць на свеце”? Гутарым са старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў Барысам Пятровічам (Сачанкам).

 

— Мы прызвычаіліся жыць з савецкім яшчэ штампам “самай чытаючай нацыі”. Але мне падаецца, што публікі, якая сапраўды цікавіцца літаратурай, ніколі не бывае ў грамадстве больш за 3-5 адсоткаў – што дзвесце год таму, што сто, што цяпер. Для прыкладу, пушкінскі “Современник” выходзіў накладам у пару соцень асобнікаў – і гэта на ўсю царскую Расію. А тое, што ў Савецкім Саюзе кніжкі друкаваліся вялікімі накладамі і раскупляліся, не абавязкова азначала, што набывалі іх дзеля чытання – хутчэй для таго, каб пахваліцца перад суседзямі “дэфіцытамі” бібліятэкі. Чытачоў заўсёды не так шмат, як нам хацелася б, але ж тыя, што ёсць – гэта ўжо нямала.  

— Магу запярэчыць вам словамі выдаўца Ігара Логвінава, які сцвярджае, што, па яго назіраннях, колькасць чытачоў беларускай літаратуры, і беларускамоўнай, у прыватнасці, за апошнія дзесяць год рэзка вырасла.

— Магчыма, гэта суб’ектыўнае меркаванне. Сацыялагічнае даследаванне, праведзенае сёлета лабараторыяй “Новак” для СБП, сведчыць пра адваротнае: за тры гады колькасць людзей, якія чытаюць па-беларуску, скарацілася ўтрая – з 14 да 5 адсоткаў. 94 адсоткі чытаюць па-руску, толькі 5 – па-беларуску і астатнія – на іншых мовах. Відавочна, у нас пастаянна скарачаецца колькасць патэнцыйных чытачоў.

Апошні значны ўсплёск цікавасці да беларускай літаратуры і літаратуры ўвогуле прыпаў на 1990-я гады, калі пачалі друкаваць творы забароненых раней пісьменнікаў, калі творы Караткевіча друкаваліся стотысячнымі накладамі, а літаратурныя часопісы павялічвалі колькасць асобнікаў у некалькі разоў. Але гэта была часовая з’ява. Рэзкі спад наступіў пасля рэферэндуму, калі ўнеслі змены ў Закон аб мовах. Вось красамоўны прыклад: за адзін год наклад “ЛіМа”, у якім я тады працаваў, упаў з 20 да 4 тысяч асобнікаў. Але ў пачатку 2000-х пачалася новая, хоць і не такая інтэнсіўная, хваля інтарэсу да нацыянальнай культуры.

— Дык можа, мы зараз на парозе новага культурнага і літаратурнага “адраджэння”?

— Магчыма. Прынамсі, перыяды заняпаду і ўсплёскі грамадскай і творчай актыўнасці ў Беларусі, звязанай, у тым ліку, з інтарэсам да нацыянальнай культуры, апошнія дзвесце год чаргаваліся з інтэрвалам прыблізна ў трыццаць гадоў. Калі браць гісторыю 20-га стагоддзя, мы ўбачым літаратурны пад’ём 20-30-х гадоў, падаўлены хваляй рэпрэсій, пасля ў 60-я раптам з’явілася цэлае сузор’е выдатных пісьменнікаў: Быкаў, Караткевіч, Адамовіч, Барадулін, Бураўкін, Сіпакоў, Сачанка, Чыгрынаў, Адамчык… У 80-90-я заявіла пра сябе маё пакаленне: Глобус, Наварыч, Федарэнка, Дубавец… А цяперашняя цікавасць грамадства да нацыянальнай культуры, мовы, пошукі сваёй ідэнтычнасці, магчыма, рыхтуюць глебу для наступнай хвалі творчага пад’ёму. Але ж адной грамадскай ініцыятывы тут недастаткова: культура і мова не могуць развівацца выключна на энтузіязме, без падтрымкі дзяржавы. Разам з тым без нацыянальнай ідэнтычнасці і без мовы як яе асноўнага складніка існаванне дзяржавы апынецца пад пагрозай. Нават кіраўнік дзяржавы ўжо зразумеў, што трэба павялічваць колькасць гадзінаў беларускай мовы ў школьнай праграме – маўляў, ненармальна, калі на англійскую адводзіцца 6 гадзін на тыдзень, на рускую 4, а на беларускую – толькі дзве.

— Дарэчы, на нядаўняй сустрэчы літаратараў з прэзідэнтам вы звярнулі ўвагу менавіта на моўнае пытанне.

— На той сустрэчы я казаў, што наша літаратура сёння — адна з самых цікавых ва Усходняй Еўропе, але, разам з тым, адна з самых невядомых, нераскрытых. Прычына ў тым, што беларуская мова недастаткова папулярная не толькі ў самой Беларусі, але і за мяжой. Старэйшае пакаленне перакладчыкаў, дзякуючы якім творы нашых пісьменнікаў публікаваліся па-англійску, па-нямецку, па-французску, на жаль, сыходзіць, а новыя не з’яўляюцца. Таму я прапанаваў падумаць над магчымасцю стварэння ўстаноў накшталт Інстытута Гётэ ці Польскага Інстытута, якія займаліся б папулярызацыяй беларускай культуры і мовы ў іншых краінах. Кіраўнік дзяржавы на гэты конт выказаўся скептычна – маўляў, ведаем мы, чым тыя інстытуты ў Беларусі займаюцца. Але ж вось аб’ектыўны факт: дзякуючы працы Шведскага Інстытута ў Беларусі за апошнія пяць год з’явілася не менш як дзесяць перакладчыкаў са шведскай мовы, творы шведскіх аўтараў перакладаюцца і публікуюцца тут. Па-мойму, гэта выдатны вопыт, варты пераймання.

— У гісторыі нямала прыкладаў, калі нацыянальнымі з’явамі ў літаратуры і мастацтве раптам пачынаў захапляцца ўвесь свет. Так сталі папулярнымі балканскае кіно, лацінаамерыканская літаратура… А чым можа зацікавіць замежнага чытача сучасная беларуская літаратура?

— Відавочна, згаданыя вамі балканскае кіно і лацінаамерыканская літаратура грунтуюцца на сваёй адметнай гісторыі і культуры. Іх карані — у казках, у фальклоры, персанажы Маркеса і Картасара — не абстрактныя зямляне, а людзі з пэўнай нацыянальнай прыналежнасцю. Так і мы можам зацікавіць толькі нечым нашым адметным, чаго няма больш нідзе ў свеце. Што гэта можа быць апроч нашых фальклору і міфалогіі, да якіх нам яшчэ вяртацца і вяртацца?..  Варта адзначыць, што ў апошнія гады ў Еўропе адбыўся заўважны ўсплеск цікавасці да беларускай ваеннай і гістарычнай прозы. У Англіі адкрылі для сябе “Хатынскую аповесць”Алеся Адамовіча, у Нарвегіі, Германіі, Польшчы, Швецыі выйшлі аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”, “Сотнікаў”, “Кар’ер”, а кніга Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар” раптам, праз трыццаць гадоў пасля першай публікацыі, загучала па-новаму і яе дапоўненыя перавыданні атрымалі прэстыжныя прэміі ў Польшчы, Германіі, Швецыі, Францыі… Раман Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” стаў адкрыццём для палякаў. Шырока перакладаюцца на еўрапейскія мовы творы сучасных аўтараў, якія пішуць пра сённяшнюю Беларусь – Уладзімера Арлова, Алеся Разанава, Уладзімера Някляева, Ігара Бабкова, Наталкі Бабінай, Артура Клінава, Альгерда Бахарэвіча, Андрэя Хадановіча… Пералік гэты можна доўжыць.

— Хто толькі не цытаваў выказванне кіраўніка дзяржавы пра тое, што ў нас сёння чамусьці не пішацца “Война и мир”. Вы ж кажаце, не варта з-за гэтага перажываць — у нас і так дастаткова добрай літаратуры. А ці можна нейкі беларускі літаратурны твор паставіць у адзін шэраг са славутым раманам Талстога?

— Ці варта ўвогуле рабіць такія супастаўленні? “Война и мир” належыць свайму нацыянальнаму і культурнаму кантэксту, немагчыма, каб такі твор з’явіўся ў сучаснай Беларусі. Так, у нас сёння няма сваіх шолахавых і талстых, але ў нас ёсць вялікая нацыянальная літаратура. Усё спазнаецца ў параўнанні, але чаму мы ўвесь час мусім параўноўваць сябе толькі з Расіяй? Давайце паглядзім на іншых нашых суседзяў – літоўцаў, латышоў, украінцаў. У нашай літаратуры ёсць сусветна знакамітыя імёны, якімі кожны са згаданых народаў мог бы ганарыцца. Нам не варта камплексаваць і прыбядняцца. Паглядзіце: за апошнія 15 год на Нобелеўскую прэмію ад Беларусі прэтэндавалі Быкаў, Барадулін, Разанаў, Някляеў, Алексіевіч. І ніхто нават з расійскіх пісьменнікаў не быў так блізка да гэтай узнагароды, як Алексіевіч! Яна два гады запар трапляла ў шорт-ліст, і ў яе, дарэчы, самыя высокія шанцы на атрыманне прэміі ў бліжэйшай будучыні сярод усіх пісьменнікаў постсавецкай прасторы.

— Як вам падаецца, ці можа хто-небудзь з беларускіх літаратараў папоўніць нобелеўскі шорт-ліст у бліжэйшыя гады?

— Мне хацелася б, каб усё ж вярнуліся да імёнаў Някляева і Разанава. Яны, як мне падаецца, цалкам верагодныя кандыдаты на атрыманне Нобелеўскай прэміі. Але тут зноў паўстае перашкода, пра якую мы ўжо гаварылі: тэксты, да прыкладу, Разанава, як гэта было і з творамі намінаванага на Нобеля Барадуліна, надзвычай складаныя для перакладу, і каб належным чынам прадставіць яго творчасць міжнароднай аўдыторыі, патрэбныя высокапрафесійныя людзі, якія аднолькава віртуозна валодалі б і беларускай, і той мовай, на якую яны перакладаюць. А такіх людзей, на жаль, катастрафічна нестае.

— З другога боку, ёсць Артур Клінаў, ёсць Віктар Марціновіч, якія знаходзяць замежных перакладчыкаў, выдаюцца за мяжой.

— Але іх творы ў асноўным перакладаюць з рускай мовы.

— Затое і вынік ёсць: той жа Марціновіч “свеціцца” ў Германіі, удзельнічае ў выставах.

— Тут шмат залежыць ад самога чалавека. Той жа Васіль Быкаў не любіў публічнасці, самапіяру, адмаўляўся ад інтэрв’ю, і гэта адна з прычын чаму ён не атрымаў у свай час Нобелеўскую прэмію. Сёння ж з’явілася новае пакаленне, якое разумее: калі не парупішся пра самарэкламу, нічога ў цябе не атрымаецца. І Клінаў, і Марціновіч у гэтым сэнсе прадстаўнікі новай фармацыі.  

— Як на вашу думку, творчасць Віктара Марціновіча заслугоўвае той папулярнасці, якую яна зараз мае?

— Мне падабаецца, што Віктар увесь час развіваецца як пісьменнік. Лічу, яго апошні раман “Мова” — лепшае з таго, што ён напісаў. Яго творчасць – сур’ёзная заяўка, калі ён будзе і далей удасканальваць сваё майстэрства, будзе вельмі добры вынік. Разам з тым, у Беларусі ёсць дзясяткі не менш цікавых і таленавітых літаратараў, але яны застаюцца ў ценю, бо не ўмеюць рэкламаваць самі сябе, а больш займацца іх раскруткай няма каму.

— Магчыма, літаратурныя агенты дапамаглі б вырашыць гэтую праблему?

— Цалкам слушна. У ідэале пісьменнік павінен сядзець і пісаць, не турбуючыся ні пра што, акрамя творчасці. А яго “раскруткай” займаюцца агенты ці выдавецтвы. Дарэчы, уласна, саюзы пісьменнікаў нідзе ў свеце не займаюцца папулярызацыяй аўтараў і рэкламай кніг.

— Часам складваецца ўражанне, што два беларускія саюзы пісьменнікаў займаюцца ўвогуле не творчасцю, а пастаяннай канфрантацыяй паміж сабой.  Чаму так?

— Не ведаю, чаму ў кагосьці складваецца такое ўражанне. Наш саюз ніколі ніякім чынам не займаўся канфрантацыяй з калегамі. Калі адбыўся падзел, пэўная колькасць пісьменнікаў з нашага саюза перайшла ў новаствораны. І тое хутчэй з-за нейкіх асабістых прычынаў: каб не страціць працу ў дзяржаўных установах ці выданнях, каб мець кар’ерны рост. Дарэчы, цяпер пачаўся адваротны працэс – да нас вярнуліся такія вядомыя пісьменнікі як Раіса Баравікова, Алена Масла, Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Віктар Супрунчук... Калі і ёсць супрацьстаянне, дык яно мае не творчы, а ідэалагічны, светапоглядны характар. Наш саюз быў заснаваны ў 1934 годзе і ён ёсць адзіны спадкаемца Саюза пісьменнікаў БССР. Яго сябрамі былі Купала, Колас, Чорны, Мележ, Куляшоў, Панчанка… Іх асабістыя дагэтуль справы захоўваюцца ў нас. Гісторыя паказала, што беларускія літаратары заўсёды мелі вельмі выразную грамадзянскую пазіцыю. Паглядзіце: сярод заснавальнікаў БНР і пазней БССР былі літаратары. Калі пачаўся грамадскі ўздым у час перабудовы, таксама пісьменнікі былі ў першых шэрагах. Калі ж на рэферэндум былі вынесеныя змены ў Закон аб мовах, літаратары былі сярод тых, хто выступіў супраць. Часта здаралася, што, калі пісьменнікі прыцягвалі ўвагу да культурных пытанняў, але іх падыход адрозніваўся ад уладнага, то дзеянням пісьменнікаў надавалася палітычная афарбоўка. І гэта не спыняла. Многія беларускія пісьменнікі адкрыта выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю. З гэтай прычыны на нас пачалі ціснуць: забралі будынкі Дома Літаратара і пісьменніцкай паліклінікі, пазбавілі дзяржаўнага фінансавання, “прыхватызавалі” перыядычныя выданні, заснавальнікам якіх быў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Але ж жаданага выніку гэта не дало — літаратары не змянілі свае пазіцыі! Таму ў 2005 годзе ўрэшце быў створаны паралельны Саюз з тых, хто лаяльны да цяперашняй дзяржаўнай палітыкі.

— Як гэтая падзея адбілася на вашай дзейнасці?

— Тады мы апынуліся фактычна ў падполлі, хоць былі і ёсць афіцыйна  зарэгістраванай грамадскай арганізацыяй: некалькі разоў наш Саюз спрабавалі ліквідаваць — нават да Вярхоўнага суда справа даходзіла, але мы выйгралі той працэс. У Беларусі існуюць негалосныя “чорныя спісы” пісьменнікаў – у асноўным гэта сябры нашага Саюза, якіх не згадваюць у СМІ, не публікуюць у дзяржаўных выдавецтвах і выданнях. Так фактычна “забыліся” на Гілевіча, Бураўкіна, Барадуліна, Арлова, Алексіевіч… Быкава пачалі згадваць толькі нядаўна з нагоды 90-годдзя з дня нараджэння, і, што дзіўна, адбылося гэта з падачы кіраўніка дзяржавы. За апошнія гады кардынальна змянілі школьную праграму па беларускай літаратуры, пакінуўшы ў ёй з творчасці многіх класікаў і яркіх сучасных аўтараў па пары твораў, прычым не самых значных, а многіх зусім выключылі з падручнікаў. У той жа час і кнігі, выдадзеныя нашымі аўтарамі ў незалежных выдавецтвах, далёка не заўсёды трапляюць на паліцы дзяржаўных кнігарняў. Вядома ж, усё гэта – велізарныя перашкоды на шляху літаратуры да чытача.

— Ці ўдаецца вам нейкім чынам уплываць на сітуацыю?

— Тое, што ў нашых сілах, мы робім: раз на месяц выдаем “Літаратурную Беларусь” як дадатак да газеты “Новы час”, часопіс “Дзеяслоў”, бюлетэнь “Кніганоша”, у нас ёсць сайт, дзе публікуецца ўся інфармацыя пра аўтараў і новыя выданні. Выдаем кнігі ў серыях “Кнігарня пісьменніка”, “Пункт адліку”, “Каляровы ровар”, ладзім літаратурныя сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі, хаця ёсць пэўныя складанасці  пры арганізацыі выступаў у навучальных установах і бібліятэках. Мы стараемся працаваць па-новаму, ідзем у сацыяльныя сеткі, імкнемся зацікаўліваць моладзь, да прыкладу, арганізавалі Школу маладога пісьменніка, якая працуе ўжо трэці год. Па шчырасці, нават не верылася, што будзе такая цікавасць да яе. Сёлета, напрыклад, на 20 месцаў у школу было пададзена 38 заяваў. Мы пашыраем міжнародныя кантакты. Наш Саюз з’яўляецца сябрам Еўрапейскай пісьменніцкай Рады і Балтыйскай рады пісьменнікаў. Набываем новы вопыт у абароне аўтарскіх правоў, працуем з грамадскімі аб’яднаннямі перакладчыкаў. Пры гэтым нас нельга папракнуць у тым, што мы не апраўдваем дзяржаўнага фінансавання, бо яго даўно няма. Мы   робім тое, што адпавядае нашым прынцыпам і застаемся вернымі сваёй пазіцыі ў абароне роднай мовы і культуры, гісторыі і літаратуры.

— А як справы у афіцыйнага Саюза? Здаецца, яны маюць значна большую свабоду дзеянняў, дзяржаўную падтрымку… Ці дае гэта нейкі плён?

— Прабачце, але не мне адказваць на гэтае пытанне. Хай іх працу ацэньваюць тыя, хто  вылучае на іх падтрымку грошы з дзяржаўнага бюджэту і перадаў ім у карыстанне наш Дом і нашыя выданні. На сустрэчы з кіраўніком дзяржавы на адрас пісьменнікаў прагучала слова “бездельники”. Крыўднае слова, але ніколькі, нічым не абгрунтаванае нават да праўладных літаратараў. Каб напісаць раман пісьменніку трэба як мінімум год працы. Напісаў, панёс у выдавецтва. У яго спытаюць: з якога вы Саюза? І калі не з праўладнага – адразу вернуць. Калі ж надрукуюць праз год ці два, ён у лепшым выпадку атрымае ганарар 3-5 мільёнаў беларускіх рублёў. Падзяліце гэтыя грошы на час працы і чакання выхаду. Ці ж гэта адэкватная плата? Таму і даводзіцца пісьменнікам працаваць недзе, зарабляць на пражыццё, і адрываць на напісанне вольныя хвіліны. А пісьменніку з незалежнага Саюза давядзецца друкаваць свой твор за ўласныя грошы ў незалежным выдавецтве, а потым яшчэ і самому распаўсюджваць, бо дзяржаўныя манапалісты “Белкніга” і “Саюздрук” не возьмуць яго кнігу на продаж. І бібліятэкі не возьмуць.

Ніл Сымонавіч Гілевіч, адзіны на сёння Народны паэт Беларусі, выдаў свой 23-томавы збор твор з уласнай пенсіі накладам у 50-100 асобнікаў… Усе жывуць старымі меркаваннямі пра пісьменніцкія ганарары і мала хто ведае праўду. А між тым, які-небудзь дваццацігадовы футбаліст ці хакеіст з дубля атрымлівае заробак не менш як 2 тысячы даляраў у месяц. Відавочны перакос паміж стаўленнем да культуры і спорту, які ніхто не заўважае. 

Так, сёння ў нас паралельна існуюць дзве літаратуры – афіцыйная, сканцэнтраваная вакол праўладнага Саюза пісьменнікаў, і незалежная. І тая, і другая, маюць свае праблемы, але жывуць сваім – даволі насычаным – жыццём.  І яны, і мы шукаем свой шлях да чытача. І нам часта не стае канструктыву, каб зразумець: не варта абражаць адно аднаго, непатрэбная гэтая варажнеча, няхай чытач вызначыць, хто з нас чаго варты. Пры гэтым мне хацелася б, каб кожны, хто мае сваю пазіцыю, выказваў яе адкрыта і аргументавана, каб не было нічым не абгрунтаваных забаронаў і перашкодаў. І каб ідэйная аснова ў нас была адна – любоў да роднага краю, нашых традыцыяў, гісторыі, культуры і мовы.

— Вы – старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ці ладзяць паміж сабой Барыс Пятровіч пісьменнік і Барыс Пятровіч – адміністратар?

— З кожным годам усё цяжэй пісьменніку і адміністратару ладзіць між сабой… Адміністратар перамагае… забірае ўвесь час. Літаратура робіцца хобі і толькі. Разумею, што пасля нас застануцца не нашыя пасады, а тое, што мы напісалі. Але ўсё складаней выкройваць час на тое, каб напісаць нешта сваё. Спадзяванні на тое, што некалі стане лягчэй, застаюцца спадзяваннямі... Усё-ткі лічу, што трэба змяняць нашую традыцыю: Саюзам павінны кіраваць не пісьменнікі, як было тут заўсёды (ды яшчэ хацелі, каб самыя лепшыя і вядомыя творцы), а звычайныя адміністратары, якія з раніцы да позняй ночы будуць спакойна вырашаць пісьменніцкія праблемы.

— Якіх тэмаў не хапае ў сучаснай беларускай літаратуры?

— У кожнай краіне ёсць свая спецыфіка. У Беларусі заўсёды самай папулярнай і масавай была літаратура на гістарычную тэматыку. Не толькі уласна раманы і аповесці, але і сур’ёзныя даследаванні мінулага, мемуарная, краязнаўчая літаратура. Колькі б яе ў нас ні з’яўлялася, заўсёды была вялікая цікавасць, найбольшыя наклады і – заўсёды не хапала яе… Пра  гэта кажуць і сённяшнія распаўсюднікі літаратуры. Таксама мала цікавай літаратуры для дзяцей усіх узростаў. Мы імкнемся запоўніць гэты прабел, праводзім конкурсы на лепшы твор для дзяцей, перакладаем кнігі замежных пісьменнікаў, выдаем серыю дзіцячых кніг “Каляровы ровар”. Але нашыя кнігі патанаюць у акіяне расійскамоўных… З іншага боку часта чую, што сучасная беларуская літаратура элітарная, што ў нас не хапае літаратуры масавай, забаўляльнай. Калі сапраўды не хапае, бо мы такія няздары і не можам ствараць яе, дык, калі ёсць такі попыт, можна перакласці з іншых моваў. Як гэта пры патрэбе робяць нашыя суседзі. Але ці будуць беларусы чытаць Марыніну, Данцову альбо Акуніна па-беларуску? І ці будуць чытаць сваіх данцовых і акуніных па-беларуску, калі яны з’явяцца. Моцна сумняваюся. Хутчэй – не. Значыць, прычына палягае не ў гэтым.

— А ў чым тады? Як, на вашую думку, заахвоціць людзей чытаць па-беларуску?

— А як заахвоціць чытаць па-літоўску, па-латышску ці па-ўкраінску? Вы думаеце, гэта залежыць ад таго, ці напісаныя на гэтых мовах свае “Вайна і мір” ды “Ціхі Дон”? Ну няма ў іх такіх кніг, не напісана, але зайдзіце ў іхнія кнігарні – яны запоўненыя літаратурай на роднай мове. Арыгінальнай і перакладной. І купляюць, і чытаюць, і не бачаць нейкай праблемы. Яшчэ прыклад: нашае даследаванне паказала, што па-англійску ў Беларусі чытаюць 0,3 адсоткі чытачоў, дык што гэта азначае: англамоўная літаратура настолькі горшая за расійскамоўную? Значыць, прычына не ў якасці нацыянальнай літаратуры і не ў тым, як некалі прагучала: “напішыце бестсэлер, і вас будуць чытаць”, а ў нечым іншым. У любові да свайго, да сваёй роднай мовы і культуры. І ў веданні, падкрэсліваю, веданні роднай мовы. Бо любоў да літаратуры пачынаецца з любові да роднай мовы. Пакуль не будзе беларускай школы, нічым, ніякімі супертворамі мы не заахвоцім больш чытаць па-беларуску… Трэба адраджаць беларускамоўную адукацыю ад дзіцячых садкоў да ВНУ. Каб на роднай мове ўсе прадметы вывучалі не 15 адсоткаў вучняў і 0,1 адсотка студэнтаў, як цяпер у нас, а 100 адсоткаў, як ва ўсіх нармальных краінах свету. Толькі так. На нядаўнім з’ездзе ТБМ прагучала такое паведамленне: у Берасцейскай вобласці ў адной са школаў санэпідэмстацыя абавязала развесці па розных днях вывучэнне англійскай і беларускай моваў, бо, аказваецца, па санітарных нормах нельга ў адзін дзень вучыць дзве замежныя мовы. Дажыліся: беларуская мова ў Беларусі ўжо стала замежнай!.. Па-мойму, сёння ўжо ўсім стала зразумела, што сітуацыя з вывучэннем беларускай мовы дасягнула крытычнай мяжы… Але, падкрэслю асобна, пры гэтым не варта баяцца ведання расійскай мовы. Трэба ўмець выкарыстоўваць перавагі, якія яна дае. Прыкладам нам могуць быць скандынаўскія краіны, дзе большасць насельніцтва акрамя роднай мовы ведае яшчэ і англійскую. Ім не трэба перакладаць для студэнтаў усе самыя новыя навуковыя кнігі па фізіцы, хіміі ды іншых прадметах, бо ўсё гэта ёсць па-англійску. А гэта немалая эканамічная выгада для краіны. Тое ж і з сучаснай замежнай для іх літаратурай – усе навінкі ёсць па-англійску, а ў нас – па-расійску. Але пры гэтым трэба не забываць, што мы беларусы. І нашая родная мова – галоўная для нас, і веданне яе абавязковае. Для ўсіх. Ад выхаванцаў дзіцячых садкоў да міністраў. І прэзідэнта.

 

Ганна Трубачова, Вольга Блажэвіч

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч (болей здымкаў гл. ТУТ).

Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»

Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»