Барыса Сачанку ўспомнілі ў Мінску (ФОТА)

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася вечарына, прымеркаваная да юбілею пісьменніка.

У імпрэзе ўзялі ўдзел родныя і блізкія Барыса Іванавіча, яго сябры, калегі, прыхільнікі творчасці. Цягам дзвюх з паловай гадзінаў прагучала шмат успамінаў, якія раскрылі для чытачоў рознабаковасць асобы пісьменніка, асаблівасці яго характару і таленту, плён яго шматгадовай дзейнасці па захаванні і развіцці нацыянальнай мовы і літаратуры.

Дачка Барыса Сачанкі Галіна Багданава

Да 80-годдзя літаратара ў серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў пабачыла свет кніга "Пад сузор'ем сярпа і молата", якая была падрыхтаваная яшчэ пры жыцці спадара Барыса, але выдадзеная толькі зараз.

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", празаік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч (Сачанка) распавёў пра свайго дзядзьку

Малодшы брат Барыса Іванавіча Алесь Сачанка 

Цяпер да публікацыі рыхтуецца том выбранага Барыса Сачанкі ў залатой калекцыі "Кнігазбора".

Уверсе: аўтограф Янкі Сіпакова; Васіль Быкаў і Барыс Сачанка. 1984 

Дарчы надпіс Яўгеніі Янішчыц

Да юбілею Барыса Іванавіча ў музеі падрыхтаваная і прадстаўленая экспазіцыя, якая складаецца з архіўных фота з калекцыі Уладзіміра Крука, асабістых рэчаў, кніг з дарчымі надпісамі, дакументаў.

— Мне здаецца добрай прыкметай тое, што мы не забываем тых, каго зараз няма побач з намі. Як кажуць, чалавек жыве датуль, пакуль мы пра яго памятаем. Барыс Іванавіч — асоба, якую немагчыма выкрасліць з жыцця грамадскага, літаратурнага, калі хочаце, дзяржаўнага. На мой погляд, мы вінаватыя ў тым, што гэтая постаць не заняла свайго належнага месца ў нашай сённяшняй гісторыі. Барыс Сачанка быў рознабакова таленавітым: я кажу не толькі пра пісьменніцтва, але і пра яго грамадскую работу, — адзначыў пісьменнік, грамадскі дзеяч, дыпламат Анатоль Бутэвіч.

Уверсе: Анатоль Бутэвіч, унізе: Анатоль Вярцінскі, Пётр Краўчанка, Зіновій Прыгодзіч

Блізкі сябар Барыса Іванавіча, бібліяфіл, экслібрыст Алег Судзянкоў

Уверсе: кінарэжысёр Віктар Дашук, пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк; унізе: пісьменнік і выдавец Кастусь Цвірка, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева 

— Мне імпануе той факт, што чалавек, перажыўшы вайну, здолеў казаць пра яе не дзяжурнымі фразамі, не казённай мовай, а так, каб чытача хвалявала да сённяшняга дня. Напэўна, таму, што праз усё жыццё ён хацеў зразумець: дзе тыя першыя, якія становяцца апошнімі, і наадварот — як апошнія становяцца першымі. Гэты дуалізм турбаваў яго ў мастацкім ракурсе і ён апісваў сваю думку так, як разумеў.

Але было ў яго шмат-шмат іншага, што на сённяшні дзень набывае сваю вартасць. Ён быў фактычна першым, хто глыбока, пранікліва і настойліва казаў пра беларускую эміграцыю, ён са многімі быў знаёмы асабіста, вяртаў іх у Беларусь — і іх саміх, іх творы, архіўныя дакументы. Дзякуючы Барысу Іванавічу многае было апублікавана, выдадзена, вернута ў нашую літаратуру. Тая старонка гісторыі, якая была на той час не вельмі шанаванай, непрыхільна сустракалася многімі, але, тым не менш, сталася каштоўнай для нашай культуры. Слова Барыса Сачанкі пра беларускую эміграцыю — першае слова пра тых людзей, якіх мы чамусьці не хацелі бачыць.

Праца ў Саюзе пісьменнікаў, праца ў Беларускай Энцыклапедыі засведчыла высокую грамадскую актыўнасць Барыса Іванавіча. І гэта не было проста “адбыванне”: ён хацеў зрабіць як мага больш карыснага — і рабіў. Унёсак яго ў нацыянальную культуру і мову неацэнны, — падсумаваў Анатоль Бутэвіч.

Падчас вечара на экране дэманстравалася мультымедыйная прэзентацыя, прысвечаная Барысу Сачанку.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org