Барысу Кіту — 107!

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 у Пецярбургу.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай гімназіі. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. З 1933 г. выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1940 г. заняў пасаду акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і сярэднія школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім раёнах. Аднавіў Беларускую гімназію ў Навагрудку.

У часы гітлераўскай акупацыі быў дырэктарам школы ў Лебедзеве, гімназіі ў Паставах і гандлёвай школы ў Маладзечне, навучанне ў гімназіях ратавала моладзь ад вывазу ў Германію. Многія вучні былі удзячныя яму за настаўніцкую дзейнасць. Нейкі час быў у нямецкай турме, выжыў. "Я сядзеў у страшэннай нямецкай турме і паміраў штодня, 30 дзён сядзеў у турме ў Глыбокім. Кожны дзень паліцыя забірала ад нас з такой ямы на расстрэл 25 чалавек, 5 заставалася, і я сярод іх. І так 30 дзён, 30 разоў чакаў сьмерці. Але Бог, відаць, не хацеў маёй сьмерці. Трэба сказаць, што мяне тады выратаваў Кастусь Касяк, які пайшоў да нямецкага гэбітскамісара і дамогся майго вызваленьня праз 30 дзён у турме. Ён быў маім вучнем у Наваградзкай беларускай гімназіі, добрым вучнем. І многім беларусам ён тады дапамог вызваліцца зь нямецкіх турмаў. Але калі прыйшлі бальшавікі, то першым яго павесілі…" - распавядаў потым Барыс Кіт у інтэрв'ю.

Улетку 1944 г. выехаў у Германію, у 1947 г. прыехаў у ЗША. Адзін са стваральнікаў беларускага асяродка ў Саўт-Рыверы. Кіт разам з Франакам Шаўроўскім, Лангінай і Уладзімірам Брылеўскім, Міхасём Сенькам запрашалі беларусаў з Нямеччыны ў Саўт-Рывер, шукалі ім жыллё, працу. Такім чынам паўстаў беларускі асяродак з царквой, які паспяхова дажыў да нашага часу.

У 1950 г. Кіт пераехаў у Лос-Анджэлас, дзе таксама спрычыніўся да арганізацыі беларускага жыцця.

З сярэдзіны 1960-х удзельнічаў у касмічных праектах, у выніку чаго пакінуў грамадскую дзейнасць.

З’яўляецца акадэмікам Сусветнай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), членам Амерыканскага астранаўтычнага таварыства.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" віншуе слаўнага беларуса з днём нараджэння, зычыць добрага здароўя і бадзёрага настрою.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"