«Бацькаўшчына» абвяшчае конкурс працаў пра беларускае замежжа
Дасягненні беларусаў замежжа — неад’емная частка нашай супольнай гісторыі і сучаснасці, нашай культуры. Яны вартыя вывучэння і папулярызацыі. Справы і творы народжаных у Беларусі мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў ды звычайных беларусаў ва ўсе часы ўплывалі і працягваюць уплываць на фарміраванне ўяўленняў пра беларускую нацыю ў свеце. А што самі жыхары сённяшняй Беларусі ведаюць пра нашых замежных суайчыннікаў?
Каб разумець, якімі праз суродзічаў за мяжой нас бачыць свет, і з нагоды свайго юбілею Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абвяшчае конкурс працаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа.
Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія тэксты навуковага, навукова-папулярнага, публіцыстычнага характару. Яны могуць быць прысвечаныя розным аспектам жыцця і дзейнасці беларусаў у замежжы, у тым ліку:
– біяграфіям пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх і іншых дзеячаў, чыё жыццё і творчасць звязаныя з замежжам;
– асэнсаванню творчай спадчыны дзеячаў беларускага замежжа;
– гісторыі масавых эміграцый, перасяленняў беларусаў па-за межы Беларусі;
– гісторыі або сучаснасці беларускай прысутнасці ў асобнай краіне;
– дзейнасці беларускіх дзяржаўных прадстаўніцтваў на Захадзе: Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Цэнтральнай Рады;
– дзейнасці асобных беларускіх арганізацый, суполак, калектываў, сродкаў масавай інфармацыі;
– сацыяльным, эканамічным, культурным аспектам існавання беларускага замежжа.
У склад журы конкурсу ўваходзяць сябры Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”:
-
Наталля Гардзіенка, гісторык, намеснік дырэктара БДАМЛМ,
-
Лявон Юрэвіч, архівіст Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі,
-
др. Вітаўт Кіпель, старшыня БІНіМа,
-
др. Янка Запруднік, сябра ўправы БІНіМа,
-
Валеры Герасімаў, загадчык аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Да ўдзелу запрашаюцца як прафесійныя навукоўцы, так і аматары, як сталыя даследчыкі, так і пачаткоўцы з Беларусі і замежжа.
Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай мове.
Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды, а найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя.
Памер тэкстаў да 1 аўтарскага аркуша (каля 40 тысяч знакаў).
Дасылаць працы трэба ў электронным выглядзе з пазнакай “На конкурс” на адрас: zbsb.minsk@gmail.com да 1 студзеня 2016 г.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”