«Баваўняная дзяўчынка» — кніга для сямейнага чытання

Кніга «пра і для дзяўчатак і хлопчыкаў ад двух да ста дзевятнаццаці гадоў».

Гэтая казка заняла другое месца ў літаратурным конкурсе «Экслібрыс» імя Янкі Маўра.  

Ці сапраўды гісторыю пра баваўняную дзяўчынку можна чытаць «удзень і ўначы, нашча ці толькі што пад’еўшы, лежачы пад коўдраю або ўскараскаўшыся на яблыну», як жартаўліва рэкамендуе анатацыя? Пра гэта мы распыталі стваральнікаў кнігі.

Дар’я Вашкевіч: Добрая дзіцячая кніга, на мой погляд, можа быць цікавая і для дзяцей, і для дарослых. З майго дзяцінства запомніліся “Хронікі Нарніі” і “Піпі ДоўгаяПанчоха” — мне іх чыталі бацькі, часцей тата, і гэта было захапляльна для нас усіх, не толькі для мяне. І нават сёння мы з бацькамі, часам абмяркоўваючы кнігі, прыходзім  да высновы, што дарослых узбагачае чытанне кніг для дзяцей. Мая казка нарадзілася нечакана — цудоўнасць дзіцячай кнігі ў тым, што яна дае вялікую прастору для фантазіі. Мая гісторыя адвечная, як і ўвесь наш свет — пра любоў ва ўсіх яе праявах.

   

— Для мяне гэта першы досвед ілюстравання менавіта кнігі, дзіцячай кнігі, — прызнаецца Алена Медзякова. — Мова метафары для дзяцей — гэта рызыкоўна і адказна! З дзецьмі трэба размаўляць, як з дарослымі, трэба дапамагчы ім зразумець і адчуць літаратурны сюжэт. Героі гэтай гісторыі — дзяўчынка, хлопчык і іншыя — валодаюць незвычайнымі якасцямі. Як гэта — баваўняная дзяўчынка? Якая яна? У выніку нарадзіўся такі “баваўняны” вобраз — дзяўчо з рудымі, надзвычай даўгімі, мяккімі валасамі і простым адкрытым тварам.

Пісьменнік стварае гісторыю, мастак падштурховае чытацкую фантазію, а самая галоўная справа — за маленькім чытачом, які ажыўляе і казку, і яе герояў.

 

Кнігу «Баваўняная дзяўчынка» можна знайсці ў мінскіх крамах Цэнтральная кнігарня, Акадэмкніга, «Веды», «Книги&книжечки», «ЛогвінаЎ», у інтэрнэце на prastora.by і knihi.by. Цікаўцеся!

Прэсавая служба СБП