Байсан (Алесь Плотка) у праекце "Чорна-белыя вершы"

Байсан (Алесь Плотка) – паэт. Нарадзіўся ў Гомелі. Супрацоўнічаў з шэрагам беларускіх гуртоў як выканаўца, аўтар (суаўтар), перакладчык і стыль-кансультант. Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф”, дыпламант Беларускага ПЭН-Цэнтра; друкуецца ў перыёдыцы.
Розы вуліца
Мяккія пухнатыя камякі снегу падаюць долу
Люксембург. Розы вуліца
Абмяклыя ў пухавіках алкашы паўтараюць рух камякоў
На скрыжаванні з Лермантава, на рагу, побач з культавай крамай
На апошнім паверсе сталінкі створаныя ўсе ўмовы
Для назірання й аналізу падабенства дзіўных атмасферных з’яваў.
Люксембург — гэта найлепшы раён горада
І, натуральна, цэнтр Еўропы і талерантнасці
Тут жывуць прадстаўнікі ўсіх літаратурных саюзаў
Хаця нарадзіліся ўсе ў Саюзе адным
І частка так любіць чатыры літары, якія збярог білет камсамольца,
Другая з імпэтам чатыры літары шле на тры, не ўсе з якіх зычныя
У доме насупраць тры чвэрці стагоддзя назад на аднаго жыхара стала меней
Добрае хутка знікае — як мяса з прылаўкаў цяпер
Унучку паэта-нацдэма тут у дзевяностым згвалцілі тры жаўнеры
Два з Ленінграда і адзін з Даўгаўпілса. Братэрства народаў здараецца ў розных праявах
Праз дзесяць год знік іхні сусед, падтрымка й апора
Ён добра ведаў кошт пяцілітарных словаў — грант і адкат
Але ў год трох нулёў, бачна, баланс не сышоўся
Цяпер там жыве адзінокая пані з філфака. Кола гісторыі, можна сказаць, замкнулася
Яе маленькі байструк цяпер гуляе ў танчыкі дзетак унучкі
І часта так голасна кажа: “Мама, я буду ваенным!”
Але разумення паміж пакаленнямі ад часу Сакрата болей не стала
Суседка чуе той маніфест, крышыць цыбулю на кухні і плача
У прынцыпе, увесь свет — адна вялікая вуліца Розы Люксембург