Бібліятэчка “Дзеяслова” разбурае стэрэатыпы

Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў” днямі папоўнілася адразу дзьвюмя незвычайнымі кнігамі вершаў. На гэты раз, адступаючы ад “традыцыі” гэтай літаратурнай сэрыі (дагэтуль выйшлі сем кніг выбітных творцаў-мужчын), прыярытэт быў аддадзены паэткам – Галіне Дубянецкай і Тацяне Сапач, яскравым, таленавітым і таямнічым асобам у сучаснай беларускай літаратуры.
“Анадыямэна” Дубянецкай – кніга-легенда, якую прыхільнікі яе таленту чакалі можа з дзесятак гадоў. Рэдкая зьява ў беларускай літаратуры – “паэтка бяз кнігі”. Менавіта такую характарыстыку даў некалі Дубянецкай паэт Міхась Скобла. Былі незлічоныя публікацыі ў друку, анталёгіі, пераклады на розныя мовы, выступы перад прыхільнікамі… Нарэшце таемны паэтычны сьвет Галіны, які столькі часу хваляваў, трывожыў, зачароўваў і абуджаў высокія пачуцьці, увасобіўся ў кнізе сапраўднай паэзіі. Прычым, рыхтуючы сваю першую кнігу, Галіна засталася вернай сабе: “Анадыямэну” ўпрыгожылі малюнкі таленавітай мастачкі Алены Ткачовай.
“Анадыямэна”, “тая, што ўзнікла з мора” – кніга вершаў, што ўзьніклі, як паўстае да жыцьця жывое, -- з “мора” непраяўленасьці – на покліч любові – на здабыцьцё сімвалічных “ключоў” да незачыненай брамы” сэнсу” – сьцвярджае паэтка.
заблукаеш: не спаткаеш
а спаткаеш – не спазнаеш
пераступіш: не разгледзіш
а разгледзіш – не дастанеш…
Дубянецкая і сапраўды, як у вершы “Заблукаеш”, выступае часам у якасьці прарока: запрашае “заблукаць” у сваім чароўным лесе метафар, патаемных алюзій, міфалагічных і антычных вобразаў, трапнай і нечаканай рыфмы, але ў той да час нагадвае – “не дастанеш”. Але паспрабаваць надта ж карціць!
Тацяна Сапач пасьля выхаду сваёй першай кнігі паэзіі “Восень”(1992 год) таксама таямніча “сыйшла ў цень” кожнадзённай творчай працы, перакладала з літоўскай і польскай моваў, доўгі час вяла на Літоўскім тэлебачаньні праграму “Віленскі сшытак”, нарадзіла і выхавала дачку, якая робіць першыя крокі ў літаратуры (Тэда Лі) таксама.
Кніга паэзіі “Няхай нас не пакіне Восень” (“DO NOT ABANDON US, AUTUMN”), якая выйшла ў бібліятэчцы “Дзеяслова” таксама незвычайная. Тацяна вяртаецца да сваёй ранейшай паэзіі, якая аніколькі не зрабілася набыткам літаратуразнаўцаў, якая па-ранейшаму можа інтрыгаваць, якая дорыць чытачу незвычайны настрой, нясе энергэтыку жыцьця.
Прыгадайма разам:
Мы – дзеці чорнага горада,
Мы выйшлі з ягонага чэрава,
Мы сталі ягоным голасам,
А голас не мае ценю…
Усе вершы паэтычнай кнігі Тацяны Сапач зьмяшчаюць побач пераклады на ангельскую мову легендарнай даследчыцы украінскай і беларускай літаратур Веры Рыч, а канчатковае рэдагаваньне іх спадарыняй Ірынай Дубянецкай (доктар філязофіі і тэалогіі, знаўца шматлікіх моваў), толькі дадало перакладам дакладнасьці і эстэтычнага бляску.
Безумоўна, з’яўленьне на свет паэтычных кніг Дубянецкай і Сапач, гэта не толькі “восеньскі” падарунак аматарам паэзіі; найперш гэта прыкметны маяк пасярод імклівых літаратурных плыняў сучаснасьці, які не заўважыць проста немагчыма.
Стэфанія Сож