Бібліятэкары набываюць кнігі для бібліятэк за свае грошы

Замест новай літаратуры чытачам у раённых бібліятэках прапануюць падшыўкі дзяржаўных газет.

На Магілёўшчыне бібліятэкам не хапае фінансавання. У гэтым годзе іх фонды амаль не папаўняліся. У бібліятэках набыццё новай літаратуры кладзецца на плечы бібліятэкараў.

У райцэнтры Клімавічы ўжо некалькі гадоў дзіцячая бібліятэка не мае свайго будынка. Яно згарэла. Цяпер бібліятэка для дзяцей размяшчаецца ў дарослай. Аб сітуацыі кажа супрацоўніца бібліятэкі: «Месцы нам не хапае. Дзецям вельмі дрэнна. Маленькае памяшканне. Нідзе нічога не адчынена. Сырое памяшканне, дзецям нязручна. Калі будаўніцтва пачнецца, невядома. Літаратура амаль не паступае. Фінансавання няма ніякага. Грошай няма. У гэтым годзе, наколькі я ведаю, мы набываем за свае грошы кнігі».

У Хоцімскім раёне бібліятэкі не зачыняюцца, сцвярджаюць бібліятэкары. Яны запэўніваюць, што вядзецца рэарганізацыя бібліятэчнай сістэмы. Бібліятэкі губляюць самастойны статус і становяцца часткай клубаў або музеяў. «А што з папаўненнем фондаў?» — Пытаюся ў супрацоўніцы Хоцімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі: «У гэтым годзе ў нас наогул праблемы з камплектаваннем. Мы практычна не камплектаваліся. Няма грошай. На цяперашні момант новай літаратуры ў нас няма», — адказала яна.

У Бабруйскім раёне ўдалося сустрэцца з супрацоўніцай рэарганізаванай вясковай бібліятэкі, што ў вёсцы Брожа, яе зрабілі клубам-бібліятэкай. Ці палепшыла рэарганізацыя яе працу?

«У нас наогул цяпер няма бібліятэкара. У нас загадчыца клубам выконвае функцыі бібліятэкара. Мы з хаты сваю літаратуру носім — у каго што ёсць. Музычныя работнікі прыносяць тое-сёе, бо фонд стары, а людзям, якія чытаюць, пастаянна, хочацца чагосьці новага «.

Замест новай літаратуры чытачам у раённых бібліятэках прапануюць падшыўкі свежых дзяржаўных газет і часопісаў. Грошы на іх вылучаюцца з раённага бюджэту.

nn.by, БелаПАН