БелаПАН: Вуліц імя Караткевіча і Быкава ў Гомелі не будзе

Неабходнасць перайменавання выклікана тым, што назвы некаторых вуліц Касцюкоўкі ўжо існуюць у абласным цэнтры. У адміністрацыі Чыгуначнага раёна падабралі некалькі новых варыянтаў, але канчатковы выбар пакінулі за мясцовымі жыхарамі і прадпрыемствамі. Так, па ініцыятыве работнікаў шклозавода вуліца Гомельская стане вуліцай Ламаносава. Менавіта гэтае імя некалі насіла прадпрыемства, а бюст Ламаносава і цяпер знаходзіцца каля адміністрацыйнага корпуса. Жыхары ў асноўным аддалі перавагу паэтычным назвах — Арэхавая, Яблыневая, Янтарная.

У тапанімічнай камісіі Гомельскага гарвыканкама БелаПАН пацвердзілі, што вуліц Быкава і Караткевіча ў Касцюкоўцы не будзе. Рашэнне гарсавета аб перайменаванні вуліц пакуль праходзіць юрыдычную экспертызу, а затым будзе апублікавана. "Былі прапановы пра Быкава і Караткевіча, але людзі не згадзіліся з такімі назвамі", - адзначыла старшыня тапанімічнай камісіі Ларыса Язерская.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Дробатава пракаментавала БелаПАН, што пры перайменаванні вуліц улічвалася меркаванне мясцовых жыхароў: праводзіліся абыходы па дамах і кватэрах, прапановы перадаваліся ў тапанімічную камісію. "Людзі не захацелі, каб былі такія назвы, як былі прапанаваныя, - Быкава і Караткевіча. Так вырашылі людзі", - падкрэсліла Дробатава.

http://naviny.by/