Беларусы на кніжным кірмашы ў Гётэборгу

Напрыканцы верасня ў шведскім Гётэборгу прашоў найбуйнейшы ў Скандынавіі кніжны кірмаш, які праводзіцца ад 1985 года. Сёлета ён меў сваёй галоўнай тэмай літаратуру Скандынаўскіх краін, бо акурат у 2012-м спаўняецца 60 гадоў з дня заснавання Паўночнай  Рады, рэгіянальнай арганізацыі супрацоўніцтва Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Фінляндыі і Швецыі, і 50 гадоў з моманту заснавання прэстыжнай Літаратурнай прэміі Паўночнай Рады, галоўнага партнёра Гётеборгскага кніжнага кірмаша.

Кніжны кірмаш у Гётэборгу.

Удзел у сёлетніх сустрэчах у Гётэборгу ўзялі 60 замежных пісьменнікаў і 100 шведскіх, былі сярод іх і беларускія літаратары. Нашу краіну прадставілі сябры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”: Дзмітры Плакс, які ўжо працяглы час жыве ў Стакгольме, а таксама Юля Цімафеева і Анка Упала.

На беларускай сцэне Юля Цімафеева і Дзмітры Плакс. 

 

Для Юлі Цімафеевай гэта першая вандроўка ў Гётэборг. Вось што яна кажа пра свае ўражанні:

“Гэта быў мой першы досвед удзелу ў кніжным кірмашы такога ўзроўню. Таму мне практычна ўсё было ў навінку. Вялізная колькасць самых разнастайных кніг наўкола, самых розных пісьменнікаў… Па-мойму, кожную хвіліну ва ўсіх кутках кірмаша праходзіла не менш за паўсотні самых розных мерапрыемстваў, з якіх кожны аматар літаратуры мог бы выбраць нешта сваё. Аўтаркі любоўных раманаў, закінуўшы нага за нагу, распавядалі пра тое, дзе яны чэрпаюць сваё натхненне. Дзіцячыя ілюстратары перад сваімі маленькімі прыхільнікамі стваралі цікавыя вобразы герояў проста ў “жывым эфіры”, а іх малюнкі дэманстраваліся на экранах. Праваабарончыя арганізацыі і валанцёры спрабавалі данесці да гётэборжцаў інфармацыю пра тыя праблемы, з якімі штодня сутыкаюцца жыхары краінаў Блізкага Ўсходу і Афрыкі.

І ўсё наўкола віруе, жыве. Асабліва мяне здзвіў склад наведнікаў кірмаша. Большасць з іх мілыя бабулі і дзядулі, таксама шмат бацькоў з маленькімі дзецьмі, хаця моладзі таксама было даволі шмат”.

Чарга тых, хто жадае купіць квіток на кірмаш.

Анка Упала каментуе свой удзел так:

“Быць удзельнікам кірмашу ў Гётэборгу — добрая загартоўка для аўтара. Наведнікі не стаяць на месцы, людзі прыходзяць купіць кнігі сабе і дзецям, паслухаць выступы любімых пісьменнікаў, узяць у іх аўтографы. Гэта велізарны чытацкі натоўп, які ўвесь час рухаецца. Сцэн і залаў, дзе адначасова адбываюцца розныя прэзентацыі, гутаркі і семінары, вельмі шмат. Таму трымаць ўвагу наведнікаў складана, асабліва калі ты невядомы ў Швецыі аўтар і, да таго ж, іншамоўны. І ўсё ж, мне падаецца, нашы выступы прайшлі даволі ўдала. Аўдыторыя была нешматлікая, але цёплая і ўважлівая, ніхто, здаецца, не збег. Вельмі зручна, што шведы збольшага добра валодаюць ангельскай мовай і пры патрэбе можна гаварыць з імі наўпрост, без перакладчыка. Дарэчы, менавіта на нашым стэндзе прэзентаваў сваю новую кнігу вядомы шведскі празаік Мікаэль Ніемі. Ягоны бэстсэлер "Папулярная музыка з Вітулы" перакладзены і на беларускую. Паўдзельнічаў у імпрэзах на беларускім стэндзе і Стэфан Эрыксан, да нядаўняга часу амбасадар Швецыі ў Беларусі. Было вельмі прыемна зноў яго ўбачыць і пачуць.

Мне падабаецца тое, наколькі ў Швецыі ўважліва ставяцца да таго, каб кожны пачуваўся паўсюль добра. На кірмашы я бачыла наведнікаў у электрычных інвалідных вазках ці на мыліцах, то бок, для іх не было праблемай трапіць на гэтае культурнае мерапрыемства і перасоўвацца па шматпавярховым будынку з мноствам павільёнаў. Гэта значыць, што прастора для іх зручная. Я ж згадала, як назірала спадара ў Мінску, які не мог узняцца з метро "Парк Чалюскінцаў", бо там не было пандуса.

З кніжнага кірмаша я з'ехала з дзіцячымі кніжкамі, якія купіла для свайго трохгадовага пляменніка. Яны па-шведску, але ў іх вельмі прыгожыя і зразумелыя ілюстрацыі. Можа, калі-небудзь ён зацікавіцца замежнымі мовамі, хачу, каб ён вырас шматмоўным”.

Прэсавая служба СБП