Беларусы сярод прэтэндэнтаў на "Нобелеўку" па літаратуры

Беларусы прэтэндуюць на Нобелеўскую прэмію-2010 па літаратуры. Але прэтэндэнцтва мае фармальны характар.

Беларусы, якія высоўваліся на атрыманне прэміі ў ранейшыя гады, застаюцца ў спісе кандыдатаў (за выключэннем памёршых). А значыць у спісе прысутнічаюць Рыгор Барадулін і Святлана Алексіевіч. Хаця поўны пералік застаецца засакрэчаным, вядома, што сёлета ў яго ўвайшоў семдзесят адзін пісьменнік.

Вялікія шансы атрымаць Нобеля па літаратуры маюць палякі, літаратуру якіх прадстаўляе Адам Загаеўскі. Яго імя брытанская букмекерская кампанія «Ladbrokes» называе ў ліку іншых імаверных пераможцаў — Томаса Транстрэмера са Швецыі, Ко Ун з Паўднёвай Карэі, сірыйца Алі Ахмад Саіда.

Сярод іншых кандыдатаў — пісьменнікі і больш знаёмыя: Умберта Эка, Мілан Кундэра, Харукі Муракамі. Ёсць і два расейскія — Бэла Ахмадуліна і Яўген Еўтушэнка.

    Пераможца ўжо абраны. А сёмага кастрычніка адбудзецца фармальнае галасаванне.

Тады і будзе абвешчана імя лаўрэата.

Што тычыцца суседзяў Беларусі, то расейцы атрымлівалі Нобеля па літаратуры пяць разоў (Іван Бунін, Барыс Пастарнак, Міхаіл Шолахаў, Аляксандр Салжаніцын, Іосіф Бродскі), палякі — чатыры (Генрык Сянкевіч, Уладзіслаў Станіслаў Рэймант, Чэслаў Мілаш, Віслава Шымборская). Латышы, літоўцы, украінцы — ніводнага.

nn.by