Беларускі Шэрлак Холмс у Гародні

Спачатку перакладчыца расказала пра пераклад мастацкай літаратуры на беларускую мову ўвогуле, пра гісторыю стварэння інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, пра з’яўленне яго кніжнай серыі “PostScriptum”, паказала выданні. Потым яна падрабязней спынілася на перакладзе гісторый пра Шэрлака Холмса, апавяла пра “падводныя камяні” працы над тэкстамі, патлумачыла, чым беларускі Холмс адрозніваецца ад рускага.

Пасля сярод удзельнікаў была праведзеная віктарына на веданне гісторыяў пра Шэрлака Холмса. Усе, хто правільна адказваў на пытанні, атрымлівалі ў якасці балаў закладкі з жартоўных “будзьмаўскіх” калекцый, прысвечаных жанчынам у гісторыі, а таксама прычынам, чаму беларусам не варта чытаць. Пераможцам зрабіўся той удзельнік, які сабраў найбольшую колькасць балаў (шэсць) — ён і атрымаў галоўны падарунак, майку з лозунгам “Культура паляпшае жыццё”.

Потым удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць Ганне пытанні пра беларускі пераклад, пра літаратуру і культуру ў цэлым, і ў выніку дыскусія зацягнулася на дзве гадзіны. Удзельнікі абмяркоўвалі і слоўнікі, якія перакладчык выкарыстоўвае ў працы, і прычыны папулярнасці беларускай мовы сярод моладзі, і тое, як пачаць перакладаць, і тое, што на беларускую мову трэба перакладаць найперш.

budzma.by