Беларускі хорар паводле Станкевіча. Як так?

Перш за ўсё кнігі Станкевіча — гэта сацыяльны хорар, жанр для Беларусі вельмі рэдкі. Дзеянне раманаў адбываецца ў недалёкай будучыні. Дзякуючы масавай культуры, дэградацыі розуму і розным вычварэнствам нашага часу свет, паводле аўтара, канчаткова звар’яцеў. Здарылася экалагічная катастрофа, людзі аказаліся ў стане анархіі і ўсё больш пачалі нагадваць паводзінамі жывёл… Хапае тут і фантастыкі, дзе могуць жыць вампіры, а мы ўсе знаходзімся ў сімуляцыі штучнай камп’ютарнай праграмы. У Беларусі ж у гэты час пануюць прыхадні, чужынцы, як называе Юры Станкевіч розных падрабязна апісаных ім кітайцаў, мурынаў, арабаў. Яны вядуць рэй, гандлююць наркотыкамі, учыняюць жахлівыя злачынствы і эксплуатуюць аўтахтонаў, беларусаў-ліцвінаў на іх ужо бязлесай і забруджанай зямлі. Былая Беларусь апынаецца недзе паміж Еўрабіяй і Чайнароссю.

За ўсё гэта Юрыя Станкевіча называюць самым ультраправым сучасным пісьменнікам. Часам на аўтара нападаюць за залішне адкрытыя сэксуальныя сцэны, ксенафобію, гамафобію і расізм. Прынамсі, усё гэтае пры жаданні ў кнігах можна знайсці і ў патрэбным кірунку вытлумачыць. Але з пункту гледжання літаратуры гэтым яго кнігі і асабліва цікавыя. Бо гэта заўсёды скандал і адсутнасць амаль любой паліткарэктнасці. Адмова ад самацэнзуры дае любому аўтару сапраўдны палёт думак. Творчасць Станкевіча непрадказальная, і за кожны новы раман альбо маленькае апавяданне бярэшся з хваляваннем. Яго творы — хутчэй адна з самых жудасных альтэрнатываў, якая можа чакаць чалавецтва і беларусаў. Гэта антыўтопія і фантастыка побач з нацыянальным самавызначэннем і катастрофай усяго беларускага. Усё гэта паказана ў радыкальнай форме гратэску, дзе няма аніякіх акалічнасцяў і сумневаў. Бацька аўтара быў рэпрэсаваны, і Станкевіч вельмі востра перажывае заняпад беларускай мовы, айчынных каштоўнасцяў і гісторыі. Наогул, чытаючы аўтара, можна засумнявацца ў стэрэатыпах наконт беларусаў: рахманасці, памяркоўнасці і талерантнасці. Альбо вам спадабаецца кніга, альбо захочацца ўласнаручна застрэліць пісьменніка. На ўласным досведзе — можна ўвесь тэкст не быць згодным з аўтарам, але кнігу абавязкова дачытаеш і марнаваннем часу тое дакладна не назавеш. Майстэрства, з якім Станкевіч валодае мовай, уражвае. Піша хвостка, з жорсткасцю, так, што адчуваеш увесь імпэт аўтарскіх думак, яго суворую эмацыянальнасць. Можа, таму, што кнігі Станкевіча нікога не пакідаюць раўнадушным, ён вельмі вядомы ў літаратурных колах… Але пры гэтым усім зусім не масавы пісьменнік. І тым не менш — адзін з самых культавых сучаснікаў у літаратуры. І тое цалкам справядліва.

Калі ж параіць, з чаго пачынаць, гэта будзе, вядома, “Любіць ноч — права пацукоў”. Кніга чытаецца на адным дыханні, вастрыня сюжэту не дае перапынку, і застаецца толькі здзіўляцца, да якіх думак і высноў прывядзе цябе неўтаймаваны аўтар.

Зміцер Копаць, budzma.by