Беларускі кніжны стэнд у Ляйпцыгу будзе працаваць 13—16 сакавіка

Мэта стэнда — прадставіць найноўшую інфармацыю стасоўна нашай краіны і яе культурных набыткаў, а таксама зацікавіць замежных выдаўцоў і кнігароў новымі імёнамі беларускай літаратуры.

На стэндзе будзе прэзентаваны англамоўны каталог Books from Belarus/“Кнігі з Беларусі”, з якога можна дазнацца пра апошнія творы Наталкі Бабінай, Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Віктара Марціновіча, Евы Вежнавец і іншых.

“Такі стэнд неабходны, каб пра нас і нашу літаратуру не забываліся, успаміналі, што мы існуем, што мы адметныя і не ёсць прыдаткам, скажам, расійскай культурнай прасторы, – кажа пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, чыё імя таксама з’явілася на старонках англамоўнага каталогу. – Ляйпцыгская выстава, у адрозненне ад іншых нямецкіх кніжных выставаў, у значнай меры арыентаваная на ўсходнія ад Германіі краіны, таму прысутнічаць на ім беларускай літаратуры сам Бог загадаў”.

У працы стэнда возьмуць удзел сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, “Літаратурнага Дома “Логвінаў” і моладзевага інтэрнэт-часопіса 34mag.net. Прадстаўляць беларускую літаратуру будзе першы ў нашай краіне літаратурны агент Дар’я Вашкевіч.

“Найноўшай беларускай літаратуры ёсць што сказаць свету, і Ляйпцыгскі кніжны кірмаш — выдатная магчымасць для таго, каб заявіць пра сябе і пашырыць кола ўдзячных чытачоў. Апроч таго, гэта шанец наладзіць кантакты з замежнымі выдаўцамі, якія патэнцыйна змогуць дапамагчы папулярызаваць нашую літаратуру на заходнім літаратурным рынку”, — дзеліцца сваімі чаканнямі Дар’я.

Акрамя таго, на Ляйпцыгскай кніжнай выставе ў межах беларуска-польска-ўкраінскай праграмы “Транзіт” адбудуцца выступы беларускіх літаратараў, гісторыкаў і фотамастакоў.

Расклад беларускіх выступаў у Ляйпцыгу:

 

13 сакавіка. Форум OstSudOst, Hall 4, E505

12-30. “Першая сусветная вайна на Ўсходзе”. З удзелам гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага.

14-00. “Сучасная фатаграфія Беларусі”. З удзелам фотамастакоў Андрэя Лянкевіча і Аляксандры Салдатавай.

 

14 сакавіка

8-00. “Першая сусветная: забытая літаратурай вайна”. З удзелам перакладчыцы Веры Дзядок. Ut Connewitz, Wolfgang-Heinze-Strasse 12a.

11-30.  “пARTызан. Як мастацтва дапамагае ствараць Беларусь”. З удзелам Артура Клінава, а таксама нямецкага перакладчыка беларускай літаратуры Томаса Вайлера і аўстрыйскага беларусазнаўцы Марціна Полака. Форум OstSudOst, Hall 4, E505

13-00. “Правіца ўзняла галаву”. З удзелам палітолага і эсэіста Яна Максімюка і ўкраінскага пісьменніка Юрыя Андруховіча. Форум OstSudOst, Hall 4, E505

14-00. “Літаратурны рынак: развіццё і перспектывы”. З удзелам перакладчыцы і культурнай мэнэджаркі Ірыны Герасімовіч, а таксама выдаўца беларускай літаратуры ў Нямеччыне Катарыны РаабэФорум OstSudOst, Hall 4, E505

15-00.“Беларусь у фокусе”. З удзелам літаратарак Веры Бурлак і Марыі Мартысевіч, а таксама перакладчыка Томаса Вайлера. Форум OstSudOst, Hall 4, E505

 

15 сакавіка

14-00.“Рускамоўная літаратура ва Ўкраіне і Беларусі”. З удзелам эсэіста Яна Максімюка і Веры Бурлак. Форум OstSudOst, Hall 4, E505

20-30. Паэтычныя чытанні “Сатурн. Чорныя малюнкі сям’і Гоі”. З удзелам Веры Бурлак. Польскі Інстытут у Ляйпцыгу, Markt 10.

Паводле прэс-рэлізу