Беларускамоўны Шэрлак Холмс завітаў у Магілёў (+фота)
Да магілёўцаў завіталі перакладчыца гісторыяў пра знакамітага дэтэктыва Ганна Янкута, менеджар праекта Ігар Крэбс і перакладчыца Алеся Башарымава.
Унізе: Ганна Янкута, Ігар Крэбс
Госці распавялі гісторыю збору сродкаў на выданне кнігі, Ганна Янкута раскрыла некаторыя падрабязнасці і тонкасці перакладу, расказала пра тое, чым беларускі Шэрлак Холмс адрозніваецца ад рускамоўных перакладаў і экранізацый.
Уверсе: Алеся Башарымава; Ганна Янкута і Алеся Башарымава; унізе: Міхась Булавацкі
Ігар Крэбс прадставіў свой пераклад «Прыгодаў барона Мюнхгаўзэна», які плануецца да выдання бліжэйшым часам, прачытаў урыўкі з твораў Генрыха Гейнэ.
Алеся Башарымава прэзентавала некалькі новых дзіцячых кніг, што яна пераклала са шведскай мовы, зачытала ўрыўкі з яшчэ не надрукаванай аповесці пра мумітроляў «Мемуары мумітаты».
А яшчэ госці зладзілі віктарыну на веданне прыгодаў Шэрлака Холмса з прызамі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», падпісалі ўсім жадаючым свае кнігі, і нават можна было атрымаць аўтограф-факсіміле самога Конан Дойла!
Алесь Сабалеўскі, фотаздымкі Алеся Сабалеўскага і Надзеі Бацілавай